Зэман рэзка асудзіў расейскую агрэсію, выказаў падтрымку Ўкраіне і заклікаў да вельмі жорсткіх санкцый супраць Крамля — у прыватнасьці, адключэньня Расеі ад міжнароднай сыстэмы фінансавай камунікацыі SWIFT.
Паводле Зэмана, ён уважліва праслухаў выступ Уладзіміра Пуціна і адзначае, што ніякія, магчыма дапушчаныя Захадам, памылкі ў мінулым не апраўдваюць дзеяньняў Расеі. Паводле Зэмана, расейскія ўлады зрабілі злачынства супраць міжнароднага міру.
Прэзыдэнт Чэхіі прызнаў, што памыляўся, калі гаварыў, што Расея не пачне вайны, бо «расейцы не вар’яты». «Вар’ятаў трэба ізаляваць» — заявіў ён.
Выступленьне Зэмана ацэньваецца ў Чэхіі як нечаканае. Прэзыдэнт Чэхіі карыстаецца рэпутацыяй аднаго з найбольш добразычліва настроеных да Крамля эўрапейскіх палітыкаў. У мінулым ён ставіў пад сумненьне неабходнасьць санкцый і неадназначна выказваўся аб анэксіі Крыму.