Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: генплян 1951 году і яго ахвяра — Стары горад


Брукаваньне новай шырокай вуліцы Калініна, якую працягнуць да моста празь Сьвіслач. 1949 год. Сам Нізкі рынак, які знаходзіцца за сьпінай фатографа, яшчэ доўга ня будуць чапаць.
Брукаваньне новай шырокай вуліцы Калініна, якую працягнуць да моста празь Сьвіслач. 1949 год. Сам Нізкі рынак, які знаходзіцца за сьпінай фатографа, яшчэ доўга ня будуць чапаць.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам. Чытайце кожную сераду і суботу.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая

Генплян 1951 году і яго ахвяра — Стары горад

Чалавеку, якому блізкія і дарагія гісторыя і культура Беларусі, нельга бяз болю чытаць шматлікія старонкі сакрэтных тлумачальных «запісак» да генплянаў 1946 і 1951 гадоў. Вось «Пояснительная записка» да Генпляну 1951 году:

«Район старого Минска — так называемая „Немига“, расположен в пойменной террасе реки Свислочь, к северо-западу от площади Свободы. Он характерен средневековой планировкой, изношенным строительным фондом, преимущественно кирпичным, со сроком службы отдельных зданий свыше 80 лет. Чрезвычайно узкие (9–12 м) и кривые улицы, полное отсутствие зелени при плотности застройки кварталов, достигающей в отдельных случаях 80%, создает в этом районе неблагоприятные антисанитарные условия.

Почти ежегодно в период весеннего паводка часть района затапливается водами р. Свислочь, а ручей „Немига“ — приток р. Свислочь (частично заключенный в трубу), протекающий через этот район, в период наводнения и сильных дождей подтапливает подвалы зданий... Строительный фонд района также серьезно пострадал, хотя и в меньшей мере, чем в центральном районе. Сплошь разрушены кварталы, расположенные на пойменной террасе и склонах холма».

Прайшло ўсяго 3 гады пасьля поўнага зносу часткова захаваных пасьля пажараў і разборак часоў акупацыі Нізкага рынку і кварталу паміж вуліцамі Дзям’яна Беднага і Вольнай, а архітэктары ўжо называюць гэтыя кварталы «сплошь разрушенными» падчас вайны.

Але ў гэтай цытаце галоўнае ня гэта. Галоўнае — стаўленьне да беларускай даўніны, адсутнасьць усялякай павагі да гісторыі. Пра старажытныя Замчышча і Нізкі рынак у генпляне абыякава пішуць як пра «пойменную террасу», а тысячагадовую рэчку беларусаў Нямігу, апетую аўтарам «Слова пра паход Ігара», архітэктары пагардліва называюць «ручей» і бяруць яго назву ў двукосьсе.

У гэты самы час па ўсёй Польшчы на вуліцах і ва ўстановах стаялі скарбонкі для збору сродкаў на адбудову цалкам зруйнаванага варшаўскага Starego Miasta. А ў Празе на Бэтлеемскім пляцы аднаўлялі гатычную Бэтлеемскую капліцу, дзе ў пачатку ХV стагодзьдзя служыў Ян Гус. Капліца ў ХVІІІ стагодзьдзі была перабудаваная ў жылы дом, і для яе аднаўленьня дом давялося разбурыць.

Панарамны выгляд пазасталых фрагмэнтаў забудовы вуліц Нова-Мясьніцкай, Завальнай і Замкавай у сярэдзіне 1950-х гадоў. На пярэднім пляне — добраўпарадкаваная тэрыторыя самага старажытнага мураванага кварталу Менску. Пасаджаны пяць гадоў перад тым сквэр на месцы кварталаў паміж Рыбным і Нізкім рынкам — даўняя мара камгасу НКВД — ужо дастаткова добра разросься. Над драўляным павільёнам крамы «Мебель» відаць татарскую мячэць.
Панарамны выгляд пазасталых фрагмэнтаў забудовы вуліц Нова-Мясьніцкай, Завальнай і Замкавай у сярэдзіне 1950-х гадоў. На пярэднім пляне — добраўпарадкаваная тэрыторыя самага старажытнага мураванага кварталу Менску. Пасаджаны пяць гадоў перад тым сквэр на месцы кварталаў паміж Рыбным і Нізкім рынкам — даўняя мара камгасу НКВД — ужо дастаткова добра разросься. Над драўляным павільёнам крамы «Мебель» відаць татарскую мячэць.

Працяг папярэдняга панарамнага здымку ў бок Нізкага рынку. Справа — паўразбураны комплекс дамоў, якія стаялі на рагу Нізкага рынку і правага цотнага боку вуліцы Дзям’яна Беднага. Над імі — некалькі камянічак паўночнага кута Нізкага рынку. У цэнтры — паўразбураная і часткова перабудаваная пад часовае жытло, накрытая дахам камяніца, якая цалкам можа быць колішнім будынкам Гродзкага суду або суседнім зь ім фрагмэнтам Мясных радоў.
Працяг папярэдняга панарамнага здымку ў бок Нізкага рынку. Справа — паўразбураны комплекс дамоў, якія стаялі на рагу Нізкага рынку і правага цотнага боку вуліцы Дзям’яна Беднага. Над імі — некалькі камянічак паўночнага кута Нізкага рынку. У цэнтры — паўразбураная і часткова перабудаваная пад часовае жытло, накрытая дахам камяніца, якая цалкам можа быць колішнім будынкам Гродзкага суду або суседнім зь ім фрагмэнтам Мясных радоў.

Нізкі рынак у сярэдзіне 1950-х гадоў. Выгляд зь месца былога кварталу паміж вуліцамі Дзям’яна Беднага і Гандлёвай. Па пэрымэтры рынку яшчэ заставалася некалькі захаваных будынкаў, якія былі прыстасаваныя для жыльля і іншых патрэбаў. Адзін са старажылаў сьцьвярджаў, што пасьля вайны на рынку нават быў разьмешчаны ваенкамат.
Нізкі рынак у сярэдзіне 1950-х гадоў. Выгляд зь месца былога кварталу паміж вуліцамі Дзям’яна Беднага і Гандлёвай. Па пэрымэтры рынку яшчэ заставалася некалькі захаваных будынкаў, якія былі прыстасаваныя для жыльля і іншых патрэбаў. Адзін са старажылаў сьцьвярджаў, што пасьля вайны на рынку нават быў разьмешчаны ваенкамат.

Яшчэ цытаты. Гэтым разам з асноўнага суправаджальнага тэксту да генпляну 1951 году.

"Уличная сеть города изобилует узкими, изломанными в плане направлениями (в наиболее старых районах города), затрудняющими развитие городского транспорта и организацию внутригородских магистральных связей, и поэтому нуждается в радикальной реконструкции».

«Одновременно со строительством основных магистралей города проведена значительная работа по благоустройству и реконструкции сети существующих жилых улиц. Часть из них расширены в своих габаритах (улицы Комсомольская, Энгельса, Интернациональная, Кирова и др.) и получили усовершенствованные покрытия».

«Характерной особенностью плана города Минска является маломерность его кварталов и в связи с этим густота уличной сети. В процессе новой застройки центральной части города кварталы укрупнены и некоторые улицы стали внутриквартальными проездами (Сергеевская, Оборонная, Свердловский переулок, Почтовая, частично Урицкого и др.), что также улучшает условия работы внутригородского транспорта».

«Сохранившиеся здания дореволюционного строительства — конца ХІХ и начала ХХ вв., своей невыразительной архитектурой повторяли обычные приемы, характерные для архитектуры провинциального губернского города».

«В результате массированных воздушных налетов и систематического разрушения, произведенных немецко-фашистскими захватчиками, подавляющее большинство капитальных зданий, особенно в центре, полностью были разрушены, и поэтому с началом восстановительного и нового строительства начался период формирования городского организма столичного города, отвечающего современным требованиям градостроительства с максимально целесообразным учетом сохранившейся уличной сети, строительного фонда и инженерного оборудования городской территории».

«Ширина основных магистралей принята:
а) для транзитных магистралей — 42–52 м.
б) для магистралей общегородского значения — 35–40 м.
в) для магистралей районного значения — 24–30 м.
г) для улиц местного значения — 15–20 м.».

«Особое место занимает проблема реконструкции центральной части города. Как указывалось выше, город в прошлом не имел ярко выраженного композиционного центра, достаточно просторных и удобных площадей. Положенная в основу первого послевоенного генерального плана (1945–1946 г.) композиция планировки центральной части города являлась результатом очень большой проектной работы с участием виднейших градостроителей СССР. За период 4-й сталинской пятилетки в процессе восстановления и реконструкции наиболее разрушенной центральной части города проект в значительной степени осуществлен в натуре».

«Габариты площади Свободы в основном уже сложились. Расположенные по её периметру колокольни церквей и костёлов в прошлом имели большое значение в формировании силуэта города и замыкали собой перспективы большинства радиальных подходов внешних магистралей. Современное столичное значение города, центра одной из передовых социалистических республик СССР, требует создания нового силуэта города путём введения в него новых современных высотных композиций, отображающих и подчеркивающих могучий рост народного хозяйства, национальной по форме и социалистической по содержанию культуры...

В генеральном плане предлагается на месте существующих в центре площади 2—3-этажных административных зданий, имеющих высокий процент амортизации, соорудить высотное здание для размещения административных и хозяйственных организаций».

І пры гэтым ці ня кожны разьдзел генпляну пачынаўся нязьменнымі рэвэрансамі ў бок старажытнасьці беларускай сталіцы — усё тая самая раздвоенасьць мысьленьня:

«Минск относится к числу очень древних городов нашей Родины. Впервые упоминание о нем как о крупном, сильно укрепленном поселении относится к середине ХІ века».

Гэтае ненатуральнае суседзтва фразаў кшталту «очень древний город нашей Родины» з плянамі, якія асуджалі Менск на канчатковае разбурэньне, спараджае пытаньне — нашто казаць пра старажытнасьць, каб пасьля ніводным словам не згадаць пра патрэбу аднаўленьня і рэстаўрацыі? Магчыма, гэта было данінай нейкай уяўнай пра­фэсійнай прыстойнасьці, своеасаблівым «добрым тонам» тагачасных архітэктараў? Часам здаецца, што згадкі пра старажытнасьць былі праявай эгаістычнага самасьцьверджаньня — чым больш даўні горад, тым больш ганарова ў ім будаваць. А можа тыя словы пісаліся толькі для таго, каб падвесьці «чытача» да гэтага абзацу:

«Город... в процессе своего исторического развития многократно подвергался пожарам и разрушениям».

Маўляў, нічога страшнага не адбываецца, адбудуем яшчэ раз.
Плянуючы татальнае разбурэньне старой часткі гораду, беларускія архітэктары адначасова стваралі ўтапічныя праекты, якія ніколі не былі рэалізаваныя. Архітэктар Аляксандар Воінаў пісаў у 1948 годзе:

«Мне партыя і ўрад даверылі спраектаваць для вас, дарагія рабяты, Палац піанераў. Гарсавет адвёў для гэтага будынка вялікі ўчастак зямлі, які раскінецца ад вуліцы Кірава праз Гарбарную аж да Сьвіслачы. Тут запруджаная рэчка ўтворыць штучнае возера, дзе пабудуецца дзіцячая водная станцыя. У вялікім парку Палаца будзе адбудован летні тэатр, разьмесьцяцца аранжэрэі, майстэрні юных механікаў і станцыі юнатаў».

А ў выніку ўсё, што замінала Н. Трахтэнбэргу і М. Андросаву, усё, што паводле іх было вузкае, крывое, ламанае, маламернае, што перашкаджала разьвіцьцю гарадзкога транспарту і не адпавядала «сучасным» патрабаваньням — усё гэта зносілася, спрашчалася і пашыралася. І якраз усё гэта трэба было дбайна і ашчадна захоўваць і рэстаўраваць. Але для разуменьня важнасьці рэстаўрацыі трэба ня толькі мець дастаткова культуры, ведаў і густу, каб дацэньваць каштоўнасьць той або іншай будыніны, трэба яшчэ мець свабоду выказваць свае погляды і свабоду ўвасабляць іх у жыцьцё.

А вось, да прыкладу, якую свабоду і якія эстэтычныя погляды мог выказаць у 1948 годзе Міхаіл Асмалоўскі, які ў 1945–1951 гадах (гэта значыць, у крытычны і найважнейшы для менскай даўніны час) працаваў начальнікам Упраўленьня па справах архітэктуры пры СНК БССР і браў актыўны ўдзел у праектаваньні будучага Менску. Менавіта Асмалоўскі спраектаваў забудову галоўнага праспэкту сталіцы і цяперашняга Кастрычніцкага пляцу:

«Гістарычныя рашэньні Цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі бальшавікоў аб мастацтве і музыцы цалкам адносяцца і да архітэктуры. ЦК партыі асудзіў сумбурнасьць, антынарод­насьць, дысананс у музыцы, прапанаваўшы савецкім кампазітарам стварыць музыку, зразумелую для народа...

Архітэктура таксама прайшла свой складаны шлях і нарадзіла многа стыляў і напрамкаў. Адным з іх быў так званы канструктывізм — гэта сумныя, не ласкаючыя вока чалавека, не натхняючыя яго, а, наадварот, адштурхваючыя яго каробкі. Ня меншай небясьпекай чым канструктывізм з’яўляецца фармалізм. Як і ў музыцы, ён чужы нам і антынародны. Фармалізм не ўлічвае пытаньня аб зручнасьці жыцьця для савецкага чалавека, ён адрывае сут­насьць ад формы... Наша архітэктура заўсёды павінна адпавядаць ідэі сацыялістычнага рэалізма».

Такі быў час, такія людзі і такія густы. Зрэшты, у Вільні помнікі пачалі рэстаўраваць з 1950 году. Кі­раўніцтва ж Беларусі і аўтары генпляну мысьлілі іншымі «эстэтычнымі» катэгорыямі. Маштаб таго мы­сьленьня добра выяўляе мэта «создание нового си­луэта города путём введения в него новых совре­менных высотных композиций» (гаворка ідзе пра Плошчу Свабоды!!) і яе вынік — банальны і звыродлівы ў тым асяродзьдзі будынак праектнага ін­стытуту на схіле ад Плошчы Свабоды да Нямігі на месцы старажытных муроў Школьнага двара, якія яшчэ Павал Шпілеўскі называў «особенно замеча­тельными».

Старонкі генпляну Менску 1951 году з апісаньнем дамавога фонду гораду.
Старонкі генпляну Менску 1951 году з апісаньнем дамавога фонду гораду.

Некалькі вышэйпададзеных цытат зьяўляюцца даволі вымоўнымі аргумэнтамі на карысьць «ненаўмыснага» варыянту адказу на пытаньне «Чаму разбурылі Стары горад?» Нізкі культурны ўзровень, пагарда да ўсяго беларускага і «заходняга», палон камуністычных ідэяў «сьветлага заўтра» і адпаведнай яму новай архітэктуры штурхалі аўтараў генпляну і яго заказчыкаў у кіраўніцтве БССР да канчатковага зносу Старога гораду. І яны гэта зрабілі.

Ведаючы сапраўдную гісторыю Менску, яго колішні эўрапейскі выгляд, цяжка пагадзіцца з фактам, што цяпер на месцы Замкавай гары зь дзясяткам старадаўніх вуліц і камяніцамі былой замкавай адміністрацыі на стромым беразе Сьвіслачы — роўнае поле зь некалькімі навабудамі.

І для беларусаў, і для іх сталіцы — гэта рана, якая пакуль не загаілася.

Кожны горад павінен разьвівацца, расьці і разбудоўвацца. У пэўных выпадках для арганізацыі патокаў транспарту можна ісьці і на зносы ня самай важнай пэрыфэрыйнай забудовы старых цэнтраў. Але для гэтага зусім не абавязкова зьнішчаць сам гістарычны цэнтар і пракладаць па ім дублёры галоўных транспартных артэрый гораду, як гэта было зроблена ў сталіцы Беларусі ў сярэдзіне — другой палове ХХ стагодзьдзя.

Стары цэнтар Менску складаўся з дзьвюх частак, якія былі і застаюцца яго гістарычнымі лёгкімі — гэта Верхні горад, з аднаго боку, і Нізкі рынак з Замчышчам, з другога. Сёньня адно гістарычнае лёгкае выдалена, Менску не хапае гістарычнага паветра і энэргіі, каб зрабіць магутны рывок у пасьпяховую культурную і палітычную будучыню, каб вярнуцца ў тую цывілізацыйную прастору, да якой ён належаў у вяках.

Гэта важна для краіны, для народу і для астатніх старых гарадоў Беларусі, якія таксама страцілі гістарычныя цэнтры.

Таму рэгенэрацыя Нізкага рынку і Замчышча з дэмантажам навабудаў і адсяленьнем іх жыхароў ва ўзьведзеныя непадалёк за дзяржаўны кошт новыя жылыя дамы, напрыклад, на той самы схіл ад Пішчалаўскага замку да вуліц Гарадзкі вал і Няміга, усё яшчэ зьяўляецца актуальнай задачай нацыянальнага парадку дня.

Беларусы павінны вярнуцца да сябе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG