Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: як стары цэнтар лёг пад шырокую трасу на Маскву

Вуліца Дзям'яна Беднага ў сваёй цэнтральнай частцы позьняй вясной 1942 году. У такім стане яна праіснавала да вызваленьня Менску.
Вуліца Дзям'яна Беднага ў сваёй цэнтральнай частцы позьняй вясной 1942 году. У такім стане яна праіснавала да вызваленьня Менску.

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам. Чытайце кожную сераду і суботу.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая

Трэст разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў

Ужо празь некалькі тыдняў пасьля вызваленьня быў створаны «Трэст разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў» і яго раённыя канторы.

Спэцыялісты трэсту курыравалі ўсю працу, зьвязаную са здабыцьцём будаўнічага матэрыялу на «аднаўленьне» Менску. Яны забясьпечвалі «разборшчыкаў» адпаведным начыньнем, вызначалі месцы працы, аб’ёмы заданьняў і нормы выпрацоўкі, а таксама разьмеркаваньне здабытага будматэрыялу. Трэст нават арганізоўваў нешта накшталт «курсаў падвышэньня кваліфікацыі» — удзельнікі «аднаўленьня» маглі авалодаць нескладанымі будаўнічымі прафэсіямі. Былі прыдуманыя спэцыяльныя тэхналёгіі для ачышчэньня цэглы ад рошчыны з выкарыстаньнем саматужных прыладаў і аднаўленьня іншага будаўнічага матэрыялу.

Паколькі сродкаў на аднаўленьне цагельняў і стварэньне новых будаўнічых камбінатаў у ваенных умовах не хапала, трэст стаў па першым часе асноўным пастаўшчыком будаўнічых матэрыялаў. І яго праца, натуральна, выклікала незадавальненьне высокага партыйнага начальства — патрэбныя былі новыя адміністрацыйныя будынкі і кватэры на Савецкай вуліцы. Пленум ЦК КП(б)Б у ліпені 1945 году прыняў пастанову «О ходе строительно-восстановительных работ в Белорусской ССР». Адзін з пунктаў пастановы гучаў так:

«Предложить Наркомгражданжилстрою, обкомам и горкомам КП(б)Б, облисполкомам и горисполкомам улучшить работу областных и городских стройтрестов по разборке разрушенных зданий и сооружений в городах и восстановлению строительных материалов. Создать при трестах мастерские по восстановлению стройматериалов и склады готовой продукции».

За некалькі месяцаў да заканчэньня вайны, у студзені 1945 году, у Дзяржаўным выдавецтве БССР у Менску выйшла брашура Л. Бірукова і А. Ісаевіча «Памятка участнику восстановления города Минска. Разборка разрушенных зданий и восстановление стройматериалов». У якасьці ўстановаў, пад патранажам якіх ажыцьцёўлена выданьне, фігуравалі Наркамат жыльлёва-грамадзянскага будаўніцтва БССР і Менскі трэст разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў.

Брашура Л. Бірукова і А. Ісаевіча «Памятка участнику восстановления города Минска. Разборка разрушенных зданий и восстановление стройматериалов».
Брашура Л. Бірукова і А. Ісаевіча «Памятка участнику восстановления города Минска. Разборка разрушенных зданий и восстановление стройматериалов».

У прадмове аўтары сфармулявалі крытэрыі, паводле якіх павінны разьбірацца разбураныя будынкі:

«Разборке подлежат: 1. Здания, совершенно разрушенные прямым попаданием бомб или в результате пожара. 2. Здания с выгоревшими перекрытиями, перегородками и кровлей, стены и простенки которых имеют крупные трещины по всей высоте, кладка стен выветрилась и неспособна воспринимать нагрузку. 3. Разрушенные отдельные части здания, которое в целом пригодно к восстановлению».

Аднак з далейшага тэксту вынікала, што аўтары дапускалі і разборку зусім захаваных будынкаў:

«При разборке... зданий способом валки должны соблюдаться следующие правила: а) Предварительно, идя сверху вниз, производится разборка кровли, перегородок, перекрытий и других элементов здания с соблюдением правил разборки. Территория возможного падения массива должна быть очищена от мусора, материалов и т. п. б) Допускается просечка перемычек и подготовка отдельных массивов к валке путём их подрубки...»

Інжынэрная інструкцыя для зносу старых сьценаў. Ілюстрацыя з «Памяткі...»
Інжынэрная інструкцыя для зносу старых сьценаў. Ілюстрацыя з «Памяткі...»

Падрабязнае азнаямленьне з тэкстам брашуры дазваляе зрабіць выснову, што галоўным клопатам і аўтараў, і арганізатараў выданьня было менавіта здабыцьцё будаўнічага матэрыялу на новае будаўніцтва ў Менску:

«При разборке зданий необходимо принимать меры для максимального сохранения в годном виде материалов и отдельных конструктивных частей зданий, как-то: деревянных и металлических балок, пиломатериалов, оконных переплётов, дверных полотен, труб и сантехприборов, электропроводки и т. п. Одновременно должны быть приняты меры к извлечению сохранившегося оборудования и инвентаря».

А далей — як правільна складаць дошкі, як абавязкова перад складаваньнем зь іх трэба выдзі­раць цьвікі, як лепш складаць цэглу ў штабялі, як яе ачы­шчаць ад рошчыны і г. д.:

«Доставленный к месту складирования материал должен быть рассортирован и уложен в установленном порядке. Металлические балки, арматура, а также лесоматериалы после рассортировки укладываются в штабеля на выровненных площадках по деревянным подкладкам».

Яшчэ адна ілюстрацыя з «Памяткі...»
Яшчэ адна ілюстрацыя з «Памяткі...»

Асаблівая ўвага надавалася транспартыроўцы. І асабліва ўражваюць яе спосабы. Мэханізацыі не прадугледжвалася практычна ніякай. Згаладнелыя і зьнясіленыя ў часы акупацыі, часта хворыя жанчыны і дзеці павінны былі ўсё гэта цягаць на сабе пад страхам пазбаўленьня харчовых картак:

«Очищенный камень носилками или на тачках транспортируется к месту укладки в штабеля... Бутовый камень сбрасывается в подвал, откуда транспортируется... носилками... Сыпучий материал: песок, щебень, строймусор транспортируется лучше всего на тачках или вручную в ящиках-око­рёнках (носилках), желательно с наплечниками. Транспортировка кирпича производится тачками, носилками или „козами“. Транспортировку мелкого металла и кирпича удобно производить на двуколках, имеющихся в значительном количестве у населения».

Менчукі памятаюць, як спэцыялісты Трэсту хадзілі па старых кварталах гораду, прыглядаліся ня толькі да руінаў, але і да добра захаваных або троху пашкоджаных пажарам дамоў (напрыклад, на вуліцах Камсамольскай або Інтэрнацыянальнай), як аббівалі тынкоўку, ацэньваючы якасьць цэглы і перакрыцьцяў, і калі яна іх задавальняла, то амаль цэлы дом «разьбіралі». Людзі навокал страшэнна пакутавалі ад недахопу жытла і тым ня менш маўчалі — ня той быў час.

Так выглядала старажытная вуліца Юраўская, якую бальшавікі назвалі Камуністычнай, у ліпені 1941 году. На здымку яе адрэзак паміж вуліцамі Энгельса (за сьпінай фатографа) і Ленінскай.
Так выглядала старажытная вуліца Юраўская, якую бальшавікі назвалі Камуністычнай, у ліпені 1941 году. На здымку яе адрэзак паміж вуліцамі Энгельса (за сьпінай фатографа) і Ленінскай.

Паўразбураны францішканскі кляштар XVIII стагодзьдзя на рагу вуліц Камуністычнай (справа) і Ленінскай. Так ён выглядаў пасьля нямецкіх расчыстак восені 1941 году і ў такім стане перажыў вайну.
Паўразбураны францішканскі кляштар XVIII стагодзьдзя на рагу вуліц Камуністычнай (справа) і Ленінскай. Так ён выглядаў пасьля нямецкіх расчыстак восені 1941 году і ў такім стане перажыў вайну.

Знос дамоў на вуліцы Камуністычнай Трэстам разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў з выкарыстаньнем працы менчукоў. Пастановачнае фота. 1945 год
Знос дамоў на вуліцы Камуністычнай Трэстам разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў з выкарыстаньнем працы менчукоў. Пастановачнае фота. 1945 год

Вуліца Камуністычная ў 1946 годзе пасьля працаў Трэсту разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў.
Вуліца Камуністычная ў 1946 годзе пасьля працаў Трэсту разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў.

Экскаватар разьбірае кучу друзу на месцы кляштару францішканаў XVIII стагодзьдзя і недабудаванага мураванага касьцёлу Антонія Падуанскага (1802 год). Так закончылася гісторыя будынку, у якім пасьля яго канфіскацыі ў 1832 годзе пасьлядоўна былі каталіцкая духоўная сэмінарыя, каталіцкая кансысторыя і менская гарадзкая ўправа. У 1920 годзе тут па-беларуску выступаў Юзэф Пілсудзкі.

А ў новапабудаваныя дамы на вуліцы Савецкай і яе навакольлях засялялі партыйных і савецкіх чыноўнікаў, афіцэраў МГБ, вайскоўцаў і іншых прадстаўнікоў савецкай эліты. Шараговыя менчукі стаялі ў чэргах на атрыманьне жытла да паловы 60-х гадоў.

Напярэдадні вайны на аднаго жыхара гораду прыпадала 4,5 квадратныя мэтры жылой плошчы, а ў 1951 годзе, нягледзячы на нібыта гераічныя высілкі ў аднаўленьні жытла, на аднаго менчука прыпадалі толькі 3,5 квадратныя мэтры. На практыцы, з улікам рознага рангу гарадзкіх жыхароў і іх прывілеяў, гэта азначала, што нехта жыў на адноўленай Савецкай вуліцы камфортна і прасторна, а нехта зь сям’ёй з 4–5 чалавек туліўся на 4–6 квадратных мэтрах гарышча ці падвалу.

Актыўнымі памочнікамі «Трэсту разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў» былі члены і старшыні вулічных камітэтаў, якія былі створаныя ўжо праз два-тры дні (!) пасьля вызваленьня. Такая хуткасьць не пакідае сумненьня, што гэта была заплянаваная і добра прадуманая яшчэ да вызваленьня гораду стратэгія. Яшчэ не было вядома, колькі і чаго ў Менску разбурана, яшчэ ішлі налёты на «чыгуначныя вузлы» і «аэрадромы» праціўніка, а савецкія ўлады ўжо добра ведалі, як яны будуць аднаўляць сталіцу БССР.

У абавязкі вулічных камітэтаў, якіх у Менску было больш за 100, уваходзіла і арганізацыя выхаду жыхароў пэўнага кварталу на прымусовыя працы, і агітацыя ў гэтым самым квартале. Таму дырэктывы аб «узмацненьні» і «падвышэньні» прыходзілі ня толькі ў райкамы і выканкамы, але і ў вулічныя камітэты.

Той самы намесьнік наркама жыльлёва-грама­дзянскага будаўніцтва БССР В. Каменскі рапартаваў, што паводле стану на 15 лістапада,

«разобрано, очищено и уложено в штабеля свыше 4 миллионов штук кирпича, заготовлено 2230 кубометров щебня, 4972 тоны разного металла и другие материалы».

1 красавіка «Советская Белоруссия» паведаміла, што з кастрычніка 1944-га па сакавік 1945-га на «восстановлении» Менску адпрацавана 800 000 «человеко-часов» і сабрана больш за 6 мільёнаў цаглінаў. Пасьля былі наступныя рубяжы — 8 мільёнаў штук цэглы, 10 мільёнаў...

Такой убачыў панараму гістарычнага цэнтру Менску фотакарэспандэнт БЕЛТА Ўладзімер Лупейка ў ліпені 1944 году. Здымак зроблены з будынку Дзяржаўнага банку БССР, што стаяў на рагу вуліц Савецкай і Ленінскай. Лявей уверсе — напалову разбураныя і спаленыя будынкі бэнэдыктынскага жаночага кляштару і касьцёлу сьвятога Войцеха.

Правая частка панарамнага здымку Ўладзімера Лупейкі. У цэнтры добра відаць трасу вуліцы Энгельса і спалены дамініканскі касьцёл Тамаша Аквінскага.
Правая частка панарамнага здымку Ўладзімера Лупейкі. У цэнтры добра відаць трасу вуліцы Энгельса і спалены дамініканскі касьцёл Тамаша Аквінскага.

А вось так выглядала месца панарамнага здымку Ўладзімера Лупейкі ў 1946 годзе пасьля сапёрных выбухаў і працы Трэсту разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў.
А вось так выглядала месца панарамнага здымку Ўладзімера Лупейкі ў 1946 годзе пасьля сапёрных выбухаў і працы Трэсту разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў.

Вось як зносы старых будынкаў у першыя месяцы пасьля вызваленьня гораду апісаў іх сьведка — менскі пісьменьнік Аляксандар Станюта:

«Здесь, в центре города, вернее того, что от него осталось, взрывали и сносили полуразрушенные здания. Лучшего зрелища нельзя было придумать. Солдаты с красными флажками оцепляли пустырь вокруг и пересвистывались милицейскими свистками. Мальчишки из ближайших улиц, все прохожие рассаживались на камнях, на грудах кирпичей. Все ждали — долго, терпеливо.

И вот тяжелая каменная глыба глухо бухала нутром, окутывалась пылью, дымом, вздрагивала, оседала и рассыпалась в прах.

Долго не уходило огромное облако на месте взрыва. Долго не удавалось увидеть груды камней там, где только что стояли толстенные стены. Все смотрели как завороженные, как смотрят на огонь, пожар. Все молчали и не спешили расходиться. Не спешили мальчишки и женщины, немецкие военнопленные в своей оборванной и выцветшей, когда-то армейской одежде. Не спешили военные, направлявшиеся перед этим к Дому Красной Армии...»

Аляксандар Станюта ў часе, які ён апісвае, жыў у будынку езуіцкага калегіюму на Плошчы Свабоды і, адпаведна, бачыў тое, што адбывалася ў яго на­вакольлі. У гэтай цытаце словы «толстенные сте­ны» недвухсэнсоўна сьведчаць, што выбухамі зьні­шчаліся старадаўнія будынкі XVII—ХІХ стаго­дзьдзяў, бо ў ХХ стагодзьдзі сьцены будаваліся ўжо вузейшыя, дый не было, фактычна, у старым цэн­тры Менску камяніцаў новых.

Асаблівым дзікунствам уладаў БССР трэба прызнаць знос практычна цалкам захаванай самай старой мураванай вуліцы Менску — Дзям’яна Беднага (Казьмадзям’янаўскай), і захаванай паловы дамоў паміж Дзям’яна Беднага і Вольнай — самага старога мураванага кварталу Менску, які існаваў у горадзе з XVII стагодзьдзя.

Вуліца Дзям’яна Беднага цудоўным чынам перажыла вайну, страціўшы вонкавыя фасады толькі 3–4 будынкаў, пра што пераканаўча сьведчаць нямецкія аэрафотаздымкі 8 і 22 ліпеня 1944 году. Спаленыя дахі на гэтай вуліцы можна было лёгка аднавіць, як гэта было зроблена на многіх іншых спаленых у вайну будынках, што захаваліся да нашага часу, напрыклад, на вуліцах Урыцкага, Валадарскага і шмат дзе яшчэ.

22 ліпеня 1944 году. Цудам захаваная ў вайну самая старая мураваная вуліца Менску — Казьмадзям’янаўская (Дзям’яна Беднага), якая праіснавала ў Менску 480 гадоў і была зьнесеная пасьля вайны.
22 ліпеня 1944 году. Цудам захаваная ў вайну самая старая мураваная вуліца Менску — Казьмадзям’янаўская (Дзям’яна Беднага), якая праіснавала ў Менску 480 гадоў і была зьнесеная пасьля вайны.

На правым баку ў ніжняй частцы вуліцы Дзям’яна Беднага вайну перажыла камяніца XVII—XVIIІ стагодзьдзяў, якая некалі належала менскаму бурмістру Мацею Бальцаровічу, у верхняй частцы вуліцы зьлева ў перабудаваным выглядзе захаваўся будынак, дзе з XVII стагодзьдзя былі аптэка і пошта. Ва ўнутранай частцы кварталу паміж вуліцамі Дзям’яна Беднага і Вольнай яшчэ захоўваліся значныя фрагмэнты камяніц Валадковічаў.

Масавыя разборкі і зносы працягваліся да 1947 году, выбарачныя — і ў наступныя гады. Былі ра­забраныя асобныя дамы і цэлыя кварталы з франтальнай і ўнутрыквартальнай забудовай на вуліцах Валадарскага, Інтэрнацыянальнай, Калініна, Камсамольскай, Камуністычнай, Леніна, Астроўскага, Рэвалюцыйнай, Рэспубліканскай, Урыцкага, Энгельса і іншых.

Фрагмэнт нямецкага здымку 22 ліпеня 1944 году. Добра відаць, што каробкі старадаўніх камяніц на паўднёва-усходнім баку Плошчы Свабоды цалкам захаваліся.
Фрагмэнт нямецкага здымку 22 ліпеня 1944 году. Добра відаць, што каробкі старадаўніх камяніц на паўднёва-усходнім баку Плошчы Свабоды цалкам захаваліся.

Усходні кут Плошчы Свабоды ў 1945 годзе. Увесь паўднёва-ўсходні фронт забудовы плошчы, за выключэньнем гатэлю «Эўропа», у вайну захаваўся і мог быць адноўлены. Касьцёл Тамаша Аквінскага чорны ад куродыму. У цэнтры — ужо часткова падарваныя сапёрамі Трэсту разборкі і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў руіны вельмі старых дамоў (не пазьней за XVIIІ стагодзьдзе), якія, паводле створанага ў пачатку ХХ стагодзьдзя пляну Тадэвуша Корзуна, належалі Ігнату Катніцкаму і падкамораму менскага ваяводзтва Міхалу Жыжэмскаму. Уражвае амаль 2-мэтровая таўшчыня сьцен камяніцы на рагу з вуліцай Энгельса.

Мэце хутчэйшага разьмяшчэньня партыйна-савецкай намэнклятуры і камуністычнай карнай машыны ў новых будынках былі прынесеныя ў ахвяру дзясяткі помнікаў грамадзянскай і культавай архітэктуры Менску, напрыклад, добра захаваны першы мураваны паверх Гродзкага суду XVII—XVIІІ стагодзьдзяў на Замчышчы (беларускія навукоўцы 1920-х гадоў лічылі, што менавіта ў гэтым будынку ў 1862 годзе знаходзілася друкарня Кастуся Каліноўскага), мураваныя фрагмэнты Мясных радоў Нізкага рынку, езуіцкі калегіюм зь вежай на Плошчы Свабоды, самы вялікі храм гораду — дамініканскі касьцёл сьвятога Тамаша Аквінскага XVII стагодзьдзя з кляштарам на вуліцы Энгельса, Францішканскі кляштар XVII стагодзьдзя на рагу вуліц Камуністычнай і Леніна, палац Сапегаў (XVII стагодзьдзе) на Акцябрскай, палац Чапскіх (ХІХ стагодзьдзе) на Савецкай, камяніцы Катніцкага і Жыжэмскага XVIIІ стагодзьдзя на паўднёва-ўсходнім баку Плошчы Свабоды пры яе стыку з вуліцай Энгельса і многія іншыя каштоўныя будынкі, якія захаваліся да ХХ стагодзьдзя ў перабудаваным выглядзе і маглі быць адноўленыя ў наш час.

Траса самай вузкай мураванай вуліцы Новага гораду — Луначарскага — у 1946 годзе.
Траса самай вузкай мураванай вуліцы Новага гораду — Луначарскага — у 1946 годзе.

Рыцьцё катлавану пад будучы праспэкт Сталіна. Выгляд з боку былой вуліцы Луначарскага. 1949 год
Рыцьцё катлавану пад будучы праспэкт Сталіна. Выгляд з боку былой вуліцы Луначарскага. 1949 год

Першымі справілі ўлазіны супрацоўнікі беларускага МГБ — дом, дзе КГБ месьціцца і сёньня, стаў першым пабудаваным гмахам на новай Савецкай вуліцы. Гэта адбылося ў 1947 годзе. Ніхто сёньня не падлічыць, колькі пры муроўцы яго сьцен было выкарыстана цэглы XVII або XVIII стагодзьдзяў. У пэўным сэнсе — гэта таксама помнік менскай даўніны.

Будынак МГБ БССР стаў першым пабудаваным гмахам на новай Савецкай вуліцы. 1947 год.
Будынак МГБ БССР стаў першым пабудаваным гмахам на новай Савецкай вуліцы. 1947 год.

Зрэшты, значным помнікам даўніны трэба лічыць усю галоўную вуліцу беларускай сталіцы.

Па-першае, і іншыя будынкі на ёй узьведзеныя з выкарыстаньнем будаўнічага матэрыялу з разабраных старых дамоў. На кінахроніцы 1950-х гадоў добра відаць, што муляры кладуць сьцены, напрыклад, дому №23 на сёньняшнім праспэкце Незалежнасьці (з унівэрсамам «Цэнтральны»), выкарыстоўваючы менавіта старую цэглу, якая складзена на паверхах у акуратныя штабэлі.

Па-другое, сёньняшнія менчукі не маглі не заўважыць якасьць асфальтавага пакрыцьця праспэкту Незалежнасьці, якое амаль ніколі не псуецца. Абазнаныя ў будаўніцтве дарог людзі ведаюць, што гэта тлумачыцца добрай «падушкай». І гэта праўда. Пры рэканструкцыі вуліцы Савецкай пад палатно будучага праспэкту быў выкапаны даволі глыбокі катлаван, і ў яго засыпалі тысячы тон будаўнічага друзу, які застаўся пасьля працаў, арганізаваных сапёрамі і «Трэстам разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў» у старой частцы гораду.

Сымбалічна і містычна старажытны Менск лёг пад шырокую і якасную дарогу на Маскву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG