Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»: трагедыя 24 чэрвеня 1941 году і працэнты прапаганды


Панарамны здымак старой часткі Менску зь нямецкага самалёта. У цэнтры — ужо расчышчаная немцамі вуліца Ленінская. Восень 1941 году
Панарамны здымак старой часткі Менску зь нямецкага самалёта. У цэнтры — ужо расчышчаная немцамі вуліца Ленінская. Восень 1941 году

Радыё Свабода публікуе фрагмэнты другога тому кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». У кнізе расказваецца, як Менск у ХХ стагодзьдзі страціў сваю самую старую частку — раён Замчышча, Нізкага і Рыбнага рынкаў, які называўся Старым горадам. Чытайце кожную сераду і суботу.

«Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня». Кніга першая.

Працэнты прапаганды

Трагічная дата — 24 чэрвеня 1941 году, 9:40 раніцы — мусіла б стаць для сучасных менчукоў днём смутку, і адзначаць яго варта было б так, як у Японіі адзначаюць даты атамных бамбаваньняў Хірасімы і Нагасакі.

У той дзень пачалася першая і самая моцная нямецкая бамбёжка гораду. Налёты хвалямі працягваліся да дзевяці гадзін вечара. З матэрыялаў асабістага архіву кіраўніка Беларусі Панцеляймона Панамарэнкі вынікае, што хваляў-налётаў было ня менш за 18, і ў кожным зь іх бралі ўдзел па 35-40 самалётаў.

Трагічнае фота ахопленага пажарамі Менску, зробленае зь нямецкага самалёта. Гараць Траецкая гара, Камароўка, Залатая Горка, забудова вуліц Пралетарскай, ніжнія часткі Кастрычніцкай, Камуністычнай, Савецкай і інш. 24 чэрвеня 1941 году.
Трагічнае фота ахопленага пажарамі Менску, зробленае зь нямецкага самалёта. Гараць Траецкая гара, Камароўка, Залатая Горка, забудова вуліц Пралетарскай, ніжнія часткі Кастрычніцкай, Камуністычнай, Савецкай і інш. 24 чэрвеня 1941 году.

Тое, што рабілася ў наступныя дні, ня мела ўжо вялікага значэньня. У горадзе пачаўся вялікі пажар. Паніка і ўдалы сабатаж закінутых у Беларусь нямецкіх дывэрсантаў зрабілі сваю справу. Перасталі працаваць сувязь, водаправод, каналізацыя, зьнікла электрычнасьць.

Калі пад вечар 28 чэрвеня ў Менск увайшлі нямецкія войскі, цэнтар гораду дагараў. На здымках таго дня відаць, як над руінамі дома на рагу вуліцы Вольнай і Плошчы Свабоды яшчэ віецца дым. Паводле ўспамінаў менчукоў, руіны па ўсім горадзе тлелі і дыміліся яшчэ некалькі тыдняў.

Вось некалькі цытатаў, якія сьведчаць пра важнасьць адказу на пытаньне колькі, калі і кім было разбурана ў гістарычным цэнтры сталіцы Беларусі:

«Мінск у першыя дні пасьля вызваленьня ляжаў у руінах. Такімі выглядалі яго цэнтар, значная частка Савецкай вуліцы, унівэрсытэцкі гарадок. З 332 прадпрыемстваў ацалелі 19. Акупанты зьнішчылі 79 школ і тэхнікумаў, 80% жылога фонду».

«Освобождённый 3 июля 1944 г. Минск представлял страшную картину. Был разрушен центр города, железнодорожный узел, уничтожено 313 предприятий, 80% жилого фонда, 78 школ, техникумов, институтов. Казалось, потребуются многие десятилетия для того, чтобы возродить город, чтобы в новых квартирах минчан вечером зажглись огни. Однако действительность превзошла все оптимистические прогнозы...»

Апошнія прадстаўнікі савецкай намэнклятуры пакідаюць спалены Менск. Раён Залатой горкі, зьлева могілкі і спалены касьцёл. 25 чэрвеня 1941 году.
Апошнія прадстаўнікі савецкай намэнклятуры пакідаюць спалены Менск. Раён Залатой горкі, зьлева могілкі і спалены касьцёл. 25 чэрвеня 1941 году.

«За годы войны немецкие оккупанты причинили гор. Минску огромные разрушения. Были сожжены и основные предприятия города. Почти полностью были уничтожены: три кирпичных завода, кирпично-клинкерный завод, изразцовый завод, черепичный завод, стекольный завод „Пролетарий“, зеркальная фабрика, станкостроительный завод им. Кирова, вагоноремонтный завод им. Мясникова, весовой завод „Ударник“, завод цепей Галля им. Чкалова, 10 хлебозаводов и пекарен, кондитерская и бисквитная фабрики, швейные фабрики: „Октябрь“, „КИМ“, „8-е марта“ и им. Крупской, мясокомбинат, обувная ф-ка им. Кагановича и др.

Почти все общественные здания за время оккупации были полностью разрушены или частично повреждены. Полностью разрушены: Госбанк, Промбанк, почтамт, б. здание ЦК КП(б)Б, кино „Красная звезда“, „Пролетарий“ и „Интернационал“, клубы совторгслужащих, строителей, пищевиков, металлистов, Дом учёных, Верховный суд БССР, Управление милиции, Гушосдор, Белгоспроект, два корпуса клинического городка, Академия наук, Университетский городок, все школы, Дворец пионеров, центральный универмаг, гостиница „Европа“, три бани и много других зданий.

Разрушено и повреждено 5975 жилых домов с жилой площадью 803,5 тыс. кв. м или 70% довоенного жилфонда».

«В период вторжения и оккупации Белоруссии не­мецко-фашистскими войсками г. Минску были нанесены огромные разрушения: промышленность, жилищное и коммунальное хозяйство на 60–70%. Особенно сильно был разрушен Центральный район города Минска, где сосредотачивались основные культурные и административно-хозяйственные учреждения республиканского, областного и городского значения, а также капитальные многоэтажные жилые дома. По наиболее интенсивно застроенным улицам: Энгельса, Ленина, Советской, К. Маркса, Кирова — были превращены в груду развалин целые кварталы и сохранились только отдельные коробки».

Абвешчаны разбураным немцамі будынак ЦК КП(б)Б пасьля вызваленьня Менску. 1944 год
Абвешчаны разбураным немцамі будынак ЦК КП(б)Б пасьля вызваленьня Менску. 1944 год

«В гор. Минске немцами сожжены следующие промышленные предприятия: станкостроительный завод „Ударник“, паровозоремонтный завод имени Мясникова, автозавод имени Чкалова, завод цепей Галя, механические мастерские „Красный металлист“, станкостроительный завод имени Кагановича, электрозавод, стеклозавод, молочный завод, обувная фабрика имени Кагановича, швейные фабрики „Октябрь“ и имени 8 Марта, бисквитная фабрика „Коммунарка“, а также железнодорожное депо и трамвайный парк.

Разрушены здания: Академии наук, Дома Красной армии, политехнического института, Дома специалистов, Госбанка, почты и телеграфа, кинотеатра „Красная Звезда“ и ряд других. Всего разрушено более 65% жилого фонда города».

«Если учесть жилую площадь домов, сданных в эксплуатацию накануне Отечественной войны, то жилая площадь по городу составляла 1209 тыс. кв. м, причем, 37% жилой площади падает на каменные и 63% на деревянные строения... По предварительным данным инвентаризационного бюро Горисполкома на 1.1.1946 г., сохранившаяся жилплощадь после оккупации и восстановленная за период 1944–1945 гг. составляла около 656 тыс. кв. м. Таким образом, было разрушено 54,2% всего жилого фонда города».

Першыя дзьве з гэтых цытатаў належаць сучасным аўтарам, перадапошняя ўзятая з сакрэтнага ліста наркома НКВД Л. Бэрыі ад 11 ліпеня 1944 году на імя І. Сталіна, В. Молатава і Г. Малянкова, астатнія тры паходзяць з розных частак Генэральнага пляну Менску, створанага ў інстытуце «Белдзяржпраект» у 1950–1951 гадах пад грыфам «Сакрэтна».

З цытатаў вынікае, што лічба «80% жылога фонду», калі гаворка ідзе пра разбурэньне Менску падчас вайны, сёньня ўжо агульнапрынятая. Тым часам у ацэнках аўтараў Генпляну 1951 году гэтая лічба вагалася ад 60% да 70%. І, нарэшце, паводле дадзеных інвэнтарызацыйнага бюро менскага гарвыканкаму ад 1 студзеня 1946 году, працэнт разбуранага жылога фонду ў горадзе складаў 54,2%.

Паколькі дзьве першыя цытаты паходзяць з публічных тэкстаў, а астатнія — ранейшыя па часе — з тэкстаў сакрэтных, прызначаных для абмежаванага кола адказных асобаў, дык зразумела, што лічбы і маштабы разбурэньняў Менску падчас апошняй вайны наўпрост закраналі інтарэсы савецкай ідэалёгіі і прапаганды.

Абвешчаны разбураным немцамі будынак Дзяржаўнага банку БССР пасьля вызваленьня Менску. 1944 год
Абвешчаны разбураным немцамі будынак Дзяржаўнага банку БССР пасьля вызваленьня Менску. 1944 год

У гэтым даволі вялікім разыходжаньні праяўляецца выразная тэндэнцыя называць у публічных тэкстах максымальныя лічбы разбурэньняў, якія прыпісваюцца немцам. Тэндэнцыя гэтая ішла з часоў вайны і была падтрыманая (і ініцыяваная) на самым версе савецкай уладнай піраміды. Мы бачым, што Бэрыя ў ліпені 1944 году называў лічбу 65%, тым часам як праз два гады менскія ўлады ацэньвалі разбурэньні на 54,2%.

Насамрэч разбурэньне гістарычнай часткі Менску застаецца сапраўднай «белай плямай» беларускай гісторыі. Калі для савецкай прапаганды і савецкай гістарычнай навукі (як часткі тае прапаганды) у гэтай справе было ўсё ясна і зразумела, дык насамрэч тут не вядома нічога. Няма адказаў на галоўныя пытаньні: колькі разбурана, кім менавіта і калі. І ніхто сярод гісторыкаў ніколі не задаўся мэтай знайсьці на іх адказы.

Толькі два навукоўцы мімаходзь (адным-двума сказамі) акрэсьлілі наяўнасьць праблемы. Вось што пісаў гісторык менскай архітэктуры Расьціслаў Баравы:

«...Каменная застройка административно-делового центра, сложившегося в ХІХ — первой половине ХХ в., лежала в развалинах. Более-менее сохранялась только застройка собственно исторического центра Минска ХVI—XVIII вв. — районов Немиги, Замчища и частично площади Свободы... Не написана еще история архитектурных утрат нашего города — история сноса района Замчища (1950–1960-е гг.) и Немиги (1960–1970-е гг.), отказа от сохранения и реставрации поврежденной гражданской застройки XVIII—ХIХ вв. по периметру площади Свободы и т. д.»

У сваю чаргу беларускі гісторык у Польшчы Юры Туронак зьвярнуў увагу на паасобныя аспэкты гэтай праблемы і адзначыў наступнае:

«Асабліва выяўны характар у часе савецкай эвакуацыі набыла дзейнасьць групаў зьнішчэньня, т. зв. „истребительных батальонов“, сярод іх заданьняў значылася, між іншым, руйнаваньне будынкаў агульнаграмадзкага ўжытку, жылых дамоў і іншых публічных збудаваньняў. У батальёны набіралі часьцей за ўсё камсамольцаў, якія не падпадалі пад мабілізацыю... На ўсходзе Беларусі... дзейнасьць „истребительных батальонов“ падтрымлівалася сіламі арміі... Страты, панесеныя ад дзейнасьці гэтых групаў, ніколі не выяўляліся і не падлічваліся. Пасьля вайны іх сьпісвалі на нямецкіх акупантаў».

І яшчэ адна яго заўвага:

«Тагачасны Менск (у 1942 годзе — С. А.) быў невялікім горадам — ён налічваў трохі больш як 100 тыс. жыхароў... Налёты нямецкай авіяцыі ды зьнішчальныя акцыі савецкіх войскаў пры адступленьні пакінулі ў ім значныя разбурэньні. Адносна менш пацярпелі прамысловыя прадпрыемствы, якія разьмяшчаліся на ўскраінах гораду...»

Вуліца Ленінская пасьля нямецкіх падрываў і расчыстак. 1942 год.
Вуліца Ленінская пасьля нямецкіх падрываў і расчыстак. 1942 год.

Ю. Туронак, пішучы пра дзейнасьць «истребительных батальонов», зьвяртае ўвагу на татальныя спусташэньні, спрычыненыя імі на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Сапраўды, пры адыходзе саветаў былі цалкам спаленыя Віцебск, Полацак, Ворша і іншыя гарады. Згадкі пра гэта можна знайсьці ва ўспамінах расейскіх эмігрантаў з НТС. Піша пра гэта і сам Туронак.

Менш вядома, што ў тыя некалькі дзён, калі савецкая адміністрацыя Менск пакінула, а немцы яшчэ не прыйшлі — 25–28 чэрвеня — у горадзе актыўна дзейнічалі савецкія дывэрсанты, дасланыя з пакуль кантраляванай Чырвонай арміяй тэрыторыі Магілёўшчыны. Яны падпальвалі найбольш важныя для саветаў аб’екты — сярод іх была, напрыклад, абласная ўправа міліцыі ў раёне цяперашняй вуліцы Янкі Купалы.

Татальны пажар Менску ў тыя дні — вынік ня толькі бамбаваньняў нямецкай авіяцыі і адсутнасьці пажарных, але і тых савецкіх падпалаў. Яшчэ зусім нядаўна ў Менску жылі людзі — сьведкі тых падзеяў. Іх сьведчаньні таксама сталі адной з крыніц для напісаньня гэтай кнігі.

У трэцяй з вышэйпададзеных цытатаў пра маш­табы разбурэньняў сярод пераліку цалкам зьнішчаных немцамі аб’ектаў некаторыя пазначаны тлустым шрыфтам. Гэта тыя будынкі, якія насамрэч захаваліся — толькі некаторыя зь іх пацярпелі ад пажару. Прынамсі два будынкі з таго пераліку — Управа міліцыі і Дом піянэраў — былі спаленыя савецкімі зьнішчальнымі батальёнамі або дывэрсантамі. Дзяржбанк на Савецкай вуліцы, Клюб будаўнікоў на рагу Энгельса і Камуністычнай, некаторыя будынкі ўнівэрсытэцкага гарадка захаваліся цэлыя або пашкоджаныя пажарам і былі зьнесеныя пасьля вайны. Астатнія можна ўбачыць у Менску і сёньня.

Ёсьць у трэцяй цытаце ў пераліку зьнішчаных цалкам будынкаў і фраза «ўсе школы». Тым часам вядома, што пад акупацыяй у Менску працавала 21 беларуская школа. Калі ў кастрычніку 1944 году ў вызваленым горадзе пачаўся новы навучальны год і менскія дзеці пайшлі ў наноў адкрытыя савецкія школы, іх зноў было... 21, толькі мову навучаньня ў некаторых зьмянілі на расейскую...

Гэтыя прыклады дэманструюць ступень ідэалягічнай заангажаванасьці архітэктараў, якія толькі праз 5 гадоў пасьля вайны пісалі тыя радкі. Гэтаксама бессаромна — па доўгу службы, паводле закліку камуністычнага сумленьня або і проста ад дурноты і неабазнанасьці — хлусілі партыйныя прапагандысты, гісторыкі, архітэктары, музэйныя працаўнікі і журналісты. Вынікі тае хлусьні адчувае на сабе і сёньняшняе пакаленьне беларусаў.

Ілюстрацыя з «Гісторыі Мінска» (Мн. 1967) Пасьляваенныя руіны цалкам зьнесеныя Трэстам разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў. 1946 год. Вынікі працы трэсту абвешчаныя справай рук немцаў.
Ілюстрацыя з «Гісторыі Мінска» (Мн. 1967) Пасьляваенныя руіны цалкам зьнесеныя Трэстам разборкі разбураных будынкаў і аднаўленьня будаўнічых матэрыялаў. 1946 год. Вынікі працы трэсту абвешчаныя справай рук немцаў.

Высьвятленьню і апісаньню прычын і фактараў, якія прывялі да зьнікненьня ў Менску самай старой яго часткі, якая да вайны называлася Старым горадам, прысьвечана гэтае дасьледаваньне.

Храналягічна другая кніга ахоплівае пэрыяд з 1941-га па 1956 год. У гэтыя паўтара дзесяціго­дзь­дзя адбыліся самыя значныя падзеі ў гісторыі Старога гораду — вялікая яго частка была спаленая ў першыя дні вайны, пасьля пачатку савецкіх бамбаваньняў у 1942 годзе была спаленая забудова Замчышча, а затым акупацыйныя ўлады падарвалі і разабралі большую частку дамоў на Нізкім рынку і на Замчышчы. У пасьляваенны час былі прынятыя і рэалізаваныя генэральныя пляны рэканструкцыі Менску 1946 і 1951 гадоў, якія грунтаваліся на даваенным генпляне 1936 году. Паводле гэтых плянаў рэшткі забудовы Старога гораду, што перажылі вайну, былі зьнесеныя на працягу 1950-х, 1960-х і 1970-х гадоў. Апошні будынак Старога гораду — дом № 8 на вуліцы Дзям’яна Беднага (былой Казьма­дзям’янаўскай), які зьяўляўся ўнікальным помнікам менскай грамадзянскай архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў, быў зьнесены ў 1986 годзе падчас будаўніцтва другой лініі мэтро.

1956 год выбраны апошнім годам аповеду пра менскі Стары горад невыпадкова. Менавіта тады адбылася малавядомая і вельмі прыгожая спроба дзеячоў тагачаснай беларускай навукі і культуры ўратаваць рэшткі Старога гораду і Замчышча. Спроба, зрэшты, няўдалая. Савецкія ўлады яе вельмі рашуча і жорстка спынілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG