Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аркадзь Мошэс: «Далучэньне Беларусі да Расеі без далучэньня Ўкраіны ня мае для Пуціна вялікага сэнсу»


Уладзімер Пуцін і Сяргей Шайгу, міністар абароны Расеі
Уладзімер Пуцін і Сяргей Шайгу, міністар абароны Расеі

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс апісвае тры сцэнары разьвіцьця падзеяў у расейска-ўкраінскім канфлікце і заяўляе, што для Масквы ўжо ня мае значэньня, чаго хоча Лукашэнка.

Сьцісла:

  • Пра «крымскі сцэнар» можна забыць, сёньня ўкраінцы гатовыя страляць у расейцаў.
  • Гэта цалкам бяззубыя санкцыі, якія нічому не перашкаджаюць.
  • Са зьяўленьнем расейскіх вайскоўцаў у Беларусі Лукашэнка перастае быць яе ўладаром.
  • Масква лічыць, што Лукашэнку прыйшла пара навучыцца гаварыць пра Расею больш паважліва.

— Якія, на вашу думку, найбольш імаверныя сцэнары разьвіцьця падзеяў на цяперашні момант? Шмат залежыць ад таго, які абшар Крэмль будзе лічыць тэрыторыяй самаабвешчаных «рэспублік» (варта нагадаць, што толькі меншая частка Данецкай і Луганскай абласьцей з 2014 году знаходзіцца пад кантролем Расеі, а большая застаецца пад украінскай уладай).

— Адразу трэба адзначыць, што мэтады рацыянальнага аналізу да дзеяньняў Крамля ўжо не стасуюцца.

Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс
Дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс

Мы ня ведаем, на падставе чаго, якіх зьвестак ці эмоцыяў прымаюцца рашэньні ў Маскве. Мы адназначна пабачылі ў прамове Пуціна, наколькі ягонае разуменьне сытуацыі зьвязанае з ягоным разуменьнем гісторыі, наколькі яно эмацыйнае, а не рацыянальнае. Выступ Пуціна паказвае, што нэрвы ў яго на мяжы, а ў такой сытуацыі прымаюць ня самыя ўзважаныя і пралічаныя рашэньні. Так што, паўтаруся, пераацэньваць рацыянальнасьць расейскіх рашэньняў ня варта.

Якія ёсьць варыянты разьвіцьця падзеяў? Першы — Расея кансалідуе мінімальны посьпех. Адмаўляецца ад далейшай канфрантацыі, адмаўляецца ад ідэі пераўтварыць Украіну ў Босьнію, фіксуе свае пазыцыі, унутры Расеі выдае гэта за вялікую перамогу. Таксама за вялікую перамогу для публікі выдаецца тое, што Захад ня будзе рэагаваць радыкальнымі санкцыямі (а гэта амаль непазьбежна). І сытуацыя на пэўны пэрыяд так ці іначай замарожваецца. Усе абмяжуюцца заявамі, што анэксіі не адбылося, што проста юрыдычны стан справаў прыведзены ў адпаведнасьць з фактычным.

Гэта адзін сцэнар, калі можна так сказаць, спакайнейшы, і найбольш імаверны.

Другі сцэнар — як вы правільна адзначылі, шмат залежыць ад таго, у якіх геаграфічных межах будзе адбывацца прызнаньне Расеяй «ДНР» і «ЛНР». З указаў Пуціна гэта незразумела, з дыскусіяў у Думе і Савеце Фэдэрацыі вынікаюць цалкам рознанакіраваныя пасылы. У гэтым сцэнары можа быць абмежаваная ваенная эскаляцыя з мэтай усталяваць расейскі кантроль над усёй тэрыторыяй Данецкай і Луганскай абласьцей. Гэта будзе няпроста, гэта ўжо сцэнар эскаляцыі сярэдняга ўзроўню. І зразумела, што адстаяць гэтыя тэрыторыі ўкраінскім узброеным сілам будзе даволі складана.

І трэці сцэнар, які я лічу найменш імаверным, — гэта вялікая ваенная эскаляцыя з інтэнсіўным бамбаваньнем Кіева і гэтак далей. Вялікую вайну я лічу найменш імаверным варыянтам.

— У другім сцэнары, калі Расея захоча захапіць падкантрольныя Ўкраіне часткі Данецкай і Луганскай абласьцей — наколькі Ўкраіна гатовая ваяваць за гэтыя тэрыторыі? Бо мы памятаем Крым, які Ўкраіна аддала бяз бою.

— Пра крымскі сцэнар можна забыць. Тады Ўкраіна была ў шоку, ніхто не разумеў, «як можна страляць у расейцаў». І на Захадзе ўсе ціснулі на Кіеў і давалі яму зразумець: «аддайце ім Крым, і на гэтым усе скончыцца».

Сёньня ўкраінцы гатовыя страляць у расейцаў, і на Захадзе зусім па-іншаму да гэтага ставяцца. Хочуць яны абараняць гэтую лінію разьмежаваньня ці не — ужо не пытаньне. Яны вымушаныя яе абараняць, бо за гэтай лініяй, агулам кажучы, у іх нічога няма. Калі яны проста адыдуць і аддадуць, то на наступную раніцу сутыкнуцца з новымі патрабаваньнямі.

Наколькі ўкраінцы могуць процістаяць рэальнаму расейскаму ўварваньню — я не вайсковы экспэрт. Але мы ведаем, што нават разграміўшы армію, цяжка кантраляваць тэрыторыі. У кожным разе ўкраінцы будуць процістаяць — ня маюць іншага выхаду.

— Адказваючы на першае маё пытаньне, вы сказалі: «Захад ня будзе рэагаваць радыкальнымі санкцыямі (а гэта амаль непазьбежна)». Што вы маеце на ўвазе, як можна прадказаць рэакцыю Захаду?

— Мы яе ўжо атрымалі. ЗША прынялі рашэньне ўвесьці супраць «ДНР» і «ЛНР» тыя самыя санкцыі, што і стасоўна Крыму. Гэта цалкам бяззубыя санкцыі, якія нічому не перашкаджаюць. Яны не далі выніку што да Крыму, не дадуць і тут. Астатнія санкцыі пакінутыя на потым, бо не адбылося шырокамаштабнай вайны, не адбылося анэксіі гэтых тэрыторыяў. І калі амэрыканцы ня пойдуць далей, то ад Эўропы пагатоў нічога іншага чакаць не варта.

Эўропа зацікаўленая, каб не было шырокамаштабнай эскаляцыі. Калі гэтага можна дабіцца пры адмове ад інтэнсіўнага ўварваньня Расеі, то санкцыі пакінуць у рэзэрве. Але Крэмль ад гэтага толькі падахвоціцца, бо ён заўсёды зыходзіў з таго, што ніякіх балесных санкцыяў супраць яго не ўвядуць.

— Як вы патлумачыце мізансцэну з паседжаньня Савету бясьпекі Расеі, калі пэўныя ўдзельнікі выступалі за далучэньне гэтых тэрыторыяў да Расеі?

— З дыпляматычнага гледзішча гэта цудоўна працуе, бо дасылаецца сыгнал, што Расея мае наступныя хады, і ніхто ня ведае, ці яна іх зробіць. Сытуацыя на шахматнай дошцы спрашчаецца, гульня працягваецца, але пераходзіць у эндшпіль, усе менш фігураў, усё больш яснасьці, у тым ліку наконт Беларусі.

— Якая ж яснасьць зьявілася наконт Беларусі?

— Яснасьць у тым, што расейскія войскі нікуды не сышлі. Не сышлі вельмі непрыгожа і неэлегантна. Міністар замежных справаў Макей сеў у лужу з абяцанкамі і быў папраўлены праз некалькі дзён самой рэальнасьцю. Гэта азначае, што цяпер, калі Расея захоча пакінуць у Беларусі свае войскі, — яна іх пакіне. І калі раней мы гаварылі пра тое, наколькі Лукашэнка можа супраціўляцца Маскве, захоча ён ці не захоча — то цяпер ня мае значэньня, чаго ён захоча.

Калі казаць шырэй, то сытуацыя наконт Беларусі зразумелая і ў тым сэнсе, што бясплатных грошай больш ня будзе. З выняткам танных энэрганосьбітаў. Даваць будуць толькі мінімум, неабходны для існаваньня рэжыму. На іншае будуць даваць выключна пад падпіску, пад штосьці канкрэтнае. Адным з такіх «штосьці» можа быць пагадненьне аб сталай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі, аб вайсковых базах. Нічога іншага, як мне падаецца, Маскве зараз асабліва не патрэбна.

Прызнаньне Крыму? Масква вырашыла, што слоўнага прызнаньня ад Лукашэнкі дастаткова. Нават не прынцыпова, што будзе з прызнаньнем з боку Лукашэнкі «ДНР» і «ЛНР». Ці трапіць Менск у адну кампанію з Нікарагуа і хусітамі зь Емэну — Маскве гэта ня так важна. Пагатоў Казахстан ужо сказаў, што прызнаваць ня будзе.

Так што адзінае, што мае кошт, — гэта базы. Гэта ня толькі аслабленьне сувэрэнітэту Беларусі, але і вялізнае аслабленьне іміджу Лукашэнкі як гаспадара на гэтай тэрыторыі. Са зьяўленьнем там расейскіх вайскоўцаў Лукашэнка перастае быў уладаром Беларусі. Для яго гэта непрымальна і вельмі балесна, але баюся, што ў яго ня можа застацца іншага выйсьця.

— Пуцін у сваёй прамове вельмі шчыра выказаў усё, што ён думае пра постсавецкую прастору. І там няма месца ані незалежнай Украіне, ані незалежнай Беларусі. Зараз Лукашэнка, сапраўды, максымальна прагінаецца перад Масквой, але магчыма, ён лічыць, што гэта не назаўжды, што ён яшчэ распрастае крылы, зноў стане «незалежным» і «шматвэктарным».

— Пуцін не сказаў нічога прынцыпова новага, ён шмат разоў крытыкаваў Леніна і бальшавікоў. Адзінае, што было адносна новае, — тое, як Пуцін хваліў Сталіна, такога я раней ня чуў.

У Лукашэнкі выбар невялікі. Сцэнарна вы, напэўна, маеце рацыю. Ён, відаць, зыходзіць з таго, што сытуацыя неяк супакоіцца, яму ўдасца купіць нейкі час, а там паглядзім. Яму і спадзявацца асабліва больш няма на што. Зараз у паліталягічнай супольнасьці ходзіць адна думка, яна даволі новая. Маўляў, далучэньне Беларусі да Расеі без далучэньня Ўкраіны ня мае вялікага сэнсу для Пуціна. Бо калі ён «воссоединитель земель русских», то павінен аб’яднаць усё, а не задавальняцца малым. Згодна з гэтай тэорыяй, калі Пуцін пойдзе на далучэньне Беларусі, то гэта будзе прызнаньнем адмовы ад Украіны.

Я думаю, Лукашэнка мае аналягічнае ўяўленьне аб рэальнасьці. Ён спрабуе купіць час, гэта ягоная адзіная надзея. Але я думаю, часу ў яго застаецца зусім няшмат. На ягоным месцы вельмі цяжка нешта плянаваць, пагатоў знаходжаньне ва ўладзе пасьля 2025 году.

— А гэтая фраза Лукашэнкі («Што тычыцца майго прэзыдэнцтва, то вось мы зараз са старэйшым братам параімся і вырашым. Што вы перажываеце? Усё будзе нармальна») — якую схавалі беларускія афіцыйныя СМІ, але шырока цытавалі расейскія? Ці яна кажа пра тое, што яны сапраўды абмяркоўвалі з Пуціным, колькі Лукашэнку быць ва ўладзе?

— Варажыць, што яны абмяркоўвалі, я ня буду і не хачу. Натуральна, Масква хацела б бачыць на гэтай пасадзе кагосьці іншага, больш ляяльнага да Расеі. Ці ёсьць у Крамля такі чалавек — мне здаецца, няма. Таму Лукашэнку трываюць, няма кім яго замяніць. І на гэты момант Масква зыходзіць з таго, што Лукашэнку трэба трымаць, захоўваць.

Няхай ён робіць унутры краіны ўсё, што хоча. Трэба толькі абмежаваць ягоную замежнапалітычную свабоду дзеяньняў і свабоду рыторыкі. Час ужо чалавеку навучыцца гаварыць пра Расею больш паважліва. Уласна кажучы, гэта зараз і адбываецца. А што гэта выклікае ў Лукашэнкі раздражненьне і ён зрываецца, — у гэтым няма нічога дзіўнага, гэта прачыняе іхную палітычную кухню.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG