Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці азначае прызнаньне самаабвешчаных рэспублік вайну?


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Калі іх незалежнасьць прызнаецца ў межах больш шырокіх, чым апісаныя ў Менскіх пагадненьнях, то, безумоўна, так. За зямлю, якую ўкраінцы кантралююць, яны будуць ваяваць

Больш складанае пытаньне, калі Менскія пагадненьні, пахаваныя сёньняшнім указам Пуціна, усё ж працягваюць сваё загробнае існаваньне ў тым сэнсе, што прызнаецца незалежнасьць тэрыторыяў, якія Ўкраіна ўжо 8 гадоў не кантралюе. І пра якія ўсе гэтыя гады гаворыць, што іх кантралюе Расея.

Ці будзе Ўкраіна ваяваць за тэрыторыі, за якія не ваявала гэтыя 8 гадоў? За Крым яна не ваявала і не ваюе.

Іншая справа, што прызнаньне самаабвешчаных рэспублік — зусім неабавязкова апошні ход Пуціна ў яго гульні. У сваім відэазвароце ён апісаў пагрозы, якія нясе бясьпецы Расеі інтэграцыя Ўкраіны з NATO і ў NATO: гэта і сумесныя вучэньні, і трэніровачныя лягеры, і цэнтар марскіх апэрацыяў у Ачакаве, і пэрспэктыва разьмяшчэньня гіпэргукавых ракетаў пад Харкавым, якім да Масквы будзе 5 хвілінаў лёту.

І як гэтыя ўсе жахі можа прадухіліць прызнаньне незалежнасьці «ДНР»/ «ЛНР»? З прамовы Пуціна гэта ніяк не зразумела. Прычым, наўрад ці гэта зразумела і яго адэптам.

Калі прадухіленьне гэтай інтэграцыі Ўкраіны з NATO — гэта сапраўды мэта, якой мяркуецца дамагацца, значыць, мяркуецца зрабіць і наступныя крокі. І ня факт, што яны будуць выключна дыпляматычныя.

Магчыма, разьлік на тое, што рашэньне наконт самаабвешчаных рэспублік дэмаралізуе Захад (а што вы Расеі зробіце?) і адначасна адаб’е ахвоту ладзіць з Украінай вайсковую інтэграцыю ( Пуцін паказаў, што гатовы на ўсё, таму ці вартая таго Ўкраіна?).

Калі падобныя развагі сапраўды запануюць на Захадзе, то як ні дзіўна, Пуцін і сапраўды прызнаньнем «ДНР» і «ЛНР» можа дасягнуць сваіх стратэгічных мэтаў адносна Ўкраіны.

Але што заходняя рэакцыя будзе менавіта такой — як мінімум невідавочна. Кіраўнікі Эўразьвязу ўжо абвясьцілі, што за сёньняшняе рашэньне Масквы будуць уведзеныя санкцыі.

Праўда, пакуль незразумела, гэта тыя санкцыі, якія прадугледжваліся за ўзброенае ўварваньне ва Ўкраіну, ці ўсё ж нейкі light-варыянт.

Магчыма, гэта спародзіць нейкую новую сытуацыю няўстойлівай раўнавагі: Пуцін фармальна забраў тое, што і раней кантраляваў, санкцыі ён атрымаў, але не «пякельныя», на лініі судакрананьня з самаабвешчанымі рэспублікамі перастануць страляць.

Але цяжка пазбавіцца ад гістарычных аналёгіяў. У Мюнхене у 1938 годзе Гітлеру аддалі ж толькі Судзеты. А астатнюю Чэхію ён узяў неўзабаве сам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG