Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без крэдыту, але з расейскай зброяй? Пра што Лукашэнка дамовіўся з Пуціным, — дыскусія экспэртаў Свабоды

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Крамлі 18 лютага 2022 году
Перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Крамлі 18 лютага 2022 году

Ці выведзе Расея свае войскі зь Беларусі пасьля вучэньняў? Якія расейскія ўзбраеньні застануцца ў Беларусі і пад чыім кантролем? На якую эканамічную дапамогу з боку Крамля можа разьлічваць Лукашэнка?

Гэтыя пытаньні ў жывым эфіры на YouTube-канале Свабода Premium абмеркавалі палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • На прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка і Пуцін дэманстравалі аднадушша, грунтаванае на супрацьстаяньні Захаду. Гэтая тэма аб’ядноўвае і здымае ўсе супярэчнасьці. Беларусь — адзіны саюзьнік Расеі ў супрацьстаяньні з Захадам.
  • У гэтым кантэксьце разглядаліся і праблемы інтэграцыі, і праблемы абыходу санкцыяў адносна Беларусі.
  • Лукашэнка напярэдадні казаў — як мы з Пуціным вырашым, тады расейскія войскі і будуць выведзеныя зь Беларусі. Але сёньня ён прыехаў у Маскву, і Пуцін яму растлумачыў, што трэба рабіць.
  • Сёньня не ад Лукашэнкі залежыць, калі расейскія войскі будуць выведзеныя. Ён паказаў, што ён ужо не гаспадар на сваёй тэрыторыі.
  • Учора Лукашэнка сказаў, што ўжо тры вучэбна-баявыя цэнтры ў Беларусі, а ён будзе прасіць Пуціна пра чацьвёрты. А гэтыя цэнтры — гэта расейскія войскі, якія стала знаходзяцца ў Беларусі.
  • Два тыдні таму міністар абароны РФ Шайгу прыяжджаў у Менск і заявіў, што да канца году заплянавана 20 беларуска-расейскіх вучэньняў. І расейская вайсковая прысутнасьць у Беларусі робіцца сталай.
  • А тыя войскі, якія цяпер у Беларусі ёсьць, могуць і вывесьці. Каб у хуткім часе ізноў увесьці на новыя вучэньні.
  • Тое, што расейскі ўрад адмовіўся даваць Беларусі 3,5 мільярда даляраў праз Эўразійскі фонд разьвіцьця, — гэта не абавязкова канчатковае рашэньне. Калі Пуцін вырашыць іншае, урад дасьць столькі грошай, колькі скажа Пуцін.
  • Для Лукашэнкі важная палітычная падтрымка Расеі ў захаваньні ўлады. Для яго гэта нават важней, чым эканамічная падтрымка. Менавіта цяпер Пуціну патрэбны Лукашэнка ў змаганьні з Захадам.
  • Я ня думаю, што пратэсты сёньня стаяць на парадку беларускага палітычнага жыцьця.
  • Лукашэнка з украінскай рэвалюцыі 2004 году паўтарае ўвесь час — рэвалюцыя ў Беларусі немагчымая. Звычайна людзі так часта адмаўляюць тое, чаго яны насамрэч вельмі баяцца. А цяпер у яго ў мазгох, як стрэмка, сядзіць памяць пра жнівень 2020 году. Гэта яго дагэтуль вельмі хвалюе.

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
  • Лукашэнка даўно выконвае ролю гэткага малога хулігана, за якім стаіць больш сур’ёзны, аўтарытэтны чалавек. Тое, што ў Пуціна наўме, у Лукашэнкі на языку.
  • Лукашэнка на пачатку сустрэчы пажартаваў: маўляў, Пуцін да гэтага адмучыўся з заходнікамі — Макронам і Шольцам, а цяпер сустракаецца з родным чалавекам.
  • Лукашэнка звычайна напярэдадні сустрэчаў з Пуціным выказваецца больш рэзка, а падчас сустрэчаў — больш лагодна. Тым самым ён як бы падымае сабе цану.
  • Вайну і цяпер нельга выключаць. Але калі разважаць рацыянальна, імавернасьць гэтага цяпер невялікая. Амэрыканцы даволі актыўна вядуць сваю інфармацыйную вайну. Ці не ўпершыню Захад, амэрыканцы не застаюцца пасіўнымі назіральнікамі. Сваёй інфармацыйнай палітыкай у апошнія тыдні яны супрацьдзейнічалі агрэсіўным плянам Расеі.
  • Эвакуацыя насельніцтва з самаабвешчаных рэспублік — гэта, зразумела, трывожны чыньнік. Хоць, магчыма, гэта частка гульні ў вызначэньне таго, хто ж агрэсар.
  • Я заўсёды казаў, што Расея не зьбіраецца зрынаць Лукашэнку. У некаторых было меркаваньне, што ў верасьні 2020 году Пуцін у Сочы запатрабаваў ад Лукашэнкі транзыту ўлады. Ён, можа, і запатрабаваў, але ў цяперашняй міжнароднай сытуацыі Лукашэнка Пуціну патрэбны.
  • Сёлетні рэфэрэндум увойдзе ў гісторыю як прыклад антыўтопіі. Чальцы выбарчых камісіяў засакрэчаныя, фармуюцца атрады сілавікоў, каб ахоўваць гэтых чальцоў камісіяў. Мэтазгодна было б і пытаньні рэфэрэндуму засакрэціць.

18 і 19 лютага Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візытам у Расеі і сустракаецца з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным.

Перад паездкай у Расею Лукашэнка заявіў, што яны з Пуціным абмяркуюць далейшыя дзеяньні сумеснай групоўкі войскаў і што вярнуць вайскоўцаў Беларусі і Расеі ў месцы сталай дысьлякацыі можна за суткі, але яны будуць у Беларусі «колькі трэба».

Таксама ён паведаміў, што з Расеяй ёсьць дамоўленасьць пакінуць у Беларусі пасля вучэньняў завезеныя боепрыпасы. Апрача таго, Лукашэнка сказаў, што папросіць Расею зрабіць у Беларусі яшчэ адзін вайсковы навучальны цэнтар для асваеньня расейскіх ракет «Іскандэр», але неабходнасьці ствараць у Беларусі расейскія вайсковыя базы няма.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG