Уладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна гатовая да любога фармату перамоваў з РФ. У Крамлі адказалі

Уладзімір Зяленскі на ўсходзе Данецкай вобласьці. 16 лютага 2022 году
Уладзімір Зяленскі на ўсходзе Данецкай вобласьці. 16 лютага 2022 году

Украіна гатовая да любога фармату перамоваў з Расеяй для ўстанаўленьня міру, аднак, нягледзячы на публічныя заявы, расейскі бок не дэманструе гатоўнасьці да рэальнай размовы.

Такую заяву зрабіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ ў Марыюпалі Данецкай вобласьці.

«Як толькі Расея публічна кажа, што яна гатовая размаўляць наконт дээскаляцыі, гатовая размаўляць пра двухбаковыя адносіны, кожны раз пасьля гэтага мы робім запыт у Расею, каб гэтая сустрэча ў тым ці іншым фармаце адбылася. Але акрамя публічнай пазыцыі ў рэальнасьці яны не гатовыя з намі мець зносіны, яны ня хочуць», — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэсавая служба.

Паводле словаў Зяленскага, Украіна падавала афіцыйныя запыты і спрабавала зьвязацца з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, калі вырасьлі рызыкі эскаляцыі на ўкраінскіх межах з прычыны канцэнтрацыі расейскіх войскаў.

«Украіну не пакідаюць без адказу, але гэты адказ не вядзе да сустрэчы. Тэлефонную размову таксама ніхто не пацьвярджае», — сказаў Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны паведаміў, што яго краіна таксама зацікаўленая ў ініцыятывах іншых краін, якія прапануюць дапамогу ў арганізацыі сустрэчы з расейскім бокам.

Між тым прадстаўнік Пуціна заявіў, што Масква неаднаразова атрымлівала ад Кіева сыгналы з прапановай сустрэчы на самым высокім узроўні, але гэтыя запыты засталіся незразумелымі.

«Мы ня раз атрымлівалі сыгналы ад Кіева з прапановай сустрэцца. Але кожны раз Кіеў не адказваў нам на простае пытаньне: навошта? Зь якой мэтай?», — сказаў прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў у камэнтары Інтэрфаксу.

Кіеў, паводле яго слоў, прапануе на сустрэчы «гаварыць толькі пра Данбас».

«Мы кажам: давайце вы з данбасцамі будзеце гаварыць пра Данбас, у вас ёсьць да нас пытаньні па іншых тэмах? Маўчаць», — сказаў Пяскоў.

Раней прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Ўкраіна ня зможа спыніць збройны канфлікт у Данбасе без прамых перамоваў з Расеяй.

Паводле апытаньняў, 58% украінцаў лічаць, што перамовы з Пуціным трэба весьці толькі з удзелам Захаду.

​
XS
SM
MD
LG