Лёндан: Пуцін гатовы зацягнуць крызіс вакол Украіны на многія месяцы

Ліз Трас
Ліз Трас

Кіраўніца МЗС Вялікай Брытаніі Ліз Трас ня бачыць прыкметаў скарачэньня расейскай вайсковай прысутнасьці каля межаў з Украінай. У канцы тыдня яна наведае Ўкраіну і Польшчу, каб прадэманстраваць салідарнасьць з Кіевам.

Пра гэта паведамляе DW.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, магчыма, паспрабуе зацягнуць крызіс вакол Украіны на многія месяцы, каб праверыць на трываласьць адзінства Захаду, мяркуе міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас.

«Цяпер няма сьведчаньняў таго, што расейцы адводзяць войскі з прымежных з Украінай рэгіёнаў. У нас не павінна быць ілюзій наконт таго, што Расея можа на тыдні, калі не на месяцы, зацягнуць гэтую нахабную задуму, падрываючы Ўкраіну і кідаючы выклік адзінству Захаду», — напісала Трас у артыкуле для газэты The Daily Telegraph, апублікаваным у чацьвер, 17 лютага.

На фоне крызісу вакол Украіны Ліз Трас плянуе ў канцы бягучага тыдня наведаць Украіну і Польшчу. У Кіеве і ў Варшаве яна сустрэнецца з украінскім і польскім калегамі па пасадзе Дзьмітром Кулебам і Зьбігневам Раў, каб прадэманстраваць «згуртаваную падтрымку ўкраінскага сувэрэнітэту», гаворыцца ў паведамленьні брытанскага МЗС.

Згодна з праектам прамовы, зь якой Трас выступіць у Кіеве, кіраўніца брытанскай дыпляматыі зноў прыгрозіць Расеі «маштабнымі і дарагімі наступствамі» на той выпадак, калі Крэмль вырашыць «працягваць шлях агрэсіі». У выніку агрэсіі Расея займее ў сусьветнай супольнасьці статус парыі, папярэджвае Трас.

​
XS
SM
MD
LG