Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў расказаў падрабязнасьці размовы з кіраўніком беларускага абароннага ведамства Віктарам Хрэніным, які пацьвердзіў колькасьць расейскага кантынгенту ў 9 тысяч чалавек на вучэньнях «Саюзная рашучасьць – 2022».
У інтэрвію «РБК-Украіна»Аляксей Рэзьнікаў заявіў, што размова зь Віктарам Хрэніным у панядзелак працягвалася каля гадзіны замест пратакольна заяўленых 30 хвілін.
«Я яму задаў пытаньні, назваў месцы, населеныя пункты, канкрэтныя віды цяжкага ўзбраеньня, якія ў іх ёсьць. Гэта тычыцца і беларускіх „Ураганаў“, і расейскіх „Іскандэраў“. Назваў і колькасьць расейскага кантынгенту ў іх, нават месцы — вялікая колькасьць, 6 тысяч, у раёне Гомля і 3 тысячы бліжэй да нашай мяжы. Міністар пацьвердзіў гэтыя дадзеныя, сказаўшы, што там будуць праходзіць вучэньні, стральба, якія не накіраваныя супраць Украіны, гэта іх абаронная дактрына. Кажа, заўважце, што супернік не названы, а выкарыстоўваецца віртуальны супернік».
Па словах Рэзьнікава, разам з Хрэніным яны вырашылі аднавіць камунікацыі ў рамках дзейнага міжурадавага пагадненьня: кантакты на ўзроўні аташэ па вайсковых справах, на ўзроўні ўзброеных сіл і на ўзроўні міністраў.
«Ён з гэтым пагадзіўся, падтрымаўшы маю ініцыятыву. Каб нікуды нічога не адкладаць, мы дамовіліся, што наш аташэ пабудзе на іх палігоне падчас навучальнай стральбы. Яго публічна прадставілі, пра гэта было сказана мясцовай і расейскай прэсе. А 16 лютага іх аташэ прысутнічае ў Роўна на палігоне, дзе праходзяць нашы вучэньні. Гэта частка вучэньняў „Мяцеліца – 2022“, дзе мы дэманструем, як эфэктыўна ўкраінскія воіны валодаюць ужо ўкраінскімі Javelin, NLAW, Bayraktar і Stinger для мэт абароны», — сказаў Рэзьнікаў.
Ён падкрэсьліў, што ўзаемадзеяньне зь міністрам абароны Беларусі не зьяўляецца прыкметай зьмяненьня палітычнай пазыцыі ўкраінскага кіраўніцтва.
«Так, палітычныя ўспрыманьні/неўспрыманьні адзін аднаго паміж Украінай і Беларусьсю ёсьць, мы будзем далей займаць пазыцыю, адстойваючы правы чалавека. Але я як міністар абароны ў абарончых мэтах маёй краіны буду размаўляць зь міністрам абароны Беларусі, бо гэта важна для Ўкраіны», — дадаў Рэзьнікаў.