Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Нямеччына заявілі, што гатовыя аб’яднацца супраць расейскай пагрозы Ўкраіне

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн на сустрэчы ў Белым доме, 7 лютага 2022 году
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц і прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн на сустрэчы ў Белым доме, 7 лютага 2022 году

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц сустрэліся ў Вашынгтоне 7 лютага, каб абмеркаваць нарастаньне агрэсіі Расеі супраць Украіны, паведамляе агенцтва AFP.

У часе перамоваў амэрыканскі лідэр заявіў, што пазыцыя ЗША і Нямеччыны ў гэтым пытаньні супадае.

«Мы робім скаардынаваныя крокі для далейшага стрымлівання расейскай агрэсіі ў Эўропе», а таксама для вырашэньня «выклікаў, якія зыходзяць ад Кітаю», — падкрэсьліў Байдэн.

Оляф Шольц, які прыбыў у Белы дом у якасьці канцлера Нямеччыны ўпершыню, дадаў, што іх краіны зьяўляюцца «самымі блізкімі хаўрусьнікамі і гатовыя да інтэнсіўнай сумеснай працы», а таксама пацьвердзіў гатоўнасьць увесьці новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі ў выпадку, калі яна парушыць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Чакаецца, што на наступным тыдні нямецкі лідэр наведае Кіеў, а потым — Маскву.

Новы ўрад Нямеччыны зазнаў крытыку з боку Ўкраіны і некаторых прадстаўнікоў ЗША. Бэрлін абвінавачвалі ў тым, што ён ня ў поўнай меры супрацьдзейнічае расейскаму вайсковаму ціску на Ўкраіну. У прыватнасьці, размова ішла аб рашэньні Нямеччыны не адпраўляць зброі для дапамогі ўкраінскім вайскоўцам, а таксама аб негатоўнасьці канчаткова адмовіцца ад запуску буйнога газаправоду «Паўночны паток – 2». Рашэньне аб трубаправодзе адкладзена як мінімум да другой паловы 2022 году.

Таксама 7 лютага ў Маскве прайшла сустрэча прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Перамовы цягнуліся больш за пяць гадзін.

У інтэрвію францускаму выданьню Journal du Dimanche прэзыдэнт Францыі расказаў аб мэтах свайго візыту ў Маскву. На яго думку, Захад можа заключыць пагадненьне з Расеяй, якая дасьць магчымасьць прадухіліць ваенны канфлікт. Францускі прэзыдэнт адзначыў, што дзеяньні Расеі накіраваныя «не на Ўкраіну, а на ўдакладненьне правіл з NATO і ЭЗ».

У аўторак, 8 лютага, францускі лідэр прыбывае зь візытам у Кіеў.

Францыя і Нямеччына, нароўні з Расеяй і Ўкраінай, зьяўляюцца ўдзельнікамі так званага «нармандзкага фармату», у якім абмяркоўваецца мірнае ўрэгуляваньне канфлікту ў Данбасе. Гэтыя 4 краіны, у прыватнасьці, падпісалі Менскія пагадненьні, якія лічацца асновай для ўрэгуляваньня, хаця бакі па-рознаму падыходзяць да трактоўкі шэрагу іх палажэньняў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG