Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кожнага свае межы часу. Пра новую кнігу Сяргея Ваганава


Сяргей Ваганаў
Сяргей Ваганаў

У мінулым месяцы выйшла кніга вершаў і прозы Сяргея Ваганава «Празь межы часу». Гады тры раней у тым самым выдавецтве «Кнігазбор» зьявіўся ягоны паэтычны кніжны дэбют — зборнік «Я веру ў цуд».

Сяргей Ваганаў, «Празь межы часу. Вершы, нарысы, эсэ». Менск, «Кнігазбор», 2022; 216 ст.

Можна сказаць, што кнігі Сяргея Ваганава — па-свойму асаблівы выдавецка-літаратурны цуд. Аўтару сёньня 80 гадоў. Ён надумаўся выдаваць кнігі ва ўзросьце, у якім большасьць іншых аўтараў даўно пра такое забылася…

Дык вось чаму я сьмерці не страшуся —
Бо паміраў ў жыцьці ужо ня раз.
У радасьці, ў бядзе альбо у скрусе
У небыцьцё я адыходзіў праз
Пахаваньні думак, спраў і мараў.

Гэта радкі зь верша «Ў сьне», які адкрывае кнігу «Празь межы часу». Прыгожыя і глыбокія радкі, якія ня толькі тлумачаць стаўленьне аўтара да біялягічнай сьмерці (ён яе не баіцца, бо ўжо «напрактыкаваўся» ў шэрагу іншых сваіх «сьмерцяў»), але і падкрэсьліваюць небанальную жыцьцёвую ісьціну — «адыход у небыцьцё» асабістых думак, спраў і мараў гэта не заўсёды суцэльная бяда, але часам і радасьць. Пахаваньне сваіх дзіцячых і юнацкіх ілюзій — ці ж ня ўмова sine qua non набыцьця жыцьцёвай сьпеласьці і мудрасьці?

«Празь межы часу» — гэта «гібрыднае» выданьне: зборнік уключае вершы на беларускай і расейскай мовах (цыклы «Нарачанскі сшытак», «Быць альбо ня быць, «Вершаванкі», «ХХ век: семейный альбом», «Стихо-сложения»), празаічныя мініятуры (цыкл «Шматкроп’і») і тры цыклы публіцыстычных па сутнасьці нарысаў і эсэ. Усё гэта і абрысоўвае тыя часавыя межы, якія аўтару і журналісту зь сям’і патомных журналістаў (бацькі ў яго былі журналістамі; унучка Кацярына Андрэева цяпер адбывае турэмны прысуд за сваю журналісцкую працу) давялося адольваць і пакідаць за сабою — калі ў журбе, а калі ў радасьці.

Сяргей Ваганаў за сваё жыцьцё пасьпеў папрацаваць у некалькіх пэрыядычных выданьнях: «Чырвоная зьмена», «Сельская газета», «Знамя юности», «Труд». Журналістам ён быў настолькі прыстойным і паважаным у асяродзьдзі, што калегі даверылі яму старшынства ў камісіі этыкі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Сяргей Ваганаў з унучкай Кацяй
Сяргей Ваганаў з унучкай Кацяй

Мне асабіста ў кнізе «Празь межы часу» найбольш спадабаліся празаічныя мініятуры Сяргея Ваганава — карацюлькі ў жанры «стаслоўяў», які некалі разрэклямавала і «сьцьвердзіла» ў літаратуры Радыё Свабода сваёй рубрыкай «100 словаў». Дарэчы, Сяргею Ваганаву гэтая рубрыка таксама моцна спадабалася, і ён быў адным з самых актыўных яе аўтараў. Як мне падаецца, усе ягоныя мініятуры-стаслоўі, якія мы гадоў пяць-шэсьць таму публікавалі на сайце Свабоды, якраз і «перакачавалі» ў гэтую кнігу. Вось адзін прыклад аўтарскай нешматслоўнасьці, якая тым ня менш стварае запамінальны малюнак далёкага часу, схаванага за шматлікімі жыцьцёвымі межамі аўтара, народжанага ў 1941 годзе:

Год Сьвіньні

Менск, канец сьнежня, ранішні змрок. Мне ўжо пяць, пайшоў шосты. Муж сястры нацягвае скураныя боты, накідвае на плечы шынель і кліча мяне да сябе. Мы спускаемся з чацьвёртага паверха ў двор і, сьлізгаючы па абледзянелай сьцежцы паміж сумётаў, соўгаемся да хляўка, дзе захоўваюцца дровы ды рохкае ў пастаўніку сьвіньня. Яшчэ ня ведаю, але ўжо адчуваю: мы ідзём яе забіваць. Але яшчэ больш адчувае гэта сьвіньня: муж сястры толькі поркаецца з замком і ключамі, а віск ужо страшэнны…

Ён забіў яе адным стрэлам з пісталета, я добра памятаю чорную дзірачку ля вуха, дымок…

Адыходзіў 1946-ы, пачынаўся 1947-ы, год Сьвіньні, другі год без вайны…

Сяргей Ваганаў
Сяргей Ваганаў

Віктар Казько, амаль аднагодак Сяргея Ваганава, напісаў пра сябра ва ўводным слове да кнігі «Празь межы часу»:

Ён пачаў публічную літаратурна-мастацкую творчасьць, асабліва ў паэзіі і эсэістыцы, а другой палове жыцьця. Позна? Але што лічыць нашым беларускім рана ці позна? Калі танчаць уваччу літаркі, калі рэжацца словам горла, калі іскра божая не падманная, як ні адбівайся, рана ці позна, ты прыгавораны ўсё ж здацца. Здацца таму, што ў табе і над табой. На маю думку, мы ўвогуле запозьнена былыя людзі з непраходнай жарсьцю нязьдзейсьненай творчасьці, з нашай адвечнай беларускай бядой — дзьвюхмоўем, так званым білінгвізмам, з нашым сумам страчанай матчынай мовы.

Усё, безумоўна, так. Ад сябе дадам толькі наступнае, як мяркую, больш у духу Сяргея Ваганава, чым Віктара Казько. Калі ўжо здарылася бяда, якую называем «білінгвізмам», і пазбыцца яе ніяк немагчыма, то трэба скарыстаць яе так, каб яна магла прынесьці нам хоць кароткатрывалую радасьць з набытага, а ня толькі зацяжны сум ад страчанага. Інакш кажучы, беларусу лепш час ад часу напісаць нешта вартае па-расейску, чым увесь час маўчаць па-беларуску.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG