Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ня так зь відам «бацькус беларусус»


Беларускі бацька — гэта такі чалавек, які ходзіць у краму, каб памяняць дома лямпачку, а па дарозе выгульвае сабаку і выкідае сьмецьце. Сумна, але прыблізна так выглядае адзін з вынікаў нядаўняга дасьледаваньня ЮНФПА.

Рэспандэнтаў прасілі ўзгадаць, хто зь сямейнікаў апошні раз выконваў той ці іншы хатні абавязак. Па-першае, аказалася, што ў мужчын у сярэднім 6,8 абавязкаў, а ў жанчын — 10,6. А па-другое, самымі «мужчынскімі абавязкамі» аказаліся тыя дзеяньні, якія трэба рабіць вельмі рэдка (перамясьціць вялікія прадметы, замяніць лямпачку, адрамантаваць тэхніку), а самымі жаночымі — тыя, што робяцца часта (праньне, прыборка ў шафе, раскладаньне рэчаў).

Ня ведаю, як вам, а мне даводзіцца мяняць лямпачкі ў найгоршым выпадку раз на год. І фігурнае перасоўваньне шафаў па кватэры два разы на тыдзень — таксама ня ў сьпісе маіх хобі. Затое мыць і раскладаць рэчы трэба ой як часта. Так што разрыў паміж лічбамі «6,8» і «10,6» не адлюстроўвае рэальнай хатняй загрузкі мужчын і жанчын у беларускіх сем’ях. Без папраўкі на частотнасьць гэтыя лічбы зусім не набліжаюць нас да рэальных маштабаў катастрофы.

А сутнасьць катастрофы ў тым, што большая частка тыпова жаночай працы нябачная і, адпаведна, навакольнымі часта ня цэніцца. Тут, вядома ж, крытыкі могуць адказаць мне, што ў шлюбе, дзе партнэр не заўважае тваіх высілкаў, лепей і ня быць. І я пагаджуся. У тэорыі ўсё проста: не падабаецца — трэба падаваць на развод ці прынамсі жыць гасьцявым шлюбам. Але на практыцы ўсё складаней, бо маштабаў сваёй нябачнай працы часта не заўважаюць самі жанчыны.

У доме маіх бабулі зь дзядулем была такая традыцыя: дзед пёк булкі. Вялікая была нагода, каб ганарыцца! Але ведаеце, як гэта выглядала ў рэальнасьці? Бабуля рабіла цеста, усё вымешвала і настойвала, а ён ставіў бляху ў духоўку. А колькі разоў я бачыла ў розных сем’ях, як легендарнае «сьмецьце выносіць у нас толькі муж» ператваралася ў «муж на парозе крычыць, каб яна дала пакет, яна ідзе на кухню, завязвае пакет, прыносіць яму, зачыняе за ім дзьверы і вяртаецца на кухню пакласьці новы пакет у вядро»! І ва ўсіх гэтых сем’ях жанчыны ўпэўнены, што яны не займаюцца сьмецьцем. Гэтаксама як мая бабуля была ўпэўнена, што дзед пячэ булкі.

Такая выбарачная сьлепата — гэта складаны мэханізм адаптацыі, які дазваляе ўгаварыць саму сябе, што «ў мяне ўсё добра». А магчымы ён дзякуючы простаму правілу, якое не прагаворваецца, але цьвёрда замацавалася ў шмат якіх сем’ях: калі мужчына хоць трошачкі паўдзельнічаў у працэсе, можна лічыць, што ён зрабіў усё.

Побытавы мэнэджмэнт не заўважаецца, рэгулярнасьць дзеяньняў таксама ігнаруецца. Жанчына знайшла ў шафе лямпачку, распакавала, выкінула ўпакоўку, падала саму лямпачку мужчыну, атрымала ад яго старую і кінула яе ў адмысловы кантэйнэр — гэта ўсё вельмі часта называецца «мужчына замяніў лямпачку».

Аднойчы я бачыла сьпіс жанчыны, якая тыдзень запісвала ўсю хатнюю працу, якую яна рабіла. У шоку былі ўсе — і яна сама, і ўсе, каму яна гэта паказвала. А вось муж ня ўразіўся. Ён пакрыўдзіўся, што яна «дакалупваецца за драбязу», і ўсё гэта перарасло ў вялізны скандал.

І вяртаючыся да тэмы шлюбаў, у якіх адзін чалавек не клапоціцца пра паўсядзённасьць іншага. Сыходзіць з такіх стасункаў — гэта, безумоўна, добрая ідэя. Але для пачатку трэба проста назваць рэчы сваімі імёнамі. І праклінаць трэба не мяне і не ААН, а рэальнасьць, у якой роля мужчыны ў сям’і зводзіцца да закручваньня лямпачкі і выкіданьня сьмецьця.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG