Лінкі ўнівэрсальнага доступу

260 тысяч чалавек, 11,5 млрд даляраў на год. Факты пра ўкраінскую армію


Згодна з Канстытуцыяй Украіны на Ўзброеныя сілы краіны, як і ў іншых дзяржавах, ускладаюцца задачы па абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту.

Свабода высьветліла, як фармуецца і фінансуецца ўкраінскае войска і якую зброю мае на сваім узбраеньні.

Пераходу на кантракт перашкодзіла агрэсія Расеі

Цяпер войска камплектуецца і шляхам прызыву на тэрміновую службу (з 18 гадоў), і шляхам падпісаньня кантрактаў. Асобы, якія на момант прызыву маюць вышэйшую адукацыю, служаць 12 месяцаў, усе іншыя — 18 месяцаў.

З 2014 году Ўкраіна плянавала цалкам перайсьці на кантрактную форму функцыянаваньня Ўзброеных сіл.

Апошні прызыў на тэрміновую службу мусіў быць у 2013-м, але праз агрэсію Расеі Ўкраіна вымушана была адмовіцца ад пераходу на выключна кантрактнае фармаваньне войска.

Колькасьць арміі

Колькасьць войска зацьвярджае адмысловым законам Вярхоўная Рада Ўкраіны на прапанову прэзыдэнта.

У 2022 годзе ўхвалены закон аб павелічэньні колькасьці арміі на 11 тысяч — да 261 тысячы асобаў, у тым ліку 215 тысячаў кантрактнікаў.

Сёлета будуць створаныя сілы тэрытарыяльнай абароны (да 10 тысячаў), на адну тысячу павялічаць колькасьць Сіл спэцыяльных апэрацый.

Якія войскі і сілы мае Ўкраіна

У склад Узброеных сіл уваходзяць

  • Сухапутныя войскі,
  • Паветраныя сілы
  • Вайскова-марскія сілы.
  • Асобныя войскі — Дэсантна-штурмавыя войскі, Войскі сувязі і кібэрбясьпекі.
  • Асобныя сілы — Сілы спэцыяльных апэрацый, Сілы тэрытарыяльнай абароны, Сілы лягістыкі, Сілы падтрымкі і Мэдычныя сілы.

Найбольш колькасныя — традыцыйна Сухапутныя войскі. У іх склад таксама ўваходзяць ракетныя войскі і артылерыя, а таксама войскі супрацьпаветранай абароны.

Ва ўмовах агрэсіі Расеі ўкраінскае войска вымушана было аднаўляць узбраеньне, паступова адмаўляючыся ад савецкай тэхнікі, якая засталася ў спадчыну ад Савецкага Саюзу.

Украінскія прадпрыемствы пачалі больш актыўна праводзіць мадэрнізацыю савецкай тэхнікі. Так, танкі Т-64 удасканалілі да ўзроўню Т-64БМ «Булат», а на базе Т-80 быў створаны новы ўкраінскі танк Т-84 «Оплот». У 2021 годзе на ўзбраеньне ўзялі танк Т-84-120 «Ятаган», адаптаваны да стандартаў NATО.

Сярод дзевяці мадэляў бронетранспартэраў, якія выкарыстоўваюць украінскія вайскоўцы, чатыры — украінскай вытворчасьці (БТР-4, БТР-3, БММ-70, МТ-ЛБ) і адна — брытанскай (Saxon). Астатнія — яшчэ з савецкіх часоў.

Найменш абноўлены шэраг браняваных машын пяхоты — у асноўным выкарыстоўваюцца савецкія мадэлі. А вось выведныя і камандзірскія машыны — ужо пераважна ўкраінскай і замежнай вытворчасьці.

Паводле інфармацыі Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, усяго на ўзбраеньні Сухапутных войскаў Украіны ў 2021 годзе знаходзілася:

  • 2000 танкаў розных мадыфікацый
  • 1184 баявыя машыны пяхоты (клясы БМП-1, БМП-2, БМП-3, БТР-3, БТР-4)
  • 622 бронетранспартэры (клясы БТР-60, БТР-70, БТР-80, МТ-ЛБ, БТР-Д)
  • 547 выведных бронемашын (клясы БРДМ-2, БРМ-1)
  • больш як 600 самаходных артылерыйскіх установак
  • больш як 515 буксаваных гармат і гаўбіц
  • больш як 354 рэактыўныя сыстэмы залпавага агню рознага калібру
  • 340 мінамётаў калібру 120 мм
  • 90 тактычных ракетных комплексаў «Точка-У»
  • 35 ударных верталётаў Мі-24 і 23 шматфункцыянальныя Мі-8

Як ахоўваецца неба

На ўзбраеньні Паветраных войскаў, паводле ацэнак Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, ёсьць:

  • 32–34 зьнішчальнікі Су-27
  • 24–37 зьнішчальнікаў МіГ-29,
  • 12–14 бамбавікоў Су-24
  • 13–31 штурмавік Су-25
  • 31–47 навучальных самалётаў Л-39
  • 29 транспартных самалётаў (Ан-26, Іл-76, Ан-70)
  • тры спэцсамалёты Ан-30
  • 9 выведных Су-24МР
  • 15–46 верталётаў (Мі-8, Мі-9, Мі-2)
  • 6 бесьпілётных комплексаў Bayraktar TB2 турэцкай вытворчасьці

Зэнітныя войскі ў складзе Паветраных сілаў маюць на ўзбраеньні:

  • 322 зэнітна-ракетныя комплексы (С-300 розных мадыфікацый, ЗРК «Бук», С-125)

Як ахоўваецца мора

У выніку анэксіі Расеяй Крыму Вайскова-марскія сілы Ўкраіны страцілі 51 карабель. Але флягман — фрэгат «Гетьман Сагайдачний» — застаўся на ўзбраеньні Ўкраіны.

Большасьць баявых караблёў і катэраў былі спушчаныя на ваду яшчэ за савецкім часам (дэсантны карабель «Юрій Олефіренко», а таксама шэраг ракетных, антыдывэрсійных ды артылерыйскіх катэраў).

З 2016-га марскі флёт Украіны атрымаў некалькі новых артылерыйскіх катэраў украінскай вытворчасьці (па праекце «Гюрза-М») і патрульных катэраў амэрыканскай вытворчасьці (тыпу «Айленд»).

Як ва Ўкраіне фінансуюць войска

Узброеныя сілы Ўкраіны фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту. Ад моманту анэксіі Расеяй Крыму і акупацыі некаторых раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей дзяржаўныя выдаткі на войска і ўзбраеньне павялічваюцца штогод.

У 2022 годзе вайсковы бюджэт дасягнуў 6% ВУП. На фінансаваньне сэктару бясьпекі і абароны Ўкраіна выдзеліла 323 мільярды грыўняў (амаль 11,5 мільярда даляраў у эквіваленце).

З гэтай сумы на ўтрыманьне Ўзброеных сілаў будзе накіравана 133,5 мільярда грыўняў (амаль 5 мільярдаў даляраў у эквіваленце), у тым ліку 28 мільярдаў грыўняў (амаль 1 мільярд даляраў) выдзеляць на закуп вайсковай тэхнікі і ўзбраеньня.

Замежная дапамога

Цягам толькі 2021 году Ўкраіна атрымала міжнародную вайсковую дапамогу на 450 мільёнаў даляраў.

У прыватнасьці, вайсковую дапамогу надавалі ЗША (55 бронеаўтамабіляў, 84 надзіманыя чаўны, 30 ракетных комплексаў Javelin, 2 катэры «Айленд», а таксама мэдычныя сродкі і боепрыпасы).

Латвія перадала Ўкраіне 7 санітарных аўтамабіляў Land Rover Defender, Вялікая Брытанія — 20 адзінак супрацьмінных тралаў SPARK, Літва — 490 бронекамізэлек і іншага абсталяваньня.

Пад пагрозай новага вайсковага наступу Расеі на Ўкраіну ЗША заявілі аб намеры выдзеліць у 2022 годзе 300 мільёнаў даляраў для дапамогі ўкраінскаму боку ўзбраеньнем і вайсковай тэхнікай.

18 студзеня стала вядома, што Вялікая Брытанія пачала пастаўляць Украіне супрацьтанкавую зброю, каб дапамагчы абараніцца ад патэнцыйнага ўварваньня расейскіх войскаў. Паводле папярдняй інфармацыі мова пра комплексы NLAW (Next Generation Light Anti-tank Weapon), распрацаваныя швэдзкай групай Saab AB супольна з Брытанскім аддзяленьнем групы на заказ Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі. Пакуль колькасьць і тып гэтага ўзбраеньня не называюць.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG