Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такаеў пачынае кампанію супраць клану Назарбаева?


Нурсултан Назарбаеў і Касым-Жамарт Такаеў пасьля ўступленьня Такаева на пасаду прэзыдэнта, 21 сакавіка 2019
Нурсултан Назарбаеў і Касым-Жамарт Такаеў пасьля ўступленьня Такаева на пасаду прэзыдэнта, 21 сакавіка 2019

Пра гэта піша аналітык Радыё Свабода, экспэрт па Цэнтральнай Азіі Брус Пан’ер.

Баталіі ў калідорах дзяржаўнай улады аціхлі, і, гледзячы па ўсім, прэзыдэнт Касым-Жамарт Такаеў атрымаў верх над папярэднікам Нурсултанам Назарбаевым. Падобна, былы прэзыдэнт і чальцы яго сямʼі могуць стаць наступнымі мішэнямі ў барацьбе за ўладу ў Казахстане.

Сытуацыя ў Казахстане нармалізуецца пасьля бурных падзеяў, якія разгарнуліся ў пачатку году, калі пратэсты, спачатку мірныя, выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах агрэсіўна настроеныя групы, якія ўчынілі бойню ў Алматы і іншых рэгіёнах краіны.

Акрамя таго, на фоне беспарадкаў стала відавочна, што ва ўрадзе ідзе барацьба за ўладу паміж цяперашнім прэзыдэнтам Касым-Жамартам Такаевым і прыхільнікамі яго ўсё яшчэ ўплывовага папярэдніка Нурсултана Назарбаева.

Падобна, што масавыя беспарадкі спыняюцца, і, відаць, чальцоў сямʼі першага прэзыдэнта Назарбаева і яго блізкіх паплечнікаў чакае бязрадасная будучыня.

Калі і былі нейкія сумневы ў тым, хто атрымаў перамогу, Такаеў паклаў ім канец 11 студзеня на пасяджэньні парлямэнту, калі распарадзіўся спыніць збор утылізацыйных плацяжоў прыватнай кампаніяй, якую зьвязваюць з малодшай дачкой Назарбаева Аліяй.

«У прадпрымальнікаў і ў цэлым у грамадзтве мноства пытаньняў выклікае дзейнасьць кампаніі, якая называецца „Апэратар РОП“», — заявіў Такаеў.

Кампанія «Апэратар РОП», заснаваная ў 2015 годзе, зьбірала ўтылізацыйны збор, які спаганяецца пры рэгістрацыі аўтатранспарту, і распараджалася гэтымі сродкамі. Яна таксама ўдзельнічала ў праектах па ўтылізацыі бытавых адкідаў.

На пасяджэньні ўраду 12 студзеня міністар экалёгіі, геалёгіі і прыродных рэсурсаў Казахстану Сэрыкалі Брэкешаў паведаміў, што з 2016 году кампанія зарабіла каля 692 мільярдаў тэнге (амаль 1,6 мільярда даляраў ЗША).

Заявы Такаева, зробленыя 11 студзеня, упершыню ясна далі зразумець, што незьлічонаму багацьцю і актывам чальцоў сямʼі Назарбаева можа нешта пагражаць.

5 студзеня Такаеў абвясьціў, што ён зьмяніў Назарбаева на пасадзе старшыні Рады бясьпекі. Шмат хто расцаніў гэты крок як прыкмету таго, што лёс 81-гадовага лідэра, вядомага як «елбасы», або «лідэр нацыі», можа зьмяніцца да горшага.

Гэтая ключавая пасада дапамагала Назарбаеву захаваць значную частку свайго ўплыву пасьля таго, як ён афіцыйна склаў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы ў сакавіку 2019 году і перадаў іх Такаеву.

Прэс-сакратар Назарбаева Айдас Укібай заявіў 9 студзеня, што Назарбаеў добраахвотна пакінуў пасаду старшыні Рады бясьпекі. Ніякі іншы прадстаўнік уладаў Казахстану не пацьвердзіў заяву Ўкібая.

На фоне спэкуляцыяў адносна месцазнаходжаньня «елбасы» — ён не зьяўляўся на публіцы з 28 сьнежня — Укібай заявіў 8 студзеня аб тым, што Назарбаеў знаходзіцца ў сталіцы.

У сваім выступе 11 студзеня Такаеў дадаў, што, «дзякуючы першаму прэзыдэнту — елбасы, у краіне зьявілася група вельмі прыбытковых кампаніяў і людзей, багатых нават па міжнародных мерках».

Такаеў абвясьціў аб стварэньні адмысловага сацыяльнага фонду «для народу Казахстана» і сказаў, што буйны бізнэс будзе рабіць «значныя і рэгулярныя адлічэньні». Ён адзначыў, што ўраду «трэба вызначыць кола кампаніяў і ўзгадніць зь імі памер штогадовых унёскаў у фонд».

Такаеў дадаў: «Лічу, што прыйшоў час аддаць належнае народу і дапамагаць яму на сыстэмнай і рэгулярнай аснове».

Прэзыдэнт не назваў канкрэтных імёнаў, але ў гэтым і не было неабходнасьці.

Такія людзі, як кіраўнік «Казахмысу» Ўладзімір Кім або банкір Булат Утэмуратаў, якія маюць шчыльныя сувязі з былым прэзыдэнтам, вядомыя тым, што за амаль 30-гадовае кіраваньне Назарбаева зарабілі мільярды долараў.

Сярэдняя дачка Назарбаева, Дзінара, і яе муж Цімур Кулібаеў рэгулярна ўваходзяць у лік найбагацейшых людзей Казахстану, яны ўключаны ў сьпіс мільярдэраў Forbes.

Да нядаўняга выбуху гвалту здавалася, што ў большасьці выпадкаў згадкі Казахстану ў заходніх СМІ былі зьвязаныя з маёнткамі і нават замкамі чальцоў сямʼі Назарбаева ў Эўропе, ЗША ці Дубаі ці з велізарнымі яхтамі і самалётамі, якія яны набылі.

Памочніца Дарыгі Назарбаевай, старэйшай дачкі Назарбаева і дэпутаткі парлямэнту, паведаміла 12 студзеня, што яна захварэла на каранавірус і ўсё яшчэ знаходзіцца ў Алматы, таму прапусьціла пасяджэньні парлямэнту.

12 студзеня на кіргіскім сайце «24.kg» зьявілася інфармацыя аб тым, што скандальна вядомы брат Назарбаева, Болат, заехаў на тэрыторыю Кіргізстану на аўтамабілі раніцай 6 студзеня і пазьней у той жа дзень сеў на самалёт з Бішкеку ў Дубай.

Такаеў не заяўляў адкрыта, што ўлады перасьледуюць Назарбаевых. Улічваючы тое, што Такаеў працаваў ва ўладзе Казахстану разам з Назарбаевым зь першых дзён незалежнасьці, яму давядзецца праяўляць асьцярожнасьць у барацьбе зь сямʼёй чалавека, якому ён так доўга служыў.

Аднак Такаеў можа атрымаць шырокую грамадзкую падтрымку за пазбаўленьне чальцоў сямʼі Назарбаева іх незаконна нажытых прыбыткаў, і Такаеву спатрэбіцца гэтая падтрымка, калі ён, нарэшце, выйдзе зь ценю свайго папярэдніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG