Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве завяршыліся перамовы ЗША і Расеі аб стратэгічнай стабільнасьці


Ўэндзі Шэрман і Сяргей Рабкоў на перамовах у Жэнэве, 10 студзеня 2022 г.

У Жэнэве ў панядзелак у другой палове дня завяршылася амэрыканска-расейская сустрэча ў рамках Дыялёгу па стратэгічнай стабільнасьці

Пра гэта паведаміў Дзярждэпартамэнт ЗША.

Дыпляматы ЗША і РФ сустрэліся ў панядзелак, каб абмеркаваць, у прыватнасьці, нарошчваньне Масквой вайсковай прысутнасьці ўздоўж мяжы з Украінай і патрабаваньні Расеі даць ёй гарантыі бясьпекі з боку Захаду.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША паведаміў, што амэрыканскі бок кансультуецца ня толькі з Украінай, але і з NATO і іншымі эўрапейскімі партнэрамі.

Кіраўніца амэрыканскай дэлегацыі, першая намесьніца дзяржсакратара ЗША Ўэндзі Шэрман заявіла, што Вашынгтон «не дазволіць нікому зачыняць іншай краіне дзьверы ў NATO» і ня будзе абмяркоўваць пытаньні, якія тычацца іншых краінаў, бязь іх удзелу.

Шэрман паведаміла, што ЗША гатовыя абмяркоўваць з Расеяй пытаньне разьмяшчэньня ракетаў і ўсталяваньне ўзаемных абмежаваньняў на маштабы вайсковых вучэньняў з падвышэньнем іх транспарэнтнасьці.

Прадстаўніца ЗША заявіла, што прамога адказу ад Расеі на заклікі да дээскаляцыі сытуацыі на мяжы з Украінай атрымана не было.

«Яны могуць даказаць, што ў іх няма намераў уварвацца ва Ўкраіну, вярнуўшы вайскоўцаў назад на месцы дысьлякацыі», — падкрэсьліла кіраўніца амэрыканскай дэлегацыі на перамовах з РФ.

Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў, кіраўнік расейскай дэлегацыі на жэнэўскіх перамовах, заявіў у інтэрвію агенцтву «РИА Новости», што Расея ня прыме спробаў ЗША абмежаваць парадак дня абмеркаваньнем вайсковых вучэньняў і разгортваньня ракетаў.

Расеі патрэбныя юрыдычныя гарантыі непашырэньня NATO, ліквідацыі ўсяго, што, як выказаўся Рабкоў, «наствараў» Паўночнаатлянтычны альянс за пэрыяд з 1997 году.

«Калі ЗША ня ў стане гэтага зрабіць, значыць, яны сутыкнуцца з пагаршэньнем сытуацыі ў сфэры іх уласнай бясьпекі», — дадаў расейскі дыплямат.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг, які сустрэнецца з расейскай дэлегацыяй у сераду ў Брусэлі, заявіў, што Расея і Захад могуць знайсьці спосаб пазьбегнуць канфлікту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG