Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За мяне асабліва не хвалюйся, вытрымаю». Палітвязень Алег Грузьдзіловіч прыслаў першыя лісты зь менскага СІЗА


Алег Грузьдзіловіч, архіўнае фота
Алег Грузьдзіловіч, архіўнае фота

Родныя журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага, атрымалі ад яго першыя лісты з-за кратаў.

У лісьце жонцы Мар'яне Алег Грузьдзіловіч піша:

«Маріаннечка, ау, прывітаньне! Гэтым разам не ўдалося нам разьвітацца, нават позіркамі сустрэцца. Таму я згадваю, як абняліся, калі я сыходзіў у ліпені — і быццам цяпер так было.

Крыху пра сябе. Справа пакуль як было, а ці што дадасца, ня ведаю. У чацьвер у СК не казалі, а новых сустрэч яшчэ не было, можа, ужо што будзе да Новага году. Ці нават пазьней, загадваць ня будзем. Нармальная камэра, № 89, у гэтак званым „жаночым“ корпусе. Нас (лічба закрэсьлена. — РС) адзін раней знаёмы, калега. Мне ўсе дапамагаюць асвоіцца.

Толькі што пастрыглі паўбоксам. А ўчора я ўжо састрыг вусы. Цяпер яшчэ больш нагадваю нашага дзядка Толю (бацьку Алега Грузьдзіловіча, які памёр 3 сьнежня 2021 году ад каранавірусу. — РС).

У камэры ня холадна. Так, сярэдне. Штодня выводзяць на прагулкі — недзе па гадзіне. У суботу, на Каляды, дык у дворыку (3 на 5) нават пакаталіся, як дзеці, на дарожцы-катку. Па-беларуску каток завецца коўзанкай, будзем ведаць такое слова. Такія шпацыры, канечне, вялікі плюс у параўнаньні зь мінулым разам, дзе ўвогуле не выводзілі з камэры. Але сама камэра меншая, асабліва не паходзіш. Затое тут ёсьць нармальны белы ўнітаз, а ня брудны „таўчок“. Унітаз — атрыбут „жаночага“ корпусу. Ну, і матрац, коўдра, падушкі, усё як трэба. У мяне верхні ярус. 6.00 — up, 22.00 — down. Сьвятло ўсё ж прыглушаюць на ноч, гэта лягчэй. У суботу чулі фаервэрк у гадзіну ночы».

У другім лісьце зь менскага СІЗА-1 Алег Грузьдзіловіч напісаў:

«Прызвычайваюся да камэры, хаця ня ўсё проста, як на Акрэсьціна. Ёсьць шмат розных дробязяў, якія не даюць адчуваць сябе, як там. Побыт там быў горшым, але маральная напруга меншай. Ну нічога, ты за мяне асабліва не хвалюйся, вытрымаю».

Таксама Алег Грузьдзіловіч за кратамі намаляваў аўтапартрэт, які даслаў разам зь лістом:

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, які летась быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

5 фактаў пра Алега Грузьдзіловіча

Быў загадчыкам аддзелу ў самым папулярным выданьні Беларусі

Алег Грузьдзіловіч быў загадчыкам аддзелу і адказным сакратаром у газэце «Знамя юности» ў часы «перабудовы», калі выданьне мела найбольшы наклад у Беларусі — 800 тысяч. Быў адным са стваральнікаў інфармацыйнай агенцыі «РИД» («Реклама и дайджест»). На пачатку 1990-х ягоныя матэрыялы публікаваліся ў легендарнай незалежнай газэце «Свабода».

Звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты» пасьля таго, як быў зьняты ягоны рэпартаж аб пабіцьці дэпутатаў у парлямэнце

У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загад ЦК КПБ аб перадрукаваньні з маскоўскай прэсы рэакцыйнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты» пасьля таго, як быў зьняты ягоны рэпартаж аб пабіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, што пратэставалі супраць рэфэрэндуму аб мове і дзяржаўнай сымболіцы.

Напісаў кнігу пра выбух у менскім мэтро

На Радыё Свабода асьвятляў праваабарончую тэматыку, быў судовым карэспандэнтам. Рабіў рэпартажы з судовага працэсу над Кавалёвым і Канавалавым, абвінавачанымі ва ўчыненьні тэракту ў менскім мэтро 1 красавіка 2011 году. Аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро?», якая выйшла ў 2013 годзе ў «Бібліятэцы Свабоды — XXI стагодзьдзе».

Цяжка хварэў на каранавірус пасьля турмы на Акрэсьціна

Летам 2020 году вёў стрымы Радыё Свабода, якія набіралі сотні тысяч праглядаў. У жніўні 2020 году пазбаўлены акрэдытацыі МЗС разам з большасьцю журналістаў замежных СМІ. У лістападзе затрыманы на акцыі пратэсту, якую асьвятляў як журналіст, і пакараны арыштам на 15 содняў. Пад гэтым арыштам у Баранавічах цяжка захварэў на каранавірус.

Выгадаваў трох сыноў

Алегу Грузьдзіловічу 63 гады. Жонку Мар’яну, выкладчыцу ангельскай мовы, увосень 2020 году звольнілі з БДУ з палітычных матываў. Алег і Мар’яна выгадавалі трох сыноў, маюць трох унучак і аднаго ўнука.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG