Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дело № 33». Выйшаў спэцпраект пра замах на незалежныя мэдыя ў Беларусі


Людзі з закрытымі тварамі выносяць тэхніку з офіса Беларускай асацыяцыі журналістаў пасьля ператрусу, ілюстрацыйнае фота

Спэцпраект «Дело № 33» расказвае пра перасьлед незалежных СМІ ў Беларусі, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Яго падрыхтавала ініцыятыва «Кожны дзень» на падставе дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў. «Дело № 33» расказвае пра рэпрэсіі, накіраваныя супраць рэдакцый. Аўтары праекту зрабілі інфармацыйныя карткі пра ўсе цэнтральныя грамадзка-палітычныя СМІ.

Пра шэраг мэдыя, якія пацярпелі ад рэпрэсій, у праекце пакуль не расказваюць дзеля бясьпекі.

Назва праекту паходзіць ад 33 артыкула Канстытуцыі Беларусі пра свабоду слова: «Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне. Ніхто ня можа быць прымушаны да выказваньня сваіх перакананьняў або адмовы ад іх. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, грамадзкімі аб’яднаньнямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама цэнзура не дапускаюцца».

«Як у 2020 і 2021 гадах незалежныя СМІ сталі мішэньню для беларускіх уладаў, а само паняцьце незалежных мэдыя дзяржава прыраўняла да экстрэмізму?» — адказы на гэтае пытаньне шукаюць аўтары праекту.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

З праблемамі сутыкнуўся і шэраг недзяржаўных інфармацыйных парталаў. «Экстрэмісцкай» прызналі прадукцыю сайтаў і сацыяльных сетак такіх СМІ як:

  • «Белсат»
  • «Беларускі партызан»
  • Ex-press.by
  • By.tribuna.com
  • Tut.by
  • «Брестская газета»

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG