Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калядны цуд, які абярнуўся болем». Жонка Андрэя Скурко ўпершыню атрымала спатканьне з мужам


Андрэй Скурко
Андрэй Скурко

Паліна Скурко, жонка кіраўніка аддзелу маркетынгу «Нашай нівы» Андрэя Скурко, упершыню за пяць з паловай месяцаў атрымала спатканьне з мужам-палітвязьнем.

Сваімі ўражаньнямі ад сустрэчы яна падзялілася ў сваім фэйсбуку.

«Доўгі калідор, падзелены ўздоўж шклом і кратамі. Дзесяць месцаў. Дзесяць тэлефонных слухавак. На шкле перад кожным сьпіс забароненых тэм і дзеяньняў.

Мы, сваякі, сьпярша тоўпімся перад уваходам. Дзядзя – работнік СІЗА называе прозьвішчы, чалавек падыходзіць, паказвае пашпарт, кладзе на стол тэлефон (іх праносіць на спатканьне нельга). Дзядзечка кажа нумар месца, дзе ты мусіш чакаць сваё золата. У мяне было месца № 5.

Так усе мы расьселіся. Але чакалі яшчэ доўга.

Паветра дрыжэла. Побач са мной сядзелі мама з дзяўчынкай гадоў пяці. «Зараз прыйдзе сюрпрыз. Хтосьці, каго ты вельмі хочаш бачыць», — кажа мама.

Сюрпрызы ніяк не ідуць. Дзяўчынка пачынае абгаворваць вячэру: «Давай сёньня зробім піцу. Але трэба цеста. Зойдзем у краму?.. Ну дзе ўжо гэты сюрпрыз. А я яго знаю? А я яго люблю, гэты сюрпрыз?..»

Адчыняюцца дзьверы ў канцы калідора, па той бок шкла, і заходзяць хлопцы. Ідзе Андрэй. Такі прыгожы. Чысты твар, ніякіх новых зморшчак і сьлядоў пакутаў. Чыстыя валасы, прыгожая прычоска (ім выдаюць машынку, і той, хто найлепш умее, стрыжэ сукамэрнікаў). Адзеты што на працу — чыста, акуратна.

У перагаворным пакоі стаіць гул, і прыходзіцца, прыкладаючы слухаўку да аднаго вуха, другое затыкаць пальцам. Рукі зацякаюць, але да апошняга не мяняю позу, каб не змарнаваць час.

Едучы на спатканьне, фантазіравала, як паміж намі зараз усталюецца тое новае, глыбіннае, што нарадзілася ў пакутах і перапісцы. Як ад вачэй да вачэй будуць лётаць маланкі і разрады...

Але замест гэтага мяне з галавой накрывае падзабытае шчасьце сямейнай гамонкі. Адчуваньне, што прайшло не пяць месяцаў, а пяць дзён. Гаворым пра сям’ю, плёткі, побыт, многа сьмяёмся, амаль увесь час.

Я столькі не ўсьміхалася ні разу за ўсе гэтыя месяцы. Кажу гэта Андрэю. «Дык чаго ты не сьмяялася?» — сварыцца ён.

Безь цябе ня надта выходзіць.

Андрэй радуецца, што я не такая і худая, як на фота. «І нейкія шчочкі ёсьць, добра!»

Расказваю, як перад выхадам гаварыла з Тамашам, пыталася, што перадаць тату, і хлопчык, задумаўшыся, перадаў, што калі тата прыедзе, мы пойдзем купляць булку з макам. У Андрэя ў вачах сьлёзы.

Пераводжу на вясёлае, сьмешнае. Абмяркоўваем гаршчок, здароўе, сяброў — усякую звычайную драбязу з кухонных размоў.

Час здаецца бясконцым цёплым морам, і мы ў ім.

Тут сыгнал — 5 хвілін. Пра што мы гаворым? Ня памятаю. Толькі раптам яго спакойны аксамітны голас на паўслове абрываецца.

Глядзім адно на аднаго праз шкло. Хлопцы імкліва ўстаюць, але ідуць да дзьвярэй спакойна. Мой Андрэй такі прыгожы, выпрастаны. Рукі складае за сьпінай. Новая звычка. Дзьверы за ўсімі зачыняюцца.

Здаю Андрэю перадачу, тэлефаную бацькам, расказваю, які ён прыгожы і магутны. Іду зь сястрой у краму. Еду дамоў па засьнежаным горадзе. І тут мяне накрывае.

Калі я зноў пачую яго? Пасьля таго, як яму (нам) прысудзяць гады калёніі?

Асабліва горка і ня хочацца ўспамінаць, як раптоўна выключыўся ў слухаўцы гук. Я ўспамінаю 8 ліпеня, калі яго пасадзілі ў попельна-шэры мікрааўтобус і зачынілі дзьверы. Сёньня тое ж брыдкае пачуцьце: нібы мне вярнулі мужа, а потым зноў забралі.

Злую і на сябе. Думаю: трэба было менш гаварыць і больш слухаць. Не паддавацца на ілюзію, што наш час бясконцы. Трэба было гэта сказаць, а тое не, не казаць. Меней прызнавацца ў каханьні, а больш па сутнасьці! Трэба было лавіць кожнае слова. Запісваць! Можа, тады б насыцілася гэтай сустрэчай...

Але, канечне, не.

Гуляю з малым, а сама лятаю думкамі далёка. Малы раптам гладзіць мне валасы, прыабдымае за шыю: «Таты няма!».

І я імгненна цьверазею. Так, дружок, давай успомнім, хто тут дарослы. «Таты няма, але ён дакладна скора прыедзе. І тады пойдзем зь ім разам купляць булку!» «З макам!» — радуецца Тамаш».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG