Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казахстане прынялі адстаўку ўраду пасьля пратэстаў у большасьці буйных гарадоў


Тысячы пратэстоўцаў на плошчы Ынтымак у Актау. 5 студзеня 2022
Тысячы пратэстоўцаў на плошчы Ынтымак у Актау. 5 студзеня 2022

Пратэсты ў ноч з 4 на 5 студзеня перацяклі ў баі з паліцыяй, людзі ўва многіх гарадах краіны напярэдадні ўвечары запатрабавалі поўнага сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева, а таксама палітычных рэформаў.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў прыняў адстаўку ўраду пасьля трэцяга дня пратэстаў, выкліканых рэзкім ростам цэнаў на энэрганосьбіты. Часовым прэм’ер-міністрам Такаеў прызначыў цяперашняга першага віцэ-прэм’ера Аліхана Смаілава. Дзейныя члены ўраду будуць выконваць свае абавязкі да фармаваньня новага складу ўраду, гаворыцца ва ўказе.

Асобным распараджэньнем Мурата Нурцілева прызначылі на пасаду першага намесьніка старшыні Камітэту нацыянальнай бясьпекі і вызвалілі Крымбека Кушэрбаева з пасады дзяржсакратара.

Да таго Такаеў выступіў з тэлезваротам да нацыі, у якім заявіў, што ўлада не ўпадзе, і заклікаў людзей пакінуць плошчы сваіх гарадоў. Ужо празь некалькі гадзін пасьля гэтага ён падпісаў указ аб увядзеньні рэжыму надзвычайнага становішча ў Алмацінскай і Мангістаўскай абласьцях і Жанаэзене да 19 студзеня.

Сілы бясьпекі выкарыстоўвалі шумавыя гранаты, калі сотні дэманстрантаў спрабавалі штурмаваць мэрыю найбуйнейшага гораду краіны Алматы ўначы 4 студзеня. Супрацоўнікі паліцыі ўжылі сьлезацечны газ, каб разагнаць дэманстрантаў на плошчы пасьля таго, як тыя падпалілі некалькі паліцэйскіх машын.

Кіраўнік гарадзкой адміністрацыі Алматы Бакытжан Сагінтаеў раніцай 5 студзеня выступіў з заявай аб тым, што сытуацыя ў Алматы знаходзіцца пад кантролем уладаў.

Раней казаская паліцыя затрымала двух журналістаў Радыё Свабода, якія асьвятлялі акцыі пратэсту — Дархана Ўмірбекава і Касыма Аманжола. Затым іх адпусьцілі.

Пратэсты прайшлі ў Актаў, Алматы, Нур-Султане, Карагандзе, Актэбэ, Жанаэзене і іншых гарадах краіны, а таксама ў многіх мястэчках.

Пратэсты ў Казахстане пачаліся некалькі дзён таму ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене побач з Касьпійскім морам — пасьля рэзкага павышэньня цаны на звадкаваны газ, якім у рэгіёне запраўляюць большасьць аўтамабіляў. Улады пагадзіліся зьнізіць цану, але пратэстоўцы выставілі і палітычныя патрабаваньні.

Пратэсты ў Казахстане

Мапа пратэстаў у Казахстане
Мапа пратэстаў у Казахстане

  • Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене пасьля таго, як улады ўдвая павысілі цану на звадкаваны газ. Першапачаткова пратэстоўцы патрабавалі толькі зьнізіць цану.
  • 4 студзеня пратэсты сталі масавымі і перайшлі ў сутычкі з паліцыяй. Пратэстоўцы запатрабавалі адстаўкі ўраду і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева. Яны скандавалі «Шал, кет!» («Стары, сыходзь!»).
  • Падчас сутычак сілавікі ўжывалі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ. Адбываліся перастрэлкі. Пратэстоўцы ўзброіліся арматурай, палкамі, камянямі. Яны білі паліцыю, падпальвалі аўтамабілі. Частка сілавікоў, як у горадзе Актаў, перайшла на бок пратэстоўцаў.
  • Пратэсты закранулі амаль усю краіну: горад нафтавікоў Жанаэзен і цэнтар Мангыстаўскай вобласьці Актаў (адкуль пачаліся пратэсты), былую сталіцу краіны і найбуйнейшы горад краіны Алматы, цяперашнюю сталіцу Нур-Султан (былую Астану), буйныя гарады Шымкент, Караганду і Актэбе, а таксама многія іншыя гарады і мястэчкі.
  • Ранкам 5 студзеня прэзыдэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў адправіў урад у адстаўку.
  • Надзвычайнае становішча ўвялі ва ўсёй краіне. У Нур-Султане, Алматы, Мангыстаўскай вобласьці ўвялі камэнданцкі час.
  • Эпіцэнтрам пратэстаў стаў горад Алматы.
  • 5 студзеня пратэстоўцы ўварваліся ў акімат Алматы, захапілі былую прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю, разграмілі будынак з офісам кіруючай партыі «Нур-Отан». У будынку акімату і пракуратуры Алматы, а таксама былой рэзыдэнцыі пачаўся пажар. Пратэстоўцы захапілі і разграмілі будынак тэлеканала «Мир24» і яшчэ некалькіх тэлеканалаў. Завалодалі будынкам Камітэту нацыянальнай бясьпекі ў Алматы.
  • Увечары 5 студзеня пратэстоўцы захапілі аэрапорт у Алматы.
  • У Алматы шмат разгромленых будынкаў, крамаў, спаленых аўтамабіляў.
  • 5 студзеня ва ўсёй краіне адключылі правадны інтэрнэт і галасавую сувязь, дагэтуль блякавалі мабільны інтэрнэт. Спынілі вяшчаньне буйныя тэлеканалы Казахстану.
  • Пачаліся страйкі. Спынілі вытворчасьць мэталюргічныя заводы ў горадзе Балхаш, нафтагазавае прадпрыемства «Мангыстаўмунайгаз» у Мангыстаўскай вобласьці.
  • 5 студзеня прэзыдэнт краіны Такаеў заявіў, што ўзначаліць Раду бясьпекі Казахстану замест Назарбаева, і паабяцаў дзейнічаць «максымальна жорстка». Назарбаеў пайшоў у адстаўку. У горадзе Талдыкарган пратэстоўцы павалілі помнік Назарбаеву.
  • Пратэстоўцы запатрабавалі таксама сыходу з пасады Такаева.
  • У ноч на 6 студзеня Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ.
  • 6 студзеня першыя вайскоўцы ў межах місіі АДКБ прыбылі ў Казахстан.
  • На 6 студзеня казаскія мэдыя паведамілі пра дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў, параненыя 748 праваахоўнікаў. Вярхоўны камісар ААН заявіў пра прыкладна тысячу параненых чалавек толькі ў Алматы.
  • 6 студзеня МУС Казахстана паведаміла пра 2298 затрыманых. Тым часам на афіцыйным узроўні Астану перасталі называць Нур-Султанам, як назвалі горад у гонар дыктатара Назарбаева.
  • 7 студзеня Міністэрства ўнутраных спраў Казахстану паведаміла, што падчас так званай «зачысткі» ў самым буйным горадзе краіны, Алматы, загінулі 26 «узброеных злачынцаў», яшчэ 18 атрымалі раненьні, а ўсе адміністрацыйныя будынкі ў гарадах Казахстану «вызваленыя і ўзятыя пад узмоцненую ахову».
  • Таксама ў выніку «сутыкненьня з хуліганскім натоўпам» параненыя 216 вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі ў Алматы і Шымкенце, паведаміла прэс-служба вайсковага фармаваньня.
  • Раніцай 7 студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў на пасяджэньні контратэрарыстычнага штабу заявіў, што «ў значнай ступені наведзены канстытуцыйны лад ва ўсіх рэгіёнах краіны».
  • Пазьней 7 студзеня Такаеў выступіў са зваротам да грамадзянаў краіны, у якім заявіў, што даў загад праваахоўным органам і войску адкрываць агонь на паражэньне без папярэджаньня.
  • 9 студзеня Такаеў выдаліў свой твіт пра тое, што на Казахстан нібыта напалі 20 тысяч тэрарыстаў, але на наступны дзень сказаў, што «ў агрэсіі супраць Казахстану ўдзельнічалі баявікі з цэнтральнаазіяцкіх краінаў, Афганістану і Блізкага Ўсходу».
  • У той жа дзень стала вядома пра дзьве сьмерці: кіраўніка абласной паліцыі і палкоўніка камітэту нацбясьпекі.
  • Паводле расьсьледаваньня The Telegraph, малодшая дачка Назарбаева вывела з Казахстану 300 мільёнаў даляраў і патраціла частку грошай на нерухомасьць за мяжой.
  • Раніцай 11 студзеня Такаеў заявіў, што кантынгент АДКБ пачнуць выводзіць з Казахстану праз 2 дні. Ён запэўніў Мажыліс у тым, што ўлады ўсё вярнулі пад кантроль.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG