Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ахапілі амаль увесь Казахстан. Паліцыя ўжывае газ і гранаты


Пратэстоўцы на цэнтральнай плошчы Ўральску на захадзе Казахстану, вечар 4 студзеня
Пратэстоўцы на цэнтральнай плошчы Ўральску на захадзе Казахстану, вечар 4 студзеня

У аўторак амаль ва ўсіх буйных гарадах Казахстана, уключаючы сталіцу, горад Нур-Султан, адбыліся сутыкненьні паміж удзельінкамі пратэсту супраць павышэньня цэн на аўтамабільнае паліва — з аднаго боку, і паліцыяй, спэцназам і вайскоўцамі — з другога.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў указ пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў Алма-Аты і Мангыстаўскай вобласьці.

У Нур-Султане людзі маршам прайшлі па горадзе. Яны выкрыквалі лёзунг «Стары, сыходзь!» з заклікам да колішняга прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева пакінуць палітыку.

У адказ улады ўвялі ў горад вайсковыя часткі і падразьдзяленьні спэцназу, якія ўжылі супраць пратэстоўцаў газ і сьвятлашумавыя гранаты. Нягледзячы на гэта пратэстоўцы не разыходзяцца, спрабуючы заняць цэнтральную плошчу горада. Аб колькасьці пацярпелых і затрыманых дакладнай інфармацыі няма.

У Алматы затрыманыя больш за 200 чалавек. У горадзе перакрылі цэнтральную плошчу — туды не пускаюць пешаходаў і аўтатранспарт, выставілі паліцэйскае ачапленьне, паведамлялася пра перабоі ў працы інтэрнэту.

Сотні людзей застаюцца на вуліцах Караганды, туды пад'яжджае тэхніка з паліцыяй і нацгвардыяй.

На плошчы Караганды
На плошчы Караганды

У горадзе Актэбэ на паўночным захадзе краіны кіроўцы аўтамабіляў на звадкаваным газе прарвалі паліцэйскае ачапленьне і прайшлі да будынку гарадзкой адміністрацыі. Пратэстоўцы запатрабавалі зьніжэньня цэнаў на газ са 120 да 50 тэнге і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева.

На пачатку акцыі кіроўцы ехалі на машынах. Дарогу ім заблякавала паліцыя. Пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі пакінулі свае аўтамабілі і пайшлі па дарозе пешшу, прарваўшы агароджу і заклікаючы прахожых далучыцца да пратэсту.


Пратэсты ў Казахстане пачаліся некалькі дзён таму ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене побач з Касьпійскім морам — пасьля рэзкага павышэньня цаны на звадкаваны газ, якім у рэгіёне запраўляюць большасьць аўтамабіляў.

На вуліцу выйшлі сотні мясцовых жыхароў. Ноч яны правялі на гарадзкой плошчы, 3 студзеня там сабралася ўжо больш за тысячу чалавек. Таксама на плошчы правялі ноч сотні пратэстоўцаў у горадзе Актаў.

Урадавая камісія, якая прыбыла ў Актаў, у аўторак абвясьціла пра зьніжэньне цаны на звадкаваны газ у Мангыстаўскай вобласьці (дзе Актаў і Жанаэзен) больш як у 2 разы. Чыноўнікі таксама далі пратэстоўцам гарантыі, што іх не прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел у няўзгодненых мітынгах. Як паведамляе казаская служба Радыё Свабода, пратэстоўцы не сыходзяць з плошчы, бо ня ўсе іх патрабаваньні выкананыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG