Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцы ў Казахстане патрабуюць сыходу Назарбаева з палітыкі: у Актэбэ кіроўцы прарвалі ачапленьне. ВІДЭА


Пратэст у Актэбэ, 4 студзеня 2022 г.
Пратэст у Актэбэ, 4 студзеня 2022 г.

У Казахстане 4 студзеня — трэці дзень пратэстаў супраць павышэньня цэнаў на паліва, якія ахапілі многія гарады.

У горадзе Актэбэ на паўночным захадзе краіны кіроўцы аўтамабіляў на звадкаваным газе прарвалі паліцэйскае ачапленьне і прайшлі да будынку гарадзкой адміністрацыі. Пратэстоўцы запатрабавалі зьніжэньня цэнаў на газ са 120 да 50 тэнге і сыходу з палітыкі былога прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева.

На пачатку акцыі кіроўцы ехалі на машынах. Дарогу ім заблякавала паліцыя. Пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі пакінулі свае аўтамабілі і пайшлі па дарозе пешшу, прарваўшы агароджу і заклікаючы прахожых далучыцца да пратэсту.

Пра затрыманьні не паведамляецца.


Карыстальнікі сацсетак паведамляюць пра шматлікія акцыі ў Актэбэ і Алматы. У Нур-Султане людзі маршам прайшлі па горадзе. Яны выкрыквалі лёзунг «Стары, сыходзь!» з заклікам да Назарбаева пакінуць палітыку.

Пратэсты ў Казахстане пачаліся некалькі дзён таму ў горадзе нафтавікоў Жанаэзене побач з Касьпійскім морам — пасьля рэзкага павышэньня цаны на звадкаваны газ, якім у рэгіёне запраўляюць большасьць аўтамабіляў.

На вуліцу выйшлі сотні мясцовых жыхароў. Ноч яны правялі на гарадзкой плошчы, 3 студзеня там сабралася ўжо больш за тысячу чалавек. Таксама на плошчы правялі ноч сотні пратэстоўцаў у горадзе Актаў.

Удзельнікаў пратэстаў падтрымалі ў некалькіх гарадах краіны, затрыманыя каля 100 чалавек. У Алматы паведамлялася пра затрыманьні каля 20 чалавек. У горадзе перакрылі цэнтральную плошчу — туды не пускаюць пешаходаў і аўтатранспарт, выставілі паліцэйскае ачапленьне, паведамлялася пра перабоі ў працы інтэрнэту.

Урадавая камісія, якая прыбыла ў Актаў, у аўторак абвясьціла пра зьніжэньне цаны на звадкаваны газ у Мангістаўскай вобласьці (дзе Актаў і Жанаэзен) больш як у 2 разы. Чыноўнікі таксама далі пратэстоўцам гарантыі, што іх не прыцягнуць да адказнасьці за ўдзел у няўзгодненых мітынгах. Як паведамляе казаская служба Радыё Свабода, пратэстоўцы не сыходзяць з плошчы, бо ня ўсе іх патрабаваньні выкананыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG