Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца «Честных людей»: як ня даць Лукашэнку правесьці «стэрыльную кампанію»


Ілюстрацыйнае фота.

Каардынатарка Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, кіраўніца ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод расказвае пра перазапуск плятформы «Голас» да абвешчанага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму аб новай Канстытуцыі.

Жываглод тлумачыць, што можна зрабіць ва ўмовах, калі ўлады прапануюць «выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам» у сытуацыі надзвычайных рэпрэсіяў, а таксама якая можа быць тут роля сяброў выбарчых камісіяў.

Сьцісла

  • Ніводнага сябра выбарчай камісіі, які з намі супрацоўнічае, не рассакрэцілі. Гэта героі, якія сьвядома ідуць на рызыкі.
  • Рэжыму патрэбная стэрыльная, ціхая кампанія зь мінімальнай яўкай у дні датэрміновага галасаваньня.
  • За апошнія год-паўтара нам даюць магчымасьць сабрацца ў адным ці ў 6 тысячах месцах адначасова, і гэтую магчымасьць трэба выкарыстоўваць.
  • Мы ўсе ўсьведамляем, што з дапамогай адной электаральнай кампаніі ўладу зьмяніць немагчыма, мы пабачылі гэта ў 2020 годзе.

«Напрошваюцца паралелі зь пірацкім кодэксам, але нават у піратаў былі пэўныя прынцыпы»

— Ваша першая рэакцыя на апублікаваны праект зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю Беларусі?

Алена Жываглод
Алена Жываглод

— Як і меркавалася, гэты праект ня мае ніякага дачыненьня да Асноўнага закону. Гэта — спроба прыняць квазіпраўны акт, які забясьпечвае вечную нязьменнасьць сыстэмы ўлады ў Беларусі незалежна ад таго, хто і калі будзе займаць ключавыя пасады ў дзяржаве. І наш адказ рэжыму не мяняецца — мы прапануем прыйсьці на ўчасткі і зрабіць свае бюлетэні несапраўднымі. Гэтае дзеяньне азначае, што мы супраць беззаконьня і фальшывых «рэфэрэндумаў».

Канстытуцыя, калі казаць зусім проста, ёсьць грамадзкай дамовай: грамадзяне дамаўляюцца аб тым, як яны вырашаюць свае справы і для чаго ім патрэбная дзяржава. Тут мы бачым дамову прадстаўнікоў улады аб тым, як яны бачаць гарантыю сваёй незьмяняльнасьці, беспакаранасьці і прысваеньня права распараджацца рэсурсамі краіны — гэта значыць нашай уласнасьці. Тут напрошваюцца паралелі зь пірацкім кодэксам, але нават у піратаў былі пэўныя прынцыпы.

«Мы ня можам выкарыстоўваць слова „рэфэрэндум“ без двукосьсяў. Гэта хутчэй мерапрыемства для легітымізацыі рэжыму»

— Рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі мае адбыцца ў канцы лютага, праўдападобна 27 лютага, але дакладная дата невядомая. Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская назвала гэта мерапрыемствам, на якім беларусам прапануюць «выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам». Якая пазыцыя дэмакратычных сілаў? Што можна зрабіць ва ўмовах такога выбару ў сытуацыі надзвычайных рэпрэсіяў у Беларусі?

— Для пачатку давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Калі б гэтую падзею можна было назваць рэфэрэндумам аб Канстытуцыі, то яна павінна адпавядаць назьве шэрагам прыкметаў. Зараз няма ніводнай. Няма публічных грамадзкіх абмеркаваньняў, якія ўлічваюць думку кожнага. Ёсьць рэпрэсіі і палітычны ціск. Таму мы ня можам выкарыстоўваць слова «рэфэрэндум» без двукосьсяў. Гэта хутчэй мерапрыемства для легітымізацыі рэжыму.

Дэмакратычныя сілы — офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва, Каардынацыйная рада, грамадзянскія ініцыятывы, «Честные люди», плятформы «Голас», «Зубр» і многія структуры і арганізацыі маюць агульны плян. Ён палягае на тым, каб дзейнічаць — прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэні несапраўднымі, ставіць крыжыкі насупраць усіх варыянтаў, прапанаваных на так званым рэфэрэндуме.

Паралельна мы працуем зь сябрамі выбарчых камісіяў. «Честные люди» запрашаюць сяброў камісій супрацоўнічаць, узаемадзейнічаць, быць сумленным сьведкамі на месцах, фіксаваць парушэньні і падаваць рэальную інфармацыю пра тое, што адбываецца ўнутры. Гэтую працу мы вядзем, усьведамляючы, што рыхтуецца не рэфэрэндум, а — я таксама выкарыстоўваю мэтафару — выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. Мы разумеем, што Лукашэнка спрабуе вярнуць сабе легітымнасьць. Легітымнасьць — гэта таксама рэсурс. І зараз у рэжыму ён практычна на нулі.

Усё, што мы робім, робім дзеля паслабленьня рэжыму, для пазбаўленьня яго ўсіх магчымых рэсурсаў — палітычных, дыпляматычных, фінансавых, юрыдычных. І калі на «рэфэрэндуме» ён хоча вярнуць сабе гэтую легітымнасьць, то мы ня можам проста назіраць за тым, як ён гэта робіць.

Мы заклікаем прыходзіць на ўчасткі і рабіць бюлетэнь несапраўдным, пасьля прапануем пацьвердзіць сваё дзеяньне онлайн. Што далей будзе адбывацца на ўчастку — час збору, пункты збору, візуалізацыя — пра гэта будзем гаварыць бліжэй да даты «рэфэрэндуму».

— Якія ёсьць інструмэнты ў перазапушчанай перад рэфэрэндумам плятформы «Голас», якую запачаткавала ініцыятыва «Честные люди»?

— Мы запрашаем усіх — і тых, хто ўжо падтрымлівае прапанаваную стратэгію, і тых, хто сумняецца, і тых, хто выступае за байкот, — прайсьці апытаньне і абазначыць сваю пазыцыю (як ставіцеся да «рэфэрэндуму» і што зьбіраецеся рабіць). Далей мы будзе замяраць настроі ў грамадзтве. Бліжэй да «рэфэрэндуму» сытуацыя, напэўна, будзе мяняцца. На «Голасе» можна будзе атрымліваць зьвесткі пра хаду кампаніі, інфармацыю для сяброў выбарчых камісій, а ў будучыні — і для грамадзянскіх кантралёраў. Гэта новая форма назіраньня, бо назіральнікаў наўрад ці будуць рэгістраваць.

«Адзіны спосаб кантролю за дзеяньнямі людзей на ўчастках — скасаваць таемнае галасаваньне»

— Як вы думаеце, чаго баяцца ўлады? Што яны спрабуюць перадухіліць напярэдадні электаральнай кампаніі, узмацняючы і без таго надзвычайныя рэпрэсіі?

— Рэжым баіцца электаральных кампаніяў, а рэфэрэндум — гэта такая кампанія. Пасьля абвяшчэньня стратэгіі дэмакратычных сілаў рэпрэсіі ўзмацніліся. Тыя, хто сьцьвярджаў, што рэжыму вельмі патрэбная яўка на ўчасткі, ня мелі рацыі. Цяпер відавочна, што рэжыму патрэбная стэрыльная, ціхая кампанія зь мінімальнай яўкай у дні датэрміновага галасаваньня і толькі тых грамадзянаў, над якімі ёсьць кантроль.

Прайшлі ператрусы ў актывістаў кампаніі 2020 году, у назіральнікаў, у тым ліку і актывістаў «Честных людей». Простая мэта — запалохаць, затэрарызаваць і прымусіць не рабіць увогуле нічога падчас «рэфэрэндуму». Яўка пратэставай аўдыторыі рэжыму не патрэбная, ён усьведамляе, што нязгодных — большасьць, і адзіны спосаб кантраляваць дзеяньні людзей на ўчастках — скасаваць таемнае галасаваньне. Гэта той рубеж, за які самыя зацятыя таталітарныя рэжымы не заходзілі. Таму ўлады проста сеюць страх, каб забясьпечыць пустыя ўчасткі — тое, што яны заўсёды называлі ціхай, спакойнай электаральнай кампаніяй.

— Узровень рэпрэсіяў такі, што, магчыма, людзі ня пойдуць на ўчасткі ці на прызначаныя месцы...

— Месцы відавочныя — гэта выбарчыя ўчасткі. Рэжым ня можа забараніць падчас электаральнай кампаніі, фінальны пункт якой — галасаваньне, прыходзіць на ўчасткі. Тут хутчэй пытаньне, як разьмяркоўвацца па ўчастках, пытаньне часу збору. Калі за апошнія год-паўтара нам даюць магчымасьць сабрацца ў адным месцы ці ў 6 тысячах месцаў адначасова, то гэтую магчымасьць трэба выкарыстоўваць.

Гэта наша права — прыходзіць на ўчасткі. Наўрад ці могуць забараніць прыйсьці ці затрымаць за тое, што прыйшлі на выбарчы ўчастак. Гэта акурат тое дзеяньне, якое беларусы могуць сабе дазволіць, як бы гэта жахліва ні гучала. Мы заклікаем прыходзіць і паказваць сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне.

«Гэта важна найперш для саміх грамадзянаў, якія цяпер сталі закладнікамі ўнутры краіны»

— У адну раку нельга ўвайсьці двойчы. Улады ідуць на рэфэрэндум з праверанымі гадамі сілавымі мэтадамі і адміністрацыйнымі вагарамі, толькі ўзмацняючы рэпрэсіі. Ці маюць дэмакратычныя сілы новыя падыходы да гэтай падзеі? Сытуацыя зусім не падобная на тое, што было летам 2020-га, і, пэўна, тыя ж самыя тэхналёгіі і канцэпцыі не дадуць выніку. Што б вы на гэта адказалі?

— Цяпер адбываецца шмат паралельных працэсаў, і кампанія супрацьдзеяньня рэфэрэндуму адзін зь іх. Гэта не панацэя, не адзіны вагар, а істотны момант ціску на сыстэму ўнутры краіны. Ён нічога супольнага з волевыяўленьнем ня мае. І гэта важна найперш для саміх грамадзянаў, якія цяпер сталі закладнікамі ўнутры краіны. Калі рэжым мае патрэбу аднавіць страчаную легітымнасьць, то грамадзяне маюць патрэбу аднавіць сваю суб’ектнасьць, якую яны адчулі ў 2020 годзе. Гэта важна для саміх грамадзянаў, але дзеяньне — прыход на так званы рэфэрэндум — будзе мець сілу толькі ў спалучэньні зь іншымі дзеяньнямі.

Гэта не адзіны трэк, не адзіны шлях, не адзіная кампанія. І гэта не ўваход у адную і тую ж раку, бо мы ўсе ўсьведамляем, што з дапамогай адной электаральнай кампаніі ўладу зьмяніць немагчыма. Мы пабачылі гэта ў 2020 годзе.

Рэжым на рэфэрэндум ускладае, магчыма, ледзь ня ўсе надзеі — каб атрымаць гэтую ўмоўную легітымнасьць унутры краіны. За гэты пэрыяд рэжым так і ня змог нават часткова аднавіць давер грамадзянаў, хоць было шмат магчымасьцяў. Мы выкарысталі ўсе магчымасьці, недзе спрабавалі ісьці на апярэджаньне, аказваючы ціск на сыстэму. Рэжым надалей чыніў рэпрэсіі, генэруючы новыя тэрміны і прысуды. Зьмянілася шмат. Беларусы ўсьведамілі, што рэжым Лукашэнкі ня мае ідэяў будучыні. А мы маем.

«Мы жывем у сытуацыі, калі ўсе незалежныя СМІ, каналы і супольнасьці прызнаюцца „экстрэмісцкімі“»

— Плятформа «Голос» абвясьціла галасаваньне аб стаўленьні да рэфэрэндуму, абвешчанага Лукашэнкам. Як ідзе галасаваньне? Ці тое, што сілавікі прызналі «Голас» экстрэмісцкім, уплывае на колькасьць людзей, якія хочуць выказаць сваю думку?

— Пра лічбы рана гаварыць, бо галасаваньне запусьцілі толькі ў канцы мінулага тыдня. Тое, што мы бачым цяпер у лічбах, карэлюе з апытаньнямі тэлеграм-каналаў. Большасьць карыстальнікаў, якія прыйшлі ў «Голас», падтрымліваюць стратэгію дэмакратычных сілаў.

«Голас» назвалі «экстрэмісцкім». Але наўрад ці магчыма знайсьці чалавека, які быў падпісаны на канал, аб’яўлены «экстрэмісцкім», а потым адпісаўся і цяпер проста праглядае яго без падпіскі. Я заклікаю да сьвядомага выбару. Людзі павінны разумець, навошта яны гэта робяць — бо хочуць атрымліваць праўдзівую інфармацыю, мець доступ да рэальна незалежных СМІ. Напэўна, гэта жахліва гучыць, але такая ў нашых рэаліях цана праўдзівай інфармацыі. Гэта рызыка.

Так, мы жывем у сытуацыі, калі ўсе незалежныя СМІ, каналы і супольнасьці прызнаюцца «экстрэмісцкімі». Думаю, што паводле сьпісу пройдуць па ўсіх. Ці аказвае гэта ўплыў на беларусаў? Упэўнена, што аказвае. Многія адпісваюцца. Ці адабʼецца гэта на кампаніі рэфэрэндуму? Так, думаю, што адабʼецца. Абвяшчаючы пра стратэгію «Голасу», перазапускаючы яго, мы таксама разумелі, што сытуацыя зьмянілася. У 2020 годзе быў іншы кантэкст, ціск быў меншым. Але гэта не нагода нічога не рабіць. Ці мы не прымаем тое, што адбываецца ў Беларусі, і дзейнічаем? Натуральна, мы за тое, каб дзейнічаць, і не пагаджацца, і быць усім разам.

«Зьявіліся паведамленьні, што ў дзяржаўных арганізацыях пачалі звальняць за адмову ўдзельнічаць у рэфэрэндуме»

— Пра што сьведчаць апошнія «зьлівы» ад будучых удзельнікаў выбарчых камісіяў?

— На мінулым тыдні зьявіліся першыя паведамленьні пра тое, што ў дзяржаўных арганізацыях пачалі звальняць за адмову ўдзельнічаць у рэфэрэндуме. Маем фатаграфіі пратаколаў пра звальненьне, але не выкладаем іх дзеля бясьпекі. «Честные люди» працягваюць кантактаваць зь людзьмі, якім прапанавалі стаць сябрамі выбарчых камісіяў. Мы ведаем, што рэжыму складана набраць камісіі. Яшчэ да абвяшчэньня даты рэфэрэндуму пачынаюць набіраць у камісіі за зачыненымі дзьвярыма.

Людзям кажуць, як важна выконваць свой абавязак перад радзімай, і пытаюць пра гатоўнасьць стаць сябрам выбарчай камісіі. Потым адбываюцца сходы, прыяжджаюць ідэолягі, ідзе «прамываньне мазгоў». Мы заклікаем не адмаўляцца. Калі адмовіцеся вы, сумленныя людзі, то замест вас знойдуць іншага фальсыфікатара. Рэжыму складана фармаваць камісіі, і мы пабачым, што іх колькасьць скароцяць.

Калі вы знаходзіцеся ўнутры, то маеце магчымасьць супрацьстаяць. Ці прынамсі мець рэальную інфармацыю. Мы будзем выкладваць рэальную інфармацыю са згоды людзей, якія пачалі з намі супрацоўнічаць, бо гэта рэальныя рызыкі. Пакуль акумулюем інфармацыю, дапамагаем людзям рыхтавацца да тых сходаў. Ніводнага сябра выбарчай камісіі, які з намі супрацоўнічае, не рассакрэцілі. Гэта радуе. Гэтыя людзі — героі, на маю думку, яны сьвядома ідуць на рызыкі. І наша задача — патлумачыць, што гэта рызыкоўна, што агентурная праца магчымая...

— Ваша пажаданьне, ваш позірк у 2022 год?

— Не баяцца. На жаль, рэжыму ўдаецца запалохваць нас. Гэта мае грунт: мы бачым, што адбываецца з нашыми блізкімі ўнутры краіны і з тымі, хто вымушаны зьехаць. Я жадаю нам быць сьмелымі і сьвядомымі. Калі мы рызыкуем, то разумеем, дзеля чаго. Не займацца публіцыстыкай, не прымаць на веру, разьбірацца ва ўсім самім. І перамены будуць за намі.

Лукашэнка баіцца пратэставай яўкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:24:37 0:00
Наўпроставы лінк

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG