Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плятформа «Голос» аб’явіла галасаваньне пра стаўленьне да рэфэрэндуму, абвешчанага Лукашэнкам


Плятформа «Голос»
Плятформа «Голос»

Рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі, якую стварае Лукашэнка, мае адбыцца ў канцы лютага.

Плятформа «Голос», якая працавала падчас сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, перазапускаецца да рэфэрэндуму, паведаміла прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.

«27 лютага можа адбыцца так званы „рэфэрэндум“ — мерапрыемства, на якім беларусам прапануюць выбар паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. Яго хочуць праводзіць у часы, калі ў Беларусі адсутнічае закон, а людзям адкрыта адмаўляюць у натуральных правах на жыцьцё, годнасьць, свабоду думкі і правасудзьдзе. Але нават у гэтых умовах мы можам паказаць, што краіна належыць беларусам. Прыходзьце на ўчасткі і стаўце крыжыкі насупраць усіх варыянтаў адказу, робячы бюлетэнь несапраўдным».

Цяпер людзі могуць прайсьці апытаньне і адказаць, ці падтрымліваюць яны адзіную стратэгію дэмакратычных сілаў, або лічаць больш слушным ігнараваць рэфэрэндум.

Канстытуцыйны рэфэрэндум заплянаваны на люты 2022 году, але дагэтуль няма ні канкрэтнай даты, ні тэксту праекту дакумэнту. Ніводзін экспэрт зь ліку апанэнтаў рэжыму да выпрацоўкі праекту Канстытуцыі не дапушчаны, дэталі праекту мала вядомыя людзям. На грамадзкае абмеркаваньне застанецца меней за два месяцы часу.

«Але мы нагадваем, што нават калі вы ня прыйдзеце на ўчастак, ваш бюлетэнь прыйдзе за вас. Таму, калі вы схіляецеся да байкоту, ваш байкот павінен быць актыўным і бачным», — паведаміла кіраўніцтва плятформы.

Плятформу «Голос» запусьціла ініцыятыва «Честные люди», аб стварэньні якой летась абвясьціў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а цяпер палітычны зьняволены Віктар Бабарыка. Спачатку яе галоўнай функцыяй было тое, каб у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня кожны мог даведацца, колькі галасоў аддадзена за кандыдатаў на яго ўчастку, і параўнаць з дадзенымі пратаколу (трэба было даслаць фота абодвух бакоў бюлетэню ў чат-бот «Голасу»). Пасьля завяршэньня выбарчай кампаніі сфэра дзейнасьці плятформы была пашыраная за кошт іншых ініцыятываў.

Паводле плятформы «Голас», Сьвятлана Ціханоўская перамагла ў першым туры выбараў 9 жніўня 2020 году, набраўшы мінімум 3 мільёны галасоў. Таксама плятформа зарэгістравала звыш 6,5 тысячы парушэньняў на выбарчых участках у краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG