Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь відам на Беларусь без Лукашэнкі». У Вільні абмяркоўваюць альтэрнатыўную Канстытуцыю


Анатоль Лябедзька

У Вільні пачала працу двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя «Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі», арганізаваная Ўсходнеэўрапейскай школай палітычных дасьледаваньняў, а таксама цэнтрамі «Эўрапейскі дыялёг» і «Права і дэмакратыя». Фармат «каляднай дыскусіі» ініцыятары спадзяюцца зрабіць штогадовым.

Сьпікерамі зь беларускага боку заяўленыя Анатоль Лябедзька, Аляксандар Дабравольскі, Валер Кавалеўскі, Аляксандар Вашкевіч, Валер Журакоўскі, Аляксандар Шлык, Леў Марголін, Павал Марыніч, Андрэй Курэйчык.

Сярод гасьцей і выступоўцаў таксама прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі EuroNEST, былы прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубіліюс, віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Лайма Андрыкене, віцэ-сьпікер Сэнату Польшчы Міхал Каміньскі, дэпутат Эўрапарлямэнту Пятрас Ауштравічус ды іншыя.

Заплянавана абмеркаваць наступныя пытаньні:

  • Эўразьвяз і Беларусь: пэрспэктывы супрацоўніцтва
  • Навошта зьмяняць дзейную Канстытуцыю
  • Асноўны закон 1994 году: ці ёсьць сэнс вяртацца?
  • Формы праўленьня і паўнамоцтвы прэзыдэнта ў адпаведнасьці з праектам Канстытуцыі новай Беларусі
  • Канстытуцыйны рэфэрэндум: ці будзе ў людзей выбар? Стратэгія дэмакратычных сіл.

Перад пачаткам паседжаньня Свабода пацікавілася ў кіраўніка цэнтру «Эўрапейскі дыялёг», каардынатара Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі Анатоля Лябедзькі, як можна прыняць Канстытуцыю новай Беларусі, калі ўлады ўжо запусьцілі мэханізм уласнай канстытуцыйнай рэформы? І ці не рызыкуюць ініцыятары за сваю «самадзейнасьць» апрыёры папоўніць шэрагі ня тое што «экстрэмістаў», а нават «тэрарыстаў»?

Паводле Лябедзькі, для падрыхтоўкі, абмеркаваньня, прасоўваньня праекту Канстытуцыі новай Беларусі не патрэбны спэцыяльныя дазволы, ліцэнзіі ды іншае. А вось для прыняцьця выніковага дакумэнту важны і неабходны голас кожнага грамадзяніна і выбарніка. Таму, лічыць ён, ідэальна прыняць праект на рэфэрэндуме.

«Гэтую працу мы распачалі яшчэ ў сакавіку 2019 году, — згадвае Анатоль Лябедзька. — Але пасьля таго, як летась сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы, зразумелі, што ёсьць запатрабаваньне ня проста на касмэтычныя папраўкі, а на радыкальныя зьмены, і мы пачалі працу над праектам Канстытуцыі новай Беларусі. Зразумела, гэта праект з праекцыяй на Беларусь без Лукашэнкі. Так, мы не летуценьнікі і разумеем: пакуль ёсьць Лукашэнка, сыстэма застанецца нязьменнай. Нейкіх ілюзій, што пры Лукашэнку, Карпенку, Андрэйчанку будзе прынятая сапраўдная Канстытуцыя, няма. Таму рыхтуем праект Канстытуцыі без дыктатара і ягоных памагатых. І лічым, што гэтым трэба займацца цяпер, у няпростых, драматычных варунках».

Паводле Анатоля Лябедзькі, калі прыйдзе час сыходу Лукашэнкі, трэба быць абсалютна падрыхтаванымі, каб у першыя 100 дзён прапанаваць беларусам ня толькі выпрацаваны зь іх удзелам новы Асноўны закон, а і цэлы пакет законапраектаў, якія ідуць у ягонае разьвіцьцё і дапаўненьне.

«У нас дакладна ня будзе часу, каб доўга і зацята дыскутаваць, аналізаваць міжнародную практыку, зноў пачынаць з нуля. Грамадзяне будуць чакаць ад новай улады хуткіх, рашучых, эфэктыўных дзеяньняў. Вось на што стратэгічна скіраваная наша праца. І гэта важны чыньнік, паколькі недастаткова сказаць апалітычным людзям, што падрыхтаванае Лукашэнкам і Міклашэвічам — чарговы тупік. Бо ў адказ абавязкова пачуем: а што вы прапануеце лепшае? Цяпер мы можам параіць зайсьці на сайт Kanstytucyja і пабачыць рэальную альтэрнатыву».

Прэтэнзіі скептыкаў, што, маўляў, дакладна ня самы спрыяльны час, каб займацца Канстытуцыяй, Анатоль Лябедзька камэнтуе наступным чынам:

«Ведаеце, трэба нарэшце ня толькі памяняць людзей, якія 27 гадоў стваралі гэтую сыстэму, — адказвае ён. — Надышоў час зламаць саму сыстэму. А Канстытуцыя новай Беларусі — гэта і ёсьць новая сыстэма кіраваньня, новая сыстэма прыярытэтаў. Таму стратэгічна важна мяняць ня толькі прозьвішчы тых, хто яўна заседзеўся ў сваіх крэслах, але і мяняць сыстэму, якую яны стварылі пад сябе».

Свабода таксама папрасіла Лябедзьку ацаніць высілкі арганізатараў канстытуцыйнага рэфэрэндуму, якія так і не абнародавалі праект для публічнага абмеркаваньня перад анансаваным на люты наступнага году «плебісцытам».

«Мы якраз дэманструем, як гэта мусіць быць арганізавана: вядзём працу ўжо некалькі гадоў і абсалютна адкрытыя. Толькі з чэрвеня па лістапад атрымалі звыш 10 000 прапаноў. З гэтай колькасьці 1 700 адабралі для працоўнай групы, якая кожнаму аўтару папраўкі адпраўляла матываваны адказ. Для параўнаньня, праект Канстытуцыі-1994 за чатыры гады агулам атрымаў каля 5 000 прапаноў. Нават нягледзячы на цяперашнія ня самыя спрыяльныя ўмовы, людзі масава адгукнуліся. Таму даводзіцца канстатаваць: так, прынцыпова розныя падыходы. Бо тое, што ніхто ня бачыў прапановаў, падрыхтаваных „пад Лукашэнку“, факт вельмі красамоўны. Усе нашыя напрацоўкі ў крокавай дасяжнасьці, было б жаданьне».


Праца над праектам працягваецца, кажа Анатоль Лябедзька. Наступны крок — стос законапраектаў, на якія даюцца адсылкі ў Канстытуцыі. Тут і Выбарчы кодэкс, і законы аб парлямэнце і амбудсмэне, і тое, што тычыцца судовай сыстэмы.

Што абяцае Канстытуцыйная камісія, скліканая Лукашэнкам

Шэраг паўнамоцтваў прэзыдэнта прапануецца замацаваць за ўрадам, заявіў падчас пасяджэньня камісіі яе кіраўнік, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч, перадае БелТА.

Паводле яго, могуць быць пашыраныя паўнамоцтвы прэм’ер-міністра.

«Прапануецца пашырыць паўнамоцтвы прэмʼер-міністра, узмацніўшы яго ролю ў фармаваньні ўраду шляхам унясеньня прэзыдэнту прапаноў аб структуры ўраду, прызначэньня на пасаду намесьнікаў прэмʼер-міністра, міністраў і іншых чальцоў ураду», — адзначыў ён.

Пры гэтым Міклашэвіч заявіў, што ў Беларусі нібыта «няма аб’ектыўнай неабходнасьці мяняць форму кіраваньня».

Як Лукашэнка абяцаў рэформу Канстытуцыі

  • У сярэдзіне сакавіка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 105 аб Канстытуцыйнай камісіі. Створанай камісіі даручана распрацаваць прапановы для зьмены Асноўнага закону краіны і забясьпечыць іх усенароднае абмеркаваньне.
  • Да 1 жніўня гэтага году камісія плянавала падаць Лукашэнку выпрацаваныя прапановы для іх вынясеньня на рэфэрэндум. У склад камісіі ўвайшлі 36 чалавек на чале са старшынёй Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. У камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.
  • У сакавіку 2019 году Лукашэнка сказаў, што ня супраць зьменаў у Канстытуцыю, асабліва ў частцы ўзмацненьня заканадаўчай улады.
  • У траўні 2019 году Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Беларусі будзе альбо новая Канстытуцыя, альбо будуць уносіцца зьмены ў дзейную. «Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць», — сказаў тады ён.
  • У жніўні 2020-га на фоне пратэстаў супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў Пуцін, які падтрымаў Лукашэнку, выступіў за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі як магчымае выйсьце з сытуацыі.
  • У канцы лістапада 2020-га Лукашэнка заявіў, што «незнаёмаму прэзыдэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга, будзе бяда». І паабяцаў, што пры новай Канстытуцыі «я ўжо з вамі прэзыдэнтам працаваць ня буду».
  • У сьнежні Лукашэнка заявіў, што «ўсебеларускі народны сход» трэба зрабіць канстытуцыйным органам. І перадаць менавіта гэтаму органу тыя паўнамоцтвы, якіх пазбавіцца прэзыдэнт.
  • Але ўжо перад Новым годам стала зразумела, што пытаньне пра зьмены ў Канстытуцыю адклалі як мінімум да канца 2021-га. «Думаю, што да канца наступнага году праект новай Канстытуцыі будзе гатовы. І тады на рэфэрэндуме людзі вызначаць, быць новай Канстытуцыі ці ня быць», — сказаў Лукашэнка.
  • 30 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду наконт пераразьмеркаваньня паўнамоцтваў. На ёй ён заявіў, што неабходна захаваць моцную прэзыдэнцкую ўладу.
  • «У прэзыдэнта застануцца асноўныя паўнамоцтвы, якія могуць уплываць на любое рашэньне зьнізу даверху. Дзе б ні быў Лукашэнка, які б ні быў тут прэзыдэнт, ён будзе кіраўніком дзяржавы з моцнымі паўнамоцтвамі, бо калі мы „разбавім“ будучага прэзыдэнта (не мяне гэта тычыцца), маюцца на ўвазе паўнамоцтвы найперш, краіне ня быць, яна зьнікне», — заявіў Лукашэнка.
  • Ён падкрэсьліў, што прэзыдэнт і далей будзе галоўным у тых сфэрах, «дзе вырашаюцца найважнейшыя пытаньні для любога жыхара, суб’екта гаспадараньня і дзяржавы ў цэлым».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG