Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька: Зьехаць зь Беларусі папрасіла сям’я


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Палітык расказаў, чаму пакінуў краіну, ацаніў імавернасьць дыялёгу ўлады і грамадзтва і будучы рэфэрэндум.

«Ужо некаторы час я за мяжой — у вандроўцы па розных краінах, няма пастаяннага месца, — патлумачыў палітык «Народнай Волі». — Быў вымушаны пакінуць краіну, як і многія іншыя беларусы з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Зрэшты, ад гэтага мае пляны не зьмяніліся. Я працую па некалькіх кірунках. Асноўны — праект новай Канстытуцыі, у нас атрымаўся вельмі якасны дакумэнт для новай Беларусі. Сёньняшні рэжым ня будзе вечна існаваць, трэба быць гатовымі да новых выклікаў».

Анатоль Лябедзька сказаў, што пакінуць Беларусь давялося на просьбу сям’і, бо яны ўжо псыхалягічна стаміліся ад трывожнага чаканьня, што могуць чарговым разам кінуць за краты.

«Калі б я застаўся ў краіне, эфэктыўнасьць маёй працы была б меншая ў разы, — кажа ён. — Сям’я засталася ў Менску, дый у мяне няма плянаў пакідаць Беларусь назаўжды. Будзем лічыць, што зараз знаходжуся ў рабочай камандзіроўцы».

Многія вядомыя людзі заклікаюць улады да перамоваў з дэмакратычнай апазыцыяй. Анатоль Лябедзька паразважаў, ці магчыма гэта ў бліжэйшай пэрспэктыве.

«Па-першае, мне падаецца, што зараз уладам ня вельмі патрэбныя перамовы. Гэта ніколі не было іх моцным бокам, а цяпер стала яшчэ больш праблематычным. Таму тут пэрспэктывы невыразныя. Хіба што могуць зьявіцца нейкія фактары, якія гэтаму паспрыяюць. Эканоміка можа сказаць сваё моцнае слова, альбо зьнешнія гульцы паспрыяюць», — лічыць ён.

Гэтаксама скептычна палітык ставіцца да рэфэрэндуму па абноўленай Канстытуцыі, заплянаванага на люты 2022 году.

«Рэфэрэндум нічога ня вырашыць. Для таго каб плебісцыт быў легітымны, яго трэба праводзіць па зразумелых усім грамадзянам Беларусі правілах. У выбарчых камісіях павінны прысутнічаць ня скрозь праўладныя асобы, а і прадстаўнікі грамадзтва, якія здольныя ўлічваць сапраўднае волевыяўленьне людзей. А ў нас выбары — выключна інструмэнт стварэньня ўражаньня, што ўлада мае легітымнасьць. Асабіста ў мяне няма ніякіх аптымістычных чаканьняў наконт таго, якім чынам будзе праведзены гэты рэфэрэндум».

Анатоль Лябедзька быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканьняў, 18 гадоў узначальваў Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Калі пакінуў выбарную пасаду, зарэгістраваў і ўзначаліў цэнтар дасьледаваньняў і прагнозаў разьвіцьця «Эўрапейскі дыялёг», які ўлады цяпер закрываюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG