Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васкрасенскі абяцае праект новай Канстытуцыі «пад Раство»


Юры Васкрасенскі
Юры Васкрасенскі

Канстытуцыйны рэфэрэндум улады абяцаюць на пачатку наступнага году, але праекту Асноўнага Закону для публічнага абмеркаваньня няма дагэтуль. 

Раней кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка абяцаў, што праект абноўленай Канстытуцыі прэзэнтуюць у першай палове сьнежня. Гэта ж пацьвярджалі чальцы канстытуцыйнай камісіі, дый сам Аляксандар Лукашэнка казаў, што «вось-вось».

Дык калі ўсё ж беларусы змогуць азнаёміцца з таемным дакумэнтам?

«Чакаем літаральна з дня на дзень. З чым зьвязаная затрымка? З тым, што Канстытуцыя ня пішацца на каленцы. І ў тым ліку праект. Лепей лішні раз выверыць, каб потым было меней заўваг. Унутры камісіі дыскусійных пытаньняў наконт зьместу не засталося, толькі пытаньні стылістычнага характару», — расказаў «Нашай Ніве» адзін з чальцоў канстытуцыйнай камісіі Юры Васкрасенскі.

На просьбу журналістаў удакладніць новую дату публікацыі Васкрасенскі выказаў меркаваньне, што «дакладна да канца году».

«Гэта адбудзецца ў сьнежні. Хутчэй за ўсё, на наступным тыдні, да Раства. Тым, каму канстытуцыйны працэс цікавы, хопіць часу, каб цягам месяца даслаць свае прапановы, заўвагі. Зацікаўленым людзям усё роўна, калі праект будзе апублікаваны — пад Новы год ці на Вялікдзень. Яны так ці інакш будуць удзельнічаць у абмеркаваньні», — падсумаваў праўладны палітоляг.

Дагэтуль няма ня толькі праекту новай Канстытуцыі, не названая і дакладная дата «плебісцыту». Адзінае, што вядома, — упершыню за чвэрць стагодзьдзя кіраваць Цэнтравыбаркамам і падлічваць галасы будзе ня Лідзія Ярмошына, а нядаўні міністар адукацыі Ігар Карпенка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG