Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў былога лідэра праўладнай Кампартыі Карпенку старшынём Цэнтравыбаркаму. Што пра яго вядома


Ігар Карпенка

Лукашэнка прызначыў міністра адукацыі на пасаду старшыні Цэнтарвыбаркаму, замяніўшы сваю шматгадовую паплечніцу Лідзію Ярмошыну.

Папярэдняй старшынёй Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Беларусі 25 гадоў была Лідзія Ярмошына. Яна ўзначаліла структуру пасьля адхіленьня ад пасады Віктара Ганчара, які пазьней зьнік разам зь бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім.

Ігар Карпенка — былы лідэр праўладнай Камуністычнай партыі. Да гэтага прызначэньня ён займаў пасаду міністра адукацыі.

Ігар Карпенка нарадзіўся ў 1964 годзе ў Новакузьнецку Кемераўскай вобласьці Расеі. Скончыў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут імя Максіма Горкага па спэцыяльнасьці «настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і ангельскай мовы», Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце па спэцыяльнасьці «міжнародныя адносіны».

Пачынаў працаваць піянэрважатым у сярэдняй школе, быў сакратаром камітэту камсамолу, прарэктарам у выхаваўчай і сацыяльнай рабоце Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка.

Быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу трэцяга і чацьвёртага скліканьняў. Узначальваў камісію міжнародных спраў і сувязяў СНД.

У ліпені 2011 году яго прызначылі намесьнікам старшыні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. У Менгарвыканкаме адказваў за ідэалягічную, грамадзка-палітычную дзейнасьць.

Карпенка быў у КПСС з 1984 году, удзельнічаў у адраджэньні Камуністычнай партыі Беларусі, быў другім сакратаром ЦК КПБ і першым сакратаром Менскага гарадзкога камітэту КПБ. У кастрычніку 2012-га яго выбралі першым сакратаром Цэнтральнага камітэту КПБ, якая зьяўляецца праўладнай і ўсяляк падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. З пасады кіраўніка партыі ён сышоў, калі стаў міністрам адукацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG