Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У 2022-м адбудуцца тэктанічныя зьмены». Сільчукоў — пра беларускую ДНК і пакутнікаў, што сталі Нябеснай вартай


Ільля Сільчукоў, архіўнае фота.
Ільля Сільчукоў, архіўнае фота.

Вядомы беларускі опэрны сьпявак Ільля Сільчукоў расказвае ў эфіры Свабоды Premium пра жыцьцё і працу ў ЗША, прэм’еру опэры Расіні «Папялушка» ў францускім Манпэлье, працу над кліпам «Ваўкі», які набраў больш за мільён праглядаў.

Сьпявак перакананы, што цягам наступнага году ў Беларусі маюць адбыцца «тэктанічныя зьмены», і заклікае беларусаў не губляць надзею.

Глядзіце размову на відэа цалкам.

Ільля Сільчукоў, 39 гадоў. Нарадзіўся ў Менску. Скончыў гімназію-каледж пры Беларускай акадэміі музыкі, вакальнае аддзяленьне Менскай музычнай вучэльні імя М. Глінкі, вакальнае аддзяленьне Беларускай акадэміі музыкі. З 2005 году — саліст Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Ляўрэат 16 міжнародных конкурсаў вакалістаў. Быў адным з трох гранд-фіналістаў у тэлепраекце «Вялікая Опэра» на канале «Россия-Культура». Мае мэдаль Францішка Скарыны (2015). Удзельнічаў у пратэстах 2020 году, быў звольнены з тэатру. Апошні год жыве ў ЗША.

Асноўныя тэзісы Ільлі Сільчукова

Аб прэмʼеры опэры Расіні «Папялушка»

Ільля Сільчукоў у опэры Расіні "Папялушка" ў опэрным тэатры ў Манпелье ў Францыі.
Ільля Сільчукоў у опэры Расіні "Папялушка" ў опэрным тэатры ў Манпелье ў Францыі.

— 19 сьнежня я выйшаў на сцэну опэрнага тэатру Манпэлье ў ролі Дандыні ў новай пастаноўцы «Папялушкі». Усё прайшло ўзьнёсла, публіка добра прымала. Надзвычай вясёлы атрымаўся спэктакль. Гэта першы сэзон пасьля локдаўну ў Францыі. Апошні раз я выступаў на францускай сцэне ў Тулюзе акурат перад карантынам, у лютым—сакавіку 2020 году. Зараз публіка вярнулася ў залі. Былі на прэмʼеры і беларусы, што жывуць у Францыі. Гэта ўжо трэці мой праект з тэатрам у Манпэлье: сёлета Расіні, а ў 2016–2017 гадах былі Пучыні і Дворжак.

Пра поўныя залі і вакцынаваную публіку

Ільля Сільчукоў у опэры Расіні "Папялушка" ў опэрным тэатры ў Манпелье ў Францыі
Ільля Сільчукоў у опэры Расіні "Папялушка" ў опэрным тэатры ў Манпелье ў Францыі

— Будуць яшчэ спэктаклі. Усе квіткі раскупленыя. Вядома, турбуюся, каб не скасоўвалі спэктаклі. Але надзвычай аптымістычна настроеныя французы, бо ў іх каля 90% насельніцтва прышчэплена дзьвюма дозамі, і яны ня бачаць вялікай праблемы з гэтым «Омікронам». Поўныя залі. Забароненыя сьвяточныя захады пасьля імпрэзы, не працуе бар, ёсьць санітарныя абмежаваньні. Без сэртыфікату аб вакцынацыі ня зможаце зайсьці ў будынак тэатру, абавязкова павінен быць пашпарт прышчэпак.

Пра жыцьцё, творчасьць і працу ў ЗША пасьля адʼезду зь Беларусі

— Мы зь сямʼёй стала знаходзімся ў Паўночнай Амэрыцы, у Бостане. Я супрацоўнічаю з тэатрамі. Мусіць адбыцца дэбют у адным зь іх. Локдаўн заканчваецца, і калі гэта адбудзецца, адразу буду хваліцца: я ладжу майстар-клясы акадэмічнага сьпеву і акторскага майстэрства зь дзеткамі. Мяне надзвычай натхняе супраца зь беларускімі суполкамі ў ЗША, якія дужа актыўныя. Ганаруся быць суайчыньнікам з такімі людзьмі, бо яны вельмі шмат робяць для падтрымкі нашай супольнасьці, для беларусаў у Беларусі, для ўсіх рэпрэсаваных.

Пра праект «Чатыры стагодзьдзі беларускай музыкі» ў ЗША

Ільля Сільчукоў і Тацяна Лойша
Ільля Сільчукоў і Тацяна Лойша

— Разам з маёй сяброўкай, выбітнай піяністкай Тацянай Лойшай успомнілі наш праект «Чатыры стагодзьдзі беларускай музыкі», які мы ладзілі зь Віктарам Іванавічам Скарабагатавым і Беларускай капэляй для аднаго зь міжнародных форумаў у Менску, у Вялікім тэатры. Вырашылі аднавіць, і адразу пачаліся замовы, званкі. Мы зрабілі адзін праект у Вашынгтоне, і нас адразу завалілі прапановамі, каб гэты самы праект і канцэрт паўтарыць у Сан-Францыска, Філядэльфіі, Сіэтле, Флорыдзе і Бостане.

Пра «Зорку Вэнэру» за дзесяць тысяч кілямэтраў ад Беларусі

— Робіш тое, што любіш, і тое, што ня можаш не рабіць. Гэта прыносіць асалоду, і вынікі гэтага бачныя — усьмешкі людзей, узьнёслы настрой, часам сьлёзы, калі разам сьпяваем «Купалінку» ды іншыя беларускія песьні. Калі сьпяваеш «Зорку Вэнэру» зь людцамі за дзесяць тысяч кілямэтраў ад роднай хаты, гэта ўражвае і грэе сэрца.

Пра відэакліп «Ваўкі» з больш чым мільёнаў праглядаў

— Мой сябра паэт Казімер Машкала прапанаваў гэты тэкст. Мяне закранулі тэма і вобраз, зьвязаны з ваўкамі, шмат у якіх сэнсах і архетыпах. Закранаецца таксама і спадчына Беларусі, беларуская міталёгія, наша ўспрыняцьце сьвету, працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. Я палічыў, што гэта цудоўны тэкст, каб папрацаваць зь ім над песьняй. Мы замовілі музыку аднаму з маскоўскіх кампазытараў, і атрымалася песьня пра падзеі, актуальныя для ўсіх нас. Ёсьць іншыя задумы, якія цяпер у працы. Спадзяюся, што ў наступным 2022 годзе яшчэ будуць рэлізы, таму прашу крыху пачакаць.

Пра «генацыд беларускай культуры»

— Гэта жах, што адбываецца ў Беларусі з культурай. Я расцэньваю гэта як сьвядомы генацыд беларускае культуры. І ня толькі культуры. Ня бачу сэнсу пра гэта размаўляць у эмацыйным тоне. Не лічу, што гэта зьдзіўляе. На жаль, гэта той трэк, на які ступіла ўлада ў Беларусі. Мяне гэта непакоіць, але бачу, што глыбінныя зьмены ў грамадзтве ўжо адбыліся, і толькі патрабуецца час, каб яны сталі відавочнымі. У кроках тэрору я ня бачу будучыні. А што далей? Мы зачынім тэатры, зачынім музыкаў, двух-трох праўладных актораў уладкуем на сталую працу. Адна з акторак (усе яе добра ведаюць, на жаль) пашкадавала, што яе не бяруць на працу ў расейскія сэрыялы.

Пра зьмены ў 2022 годзе

— Усё, што накіравана на рэгрэс і рэпрэсіі, ня мае будучыні. Жыцьцё патрабуе рашэньняў, якія спрыялі б разьвіцьцю і дыялёгу, які немагчымы зараз, калі пазыцыя аднаго з бакоў накіраваная на рэпрэсіі. Будучыня — за свабоднай Беларусьсю. У мяне няма скрухі, маўляў нічога там ніколі ня будзе. Будзе. І мой асабісты прагноз, што цягам наступнага году да зімы адбудуцца ўжо відавочныя тэктанічныя зьмены ў нашым грамадзтве.

Пра беларускую ДНК

— Я сябра Беларускай рады культуры. Зараз адбываецца, магчыма, невідавочны працэс, але пройдзе некалькі гадоў, і мы ўсьвядомім яго важнасьць. Раней зусім не было асяродкаў беларускай нацыянальнай культуры ня тое што ў сьвеце, але ў нас саміх. Цяпер мы паўсюль у сьвеце бачым культурныя асяродзьдзі і беларускую ДНК. Гэта ўсё вынік працэсаў унутры Беларусі. І гэта адказ грамадзянскай супольнасьці вельмі вялікага ўзроўню. Усе думалі, што месяц-два — і людзі перастануць выходзіць на вуліцы, перастануць дасылаць лісты палітвязьням, а ўжо другі год гэта працягваецца, і працэс толькі набірае хаду. Я ўпэўнены, што за гэтым будучыня. Зараз укладаецца ДНК нацыі.

Пра беларускіх пакутнікаў

— Нацыя атрымала, на жаль, дарагім коштам, коштам крыві, сваіх пакутнікаў, якія сталі Нябеснай вартай Беларусі. Гэта незваротны працэс. Вы можаце руйнаваць мэмарыялы, але яны ў галовах людзей. Імёны Віхора, Бандарэнкі, Тарайкоўскага і астатніх ужо ў памяці народу. Гэта толькі пытаньне часу, калі замест плошчы Прытыцкага, дзе я з маленства жыў у доме нумар 38, будзе плошча Тарайкоўскага.

Пажаданьне на Каляды

— Я хацеў бы пажадаць беларусам не губляць надзеі. Цяпер сьвята нараджэньня Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Замест таго каб канцэнтравацца на сваіх асабістых праблемах, на сваёй скрусе, трэба аказваць магчымую дапамогу тым, каму горш, чым вам. Гэта дасьць сілы ўсё вытрымаць. Трэба назапашваць досьвед, каб тое, праз што мы праходзім у Беларусі і за мяжой, было асэнсавана і мела вынікі ў будучыні. Мы прайшлі шмат чаго ў гісторыі, і гэта дасюль узьдзейнічае на нас, бо не асэнсаванае. Тое, што цяпер перажывае Беларусь, я асабіста зьвязваю з праклёнам камунізму. Пасьля ўсяго, што адбылося, трэба абʼяднаць грамадзтва і асэнсаваць: мы ня можам сабе дазволіць, каб зноўку адбывалася такое ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG