Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 24 сьнежня: год калёніі за леташні ўдзел у «счэпцы», «хатняя хімія» і 700 рублёў кампэнсацыі за абразу міліцыянта


Ілюстрацыйнае фота. Акцыя пратэсту 6 верасьня 2020 году ў Менску

Перасьлед беларусаў за іх грамадзкую і палітычную пазыцыю не спыняецца. Свабода працягвае штодня весьці хроніку перасьледу.

Год калёніі за леташні ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня ў Менску

24 сьнежня Ленінскі суд Менску вынес прысуд 27-гадоваму палітвязьню Арцёму Табакару, паведамляе «Вясна». Яго прызналі вінаватым паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі і пакаралі 1 годам пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Хлопца затрымалі 23 верасьня 2021 году за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасьня 2020 году. Матэрыяламі ў справе былі толькі фатаздымак і відэа Арцёма са «счэпкі» падчас пратэстаў 2020 году. Сьведкай падчас паседжаньня выступіла жонка палітвязьня.

Яшчэ адна справа міліцыянта Вольніча: два гады «хатняй хіміі» 57-гадовай жанчыне за яго абразу

Суд Рагачоўскага раёну 24 сьнежня агучыў вырак па крымінальнай справе ў дачыненьні да 57-гадовай Надзеі Башковай, якую абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады, паведамляе «Вясна». Абвінавачаная пакінула камэнтар пад пастом Вольгі Карач у «Одноклассниках», — у ім было зьмешчана відэа, на якім старэйшы лейтэнант Вольніч са сваімі калегамі жортска затрымлівае хлопца.

Пацярпелы — ужо вядомы па шматлікіх тыповых справах ганцавіцкі супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч. Суду ён распавёў, што сваім камэнтаром Надзея нанесла яму маральную шкоду, «сапсавала яго аўтарытэт, выклікала пачуцьцё ўнутранага дыскамфорту». Свае маральныя пакуты ён ацаніў у 1500 рублёў.

Судзьдзя Ірына Прадун прысудзіла жанчыне два гады «хатняй хіміі», а таксама пастанавіла выплаціць Вольнічу маральную кампэнсацыю ў памеры 700 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG