Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 сьнежня: затрымалі групу салігорскіх «партызанаў», студэнта судзяць за леташні марш пратэсту


Адзін з менскіх раённых судоў. Ілюстрацыйнае фота
Адзін з менскіх раённых судоў. Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў надалей перасьледуюць за грамадзянскую пазыцыю. Свабода зьбірае інфармацыю пра суды, выракі, арышты і ператрусы.

Праваабаронцу Алесю Капуцкаму прысудзілі 15 дзён арышту

Як паведамляе «Вясна», Алеся затрымалі 17 сьнежня ў Маладэчне. На яго склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Справу «цюкоў пратэсту» накіравалі ў суд


Пракуратура Дзяржынскага раёну накіравала ў суд крымінальную справу з абвінавачаньнем сямі менчукоў у «злосным хуліганстве», інфармуе пракуратура Менскай вобласьці.

Паводле ведамства, абвінавачаныя ва ўзросьце ад 28 да 51 году (чацьвёра мужчын і тры жанчыны) 1 верасьня ўначы прыехалі на поле блізу вёскі Клыпаўшчына Дзяржынскага раёну ўздоўж трасы М1 «з мэтай пашкоджаньня чужой маёмасьці з хуліганскіх памкненьняў нанесьлі розныя выявы на ўпакоўках цюкоў». Агулам «пашкодзілі» 82 цюкі, чым была «парушаная тэхналёгія захоўваньня сенажу».
У выніку ААТ «Крутагор’е-Петкавічы» нанесеная шкода на суму 1,5 тысячы рублёў, у ходзе сьледзтва не кампэнсаваная. На маёмасьць абвінавачаных накладзены арышт.

Справу накіравалі ў суд, меру стрыманьня пракурор пакінуў ранейшай — узяць пад варту.

Сілавікі затрымалі групу салігорскіх «партызанаў»

Як паведаміла менская абласная міліцыя, сярод затрыманых 42-гадовы мужчына, ягоная 39-гадовая жонка і іхны 40-гадовы знаёмы. Яны распаўсюджвалі ўлёткі (раскідвалі іх у паштовыя скрыні) і наносілі на будынкі надпісы «пратэставага характару» («Свабоду палітвязьням!» і іншыя). Затрымлівалі супрацоўнікі Салігорскага РАУС і апэратыўнікі ГУБАЗіК.

Супраць мужа і жонкі завялі крымінальныя справы за «апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці», а таксама за «паклёп» у адрас Лукашэнкі. Паведамляецца, што «дзеяньням двух іншых фігурантаў даецца прававая ацэнка». Усяго затрымалі чатырох чалавек.

Студэнта судзяць за леташні «Партызанскі марш»

20 сьнежня ў судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы студэнта Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Івана Ніканава.

Палітвязьня абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).

Крымінальную справу супраць маладога чалавека пачалі за ўдзел у акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 году.

Івана Ніканава схапілі сёлета 12 кастрычніка і трымаюць у СІЗА № 1 Менску. Праваабаронцы прызналі студэнта палітычным вязьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG