Паводле папярэдняй інфармацыі прэс-службы Віктара Бабарыкі, ён зьяўляецца падазраваным у новай крымінальнай справе.
Пра гэта піша афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
У чым падазраюць Эдуарда Бабарыку:
- артыкул 130 Крымінальнага кодэксу, частка 3: распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці;
- артыкул 293 частка 1: арганізацыя масавых беспарадкаў.
Абвінавачаньня Эдуарду яшчэ ня выставілі.
Кіраўніка ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі Эдуарда Бабарыку затрымалі летась 18 чэрвеня. Паўгода ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, нядаўна яго перавялі ў менскае СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
17 сьнежня прайшло роўна 18 месяцаў з моманту затрыманьня Эдуарда. Паводле дзейнага заканадаўства, гэта максымальны тэрмін, калі чалавек можа знаходзіцца пад вартай падчас папярэдняга сьледзтва. Але малады чалавек на волю так і ня выйшаў.
Згодна з крымінальна-працэсуальным кодэксам, працягваць утрыманьне пад вартай даўжэй за 18 месяцаў можна, калі папярэдняе расьсьледаваньне скончылі, а матэрыялы крымінальнай справы перадалі фігуранту, каб азнаёміцца. Аднак дакладнай інфармацыі, ці завяршылі справу і ці знаёміліся з матэрыяламі Эдуард і ягоныя адвакаты, няма. Адвакаты Эдуарда Бабарыкі знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні і ня могуць камэнтаваць сытуацыю.