Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 сьнежня: да 3 гадоў калёніі за леташнюю акцыю пратэсту ў Салігорску

абноўлена

Сілавік на акцыі пратэсту ў верасьні 2020 году
Сілавік на акцыі пратэсту ў верасьні 2020 году

Беларусаў надалей перасьледуюць за грамадзкую і палітычную пазыцыю.

2,5 і 3 гады зьняволеньня за акцыю пратэсту

Як паведамляе «Вясна», суд Салігорскага раёну вынес прысуды групе ўдзельнікаў леташняй акцыі пратэсту, якіх абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і ч. 2 арт 363. (супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак). На лаве падсудных былі чацьвёра: Павал Крашакоў, Ігнат Ігнаценя, Кірыл Рамашка і Даніла Басяк.

Справу разглядаў судзьдзя Юры Блоцкі. Судовы працэс распачаўся 7 сьнежня. Да суду ўсе чацьвёра знаходзіліся пад вартай.

  • У выніку Паўлу Крашакову, Кірылу Рамашку, Данілу Басяку прысудзілі два з паловай гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму і 2000 рублёў кампэнсацыі пацярпелым супрацоўнікам міліцыі;
  • Вырак Ігнату Ігнаценю — тры гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі агульнага рэжыму і 2000 рублёў кампэнсацыі.

Студэнта БДУІР Ніканава пакаралі 3 гадамі «хіміі»

У Ленінскім судзе Менску вынесьлі прысуд у крымінальнай справе студэнта БДУІР, палітвязьня Івана Ніканава, якога абвінавачвалі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле у іх» (ч. 1 артыкулу 342 КК РБ).

Іван — студэнт БДУІР, якога затрымалі 12 кастрычніка 2021 году за ўдзел у акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 году. Хлопца вызвалілі ў залі суду да прызначэньня яму ўмоваў адбыцьця пакараньня.

Патэлефанавала ў міліцыю і аблаяла Лукашэнку — атрымала 2 гады «хіміі»

Суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну разгледзеў крымінальную справу 54-гадовай Алы Ціхаміравай, якую абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 368 – «Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Згодна з абвінавачаньнем, 17 кастрычніка жанчына пазваніла з хатняга тэлефона ў «102» і нецэнзурна аблаяла Лукашэнку, паведамляе «Вясна».

Паводле зьвестак сьледзтва, гэткія ўчынкі Ціхамірава рабіла неаднойчы — толькі сёлета яна больш за сто разоў без патрэбы тэлефанавала ў міліцыю, чым «ускладняла працу праваахоўнікаў і замінала іншым грамадзянам да іх зьвяртацца». У выніку судзьдзя Іна Паўлоўская прысудзіла жанчыне два гады «хіміі».

Тры гады калёніі за жалобныя кошыкі ля дзьвярэй міліцыянта і судзьдзі

40-гадовы жыхар Стаўпецкага раёну атрымаў тры гады калёніі за тое, што паставіў ля дамоў міліцыянта і судзьдзі рытуальныя жалобныя кошыкі, у якіх пакінуў цыдулкі з пагрозамі, паведамляе reform.by са спасылкай на Генэральную пракуратуру.

Суд абавязаў мужчыну таксама выплаціць паўтары тысячы рублёў як кампэнсацыю маральнай шкоды пацярпеламу міліцыянту.

Пэнсіянэрцы запісалі парушэньне, бо пераблытала час адзначэньня ў міліцыі

Хворая на анкалёгію пэнсіянэрка Людміла Хлусевіч, якая нядаўна пачала адбываць паўтара года «хатняй хіміі», мае першае «парушэньне рэжыму», піша «Вясна».

Людміла Хлусевіч
Людміла Хлусевіч

Жанчына 19 сьнежня пераблытала час, калі ёй трэба адзначацца ў міліцыі, і пайшла туды на паўтары гадзіны раней. У гэты момант да яе прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і не засьпелі ў кватэры.

Гэтае парушэньне будзе разглядаць суд, які можа пакараць пэнсіянэрку 15 днямі арышту ці штрафам.

На мяжы затрымалі беларуса

Праваабаронцы паведамілі, што ноччу 21 сьнежня на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі жыхара Іўя Анатоля Міцкевіча. Прычына пакуль невядомая.

Абласны суд у Горадні зьліквідаваў аб’яднаньне маладых навукоўцаў «ВІТ»

Пра гэта паведаміў «Белсат».

Абʼяднаньне праіснавала 26 гадоў. Яго заснавалі ў 1995 годзе маладыя гісторыкі, правазнаўцы, філёлягі. Яны імкнуліся зьмяніць да лепшага сыстэму адукацыі і рыхтаваньня навуковых кадраў, настаўнікаў.

«ВІТ» рэалізоўвала свае праекты ў тым ліку супольна зь дзяржавай —канфэрэнцыі і публікацыі на тэму канстытуцыйнага права Беларусі, гісторыі ВКЛ і беларускага нацыянальнага руху, унармаваньня беларускай мовы. Шмат праектаў тычыліся працы з настаўнікамі ў рэгіёнах.

Старшыня арганізацыі падаў апэляцыю на гэтае рашэньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG