Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 сьнежня: студэнта БДУ затрымалі ў дэканаце і асудзілі; затрымалі яшчэ адну супрацоўніцу кампаніі А1


Сілавікі на жаночым маршы ў верасьні 2020 году, ілюстрацыйнае фота
Сілавікі на жаночым маршы ў верасьні 2020 году, ілюстрацыйнае фота

Беларусаў надалей перасьледуюць за грамадзка-палітычную пазыцыю.

Затрымалі вядучага спэцыяліста працы з кліентамі кампаніі А1

Праўладныя каналы апублікавалі відэа з жанчынай, якая называе сябе вядучым спэцыялістам працы з кліентамі ў кампаніі А1. Сьцьвярджаецца, што яе затрымалі сёньня. У «пакаяльным відэа» яна кажа, што ў жніўні 2020 году ўдзельнічала ў пратэстах у Менску, перакрывала рух і на гэты момант затрыманая міліцыяй.

Па інфармацыі dev.by, гэта Сьвятлана Каленчыц.

13 сьнежня сілавікі затрымалі прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 Мікалая Брэдзелева, яго пакаралі арыштам на 15 дзён. На «пакаяльным» відэа сілавікоў Брэдзелеў кажа, што нібыта перадаваў блогеру Антону Матольку інфармацыю, «зьвязаную зь яго прафэсійнай дзейнасьцю». У кампаніі А1 заявілі, што не атрымлівалі афіцыйных прэтэнзіяў ад уладаў і што Брэдзелеў ня меў доступу да пэрсанальных зьвестак кліентаў. Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка загадаў ацаніць дзеяньні кампаніі А1 і прыняць «самыя жорсткія меры».

Два гады «хіміі» за камэнтар

Яшчэ аднаго беларуса судзілі за абразу міліцыянта Вольніча. Як паведамляе «Вясна», 22 сьнежня суд Рагачоўскага раёна вынес вырак па крымінальнай справе ў дачыненьні да Аляксандра Кандорскага, якога абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады.

У кастрычніку мінулага года пад відэа пра разгон мірнай акцыі, якое ў сваім пасце ў Аднакласніках разьмясьціла Вольга Карач, Аляксандр пакінуў камэнтар: «На кол».

Пацярпелы міліцыянт распавёў, што камэнтар Аляксандра прычыніў яму «крыўду, сорам, горыч, абурэньне». У выніку, па словах Вольніча, яму нават прыйшлося зьвярнуцца па дапамогу да псыхоляга. Ён заявіў, што ў якасьці маральнай кампэнсацыі за абразу ён патрабуе 1500 рублёў.

Студэнту юрфаку ​далі 15 дзён арышту за «экстрэмісцкія матэрыялы»

Студэнта юрыдычнага факультэту БДУ Ільлю Сіўцова, якога затрымалі ў дэканаце, асудзілі на 15 содняў арышту, перадае «Вясна».

22-гадовага маладога чалавека за апошнія два тыдні затрымлівалі двойчы. Першы раз 13 сьнежня. Тады зь ім запісалі «пакаяльнае відэа», на якім ён кажа, што падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы, рэгістраваўся ў пляне «Перамога», удзельнічаў у «масавых беспарадках» у жніўні 2020 году, быў назіральнікам на выбарах. Тады суд пакараў Сіўцова шасьцю соднямі.

Праз два дні пасьля вызваленьня з Акрэсьціна, 21 сьнежня, Сіўцова выклікалі ў дэканат, каб ён напісаў тлумачальны ліст. Але на выхадзе Ільлю зноў затрымалі. У судзе Маскоўскага раёну Менску над студэнтам 22 сьнежня прайшоў суд. Справу паводле артыкула 19.11 КаАП («распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў») разглядаў судзьдзя Сяргей Кацар. Вынік — 15 содняў адміністрацыйнага арышту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG