Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра кампанію А1, на якую ціснуць сілавікі і прапагандысты


Лога аўстрыйскай кампаніі А1 Telekom Austria Group, якая валодае А1

А1 — першы беларускі сотавы апэратар, які працуе ў стандарце GSM, буйны пастаўшчык інтэрнэт-паслуг. Усе яе акцыі належаць аўстрыйскай кампаніі А1 Telekom Austria Group

Сілавікі затрымалі прэс-сакратара кампаніі мабільнай сувязі А1 Мікалая Брэдзелева. Мяркуючы па фота, якое зьявіліся ў адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў, да яго прыходзілі зь ператрусам. 13 сьнежня яго пакаралі арыштам на 15 сутак

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы пасьля затрыманьня Мікалая Брэдзелева пачалі пісаць пагрозы ў бок кампаніі А1. Глядзім, што гэта за кампанія.

Першы беларускі сотавы апэратар у стандарце GSM

Кампанія А1 пачала сваю дзейнасьць у красавіку 1999 году, тады яшчэ пад назвай «Мабільная лічбавая сувязь». Напачатку кампанія запусьціла 9 базавых станцый: 9 у Менску і адну ў Арэшніках, па дарозе ў аэрапорт.

Да лета 2000 году да сеткі падключылі ўсе абласныя гарады, з красавіка 2007 году мабільная сувязь стала дасяжная ўсяму гарадзкому насельніцтву ў Беларусі. У 2003 годзе кампанія запусьціла GPRS. Да 2019 году назва кампаніі — Velcom.

Першымі запусьцілі сетку 3G

30 сакавіка 2006 году А1 першай пачала тэставаць сувязь трэцяга пакаленьня 3G. Камэрцыйны запуск сеткі 3G у Менску і Гомлі адбыўся 17 сакавіка 2010 году.

Часткай кампаніі некаторы час валодала дзяржава

Да студзеня 2005 году 69,9% акцый кампаніі належала кіпрскаму SB Telecom, траціна — «Белтэхэкспарту», 0,1% — «Белтэлекаму». У студзені 2005 году частка акцый адышла дзяржаве — 30,9%, за SB Telecom засталося 49%, за «Белтэхэкспартам» — 20%.

Сталі часткай буйной міжнароднай кампаніі

З лістапада 2007 году кампанія Velcom увайшла ў склад A1 Telekom Austria Group — гэта вядучы правайдэр тэлекамунікацыйных паслуг і лічбавых рашэньняў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе з агульнай колькасьцю карыстальнікаў больш за 25 мільёнаў чалавек.

A1 Telekom Austria Group набыла сьпярша 70% акцый, а ў 2010 годзе — астатнія 30%.

Падтрымлівалі беларускія праекты

Кампанія актыўна падтрымлівала беларускамоўныя праекты, такія як, напрыклад, «Беларускія уік-энды», калі сусьветна вядомыя фільмы агучвалі на беларускай мове і паказвалі ў кінатэатрах.

Таксама кампанія падтрымлівала праект «Скарбонка гульняў», накіраваны на навучаньне дзяцей беларускай мове праз гульні.

Таксама кампанія неаднаразова выступала спонсарам спартовых спаборніцтваў.

Запусьцілі лічбавае тэлебачаньне

У 2014 годзе кампанія запусьціла лічбавае тэлебачаньне VOKA. Сьпярша сэрвіс быў даступны толькі абанэнтам А1. У 2017 годзе сэрвіс VOKA стаў дасяжны для абанэнтаў усіх апэратараў.

Паслугамі карыстаюцца 4,9 мільёна беларусаў

Паслугамі мабільнай сувязі кампаніі А1 карыстаюцца 4,9 мільёна беларусаў. 1,1 мільёна абанэнтаў карыстаюцца інтэрнэтам па тэхналёгіях GPON і Ethernet.

У кампаніі працуе 2700 чалавек

Цяпер у кампаніі А1 — 2700 супрацоўнікаў, цэнтры продажаў і абслугоўваньня ёсьць ва ўсіх буйных населеных пунктах Беларусі.

Супрацоўнікі кампаніі падтрымлівалі страйкоўцаў

26 кастрычніка 2020 году, у дзень абвяшчэньня страйку, супрацоўнікі кампаніі А1 выйшлі на ганак каля галоўнага офіса, каб падтрымаць страйкоўцаў. Агулам на ганку сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек, людзі трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі.

Кампанія бароніць сваіх супрацоўнікаў

Тады ж, у дзень страйку, у кіраўніцтве кампаніі А1 заявілі, што «ня будуць абмяжоўваць канстытуцыйныя правы сваіх супрацоўнікаў».

Пасьля затрыманьня Мікалая Брэдзелева ў кіраўніцтве кампаніі асудзілі агалошваньне зьвестак пра ягонае прыватнае жыцьцё, якія зьявіліся ў тэлеграм-каналах.

«Было апублікавана зьневажальнае відэа, якое зьмяшчае інфармацыю аб яго асабістым жыцьці. A1 Telekom Austria Group рашуча асуджае гэтае ўварваньне ў асабістае жыцьцё», — заявілі ў кампаніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG