Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра Радыё Свабода: Ганаруся журналістамі, якія не спыняюць сваю працу, а дзейнічаюць яшчэ больш эфэктыўна


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сёньня ў часе прэсавай канфэрэнцыі Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала прызнаньне міністэрствам унутраных справаў Беларусі сайту Радыё Свабода экстрэмісцкім.

«Гэта страх, што журналісты працягнуць раскрываць карупцыйныя схемы, расьсьледаваць, як і кім быў арганізаваны міграцыйны крызіс, пісаць пра жудасныя катаваньні ў турмах, — сказала Ціханоўская. — А для „Радыё Свабода“ — гэта высокая ацэнка працы, прызнаньне яе запатрабаванасьці і эфэктыўнасьці».

Сьвятлана Ціханоўская выказалася таксама і наконт перасьледу журналістаў Радыё Свабода.

«Арышты журналістаў Ігара Лосіка, Андрэя Кузьнечыка і Алега Грузьдзіловіча — гэта ганьба, і ўсе, хто мае дачыненьне да гэтага, павінны адказаць. І я ганаруся журналістамі, якія не спыняюць сваю працу, а дзейнічаюць яшчэ больш эфэктыўна. Гэта той час, калі яны пашыраюць вяшчаньне, шукаюць новыя фарматы і робяцца толькі лепшымі. Дзякуй ім за гэта», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Перасьлед журналістаў Свабоды

  • 25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.
  • 14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.
  • Палітвязьняў Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова, Арцёма Сакава, Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча асудзілі ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3. Гомель, 14 сьнежня.
  • Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.
  • 16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.
  • Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.
  • 25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG