Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Радыё Свабода — не «экстрэмісцкая арганізацыя». Грузьдзіловіч і Кузнечык — закладнікі рэжыму», — прэзыдэнт RFE/RL


Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай

Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай выказаўся наконт прызнаньня сілавікамі інтэрнэт-рэсурсаў Радыё Свабода «экстрэмісцкімі фармаваньнямі», арышту журналіста-фрылансера Свабоды Алега Грузьдзіловіча і завядзеньня крымінальнай справы супраць журналіста-фрылансера Свабоды Андрэя Кузьнечыка.

«Мы асуджаем кампанію беларускага ўраду па крыміналізацыі сумленнай журналістыкі і пазбаўленьні праўды беларускага народу. Мы зноў катэгарычна адкідаем гэты недарэчны, навязаны рэжымам ярлык. „Радыё Свабода“ — не „экстрэмісцкая арганізацыя“. Алег Грузьдзіловіч і Андрэй Кузнечык — закладнікі гэтага беззаконнага рэжыму, а не злачынцы. Рэпартаж з фактамі — гэта не „экстрэмісцкая“ дзейнасьць, а журналістыка — не злачынства», заявіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай.

Алега Грузьдзіловіча затрымалі 23 сьнежня ў Менску ў ягонай кватэры людзі ў масках. Як паведаміў жонцы сьледчы Коласаў, Алега Грузьдзіловіча перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Паводле сьледчага, Алег праходзіць па справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў, і мера стрыманьня яму зьмененая на арышт. За час пасьля папярэдняга арышту ніводнага допыту Алега Грузьдзіловіча не было.

Алег Грузьдзіловіч — падазраваны ў крымінальнай справе «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). Па гэтым артыкуле прадугледжана пакараньне да чатырох гадоў калёніі.

Сёлета першы раз Грузьдзіловіча разам зь яшчэ двума вэтэранамі Свабоды Інэсай Студзінскай і Алесем Дашчынскім затрымалі 16 ліпеня. У рэдакцыі Свабоды правялі ператрус. Цягам дзесяці дзён іх выпусьцілі.

Грузьдзіловіч тады адмовіўся даваць паказаньні. Пры вызваленьні ён даў падпіску аб яўцы. Тры дні мужчына галадаў за кратамі на знак пратэсту супраць затрыманьня і салідарнасьці зь Інай Студзінскай, якая галадала 9 дзён, з патрабаваньнем дапусьціць да яе адваката.

За кратамі ўжо амаль месяц знаходзіцца фрылянсэр Свабоды Андрэй Кузьнечык, на яго завялі крымінальную справу. Журналіст і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ўжо паўтара года ў зьняволеньні. Яго асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

23 сьнежня стала вядома, што беларускія сілавікі прызналі Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Перасьлед журналістаў Свабоды

25 чэрвеня 2020 году дома ў Баранавічах затрымалі журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка. Суд у ягонай справе пачаўся толькі праз год. На знак нязгоды Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі, адна зь іх працягвалася 42 дні. Абвінавачаньні выставілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Пасьля выстаўленьня яшчэ і трэцяга артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у сьледчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ. У канцы чэрвеня 2020 году яго прызналі палітвязьнем.

14 сьнежня 2021 году Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.

Летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі ўсіх журналістаў Радыё Свабода, як і дзясяткі іншых прадстаўнікоў замежных СМІ.

16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў Алега Грузьдзіловіча, Алеся Дашчынскага і Іны Студзінскай, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.

Іх затрымалі і пакаралі арыштамі на 10 дзён. Нікому з затрыманых ня выставілі ніякіх абвінавачаньняў, яны застаюцца падазраванымі. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі.

25 лістапада затрымалі фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, у яго кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. Пры гэтым сілавікі на некалькі хвілін атрымалі доступ да тэлеграм-каналу Радыё Свабода. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 соднямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу, паводле якога артыкула — невядома.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG