Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерд Бахарэвіч: «Час сьмяецца з нас — кожны раз, калі чуе слова „перамога“»


Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева, 2019
Альгерд Бахарэвіч. Фота: Юлія Цімафеева, 2019

Кніга Альгерда Бахарэвіча «Плошча Перамогі» па вэрсіі экспэртаў Радыё Свабода стала лепшай празаічнай кнігай 2021 году. З гэтай нагоды мы пагаварылі з аўтарам.

— Шаноўны сп. Альгерд, прыміце нашы самыя шчырыя віншаваньні з посьпехам вашай кнігі! Яна мае назву — «Плошча Перамогі». Можаце патлумачыць, пра перамогу чаго і над кім гавораць гэтыя два словы?

— Вялікі дзякуй за віншаваньне. Для тых, хто чытаў кнігу, відавочна, што назва шматзначная. Яе можна зразумець іранічна — бо не бывае перамогі, заснаванай на хлусьні, а менавіта хлусьня робіць плошчу ў маёй кнізе месцам фальшывага трыюмфу. Думаючы пра назву, я разважаў пра тое, ці можам мы гаварыць пра падзеі ў Беларусі ў катэгорыях нечай паразы або перамогі. Цяпер шмат хто кажа, што прыйшоў час прызнаць нашу паразу. Але ці можна назваць паразай сытуацыю, у якой бяззбройныя людзі супрацьстаяць узброенаму дзяржаўнаму бандытызму?

Вядома, «Плошча Перамогі» — гэта яшчэ і прыпавесьць пра маніпуляваньне сьвядомасьцю з дапамогай канцэпту «перамога». Але назву можна прачытаць і прасьцей, маючы на ўвазе перамогу чалавека над хлусьнёй і тэрорам.

— А як узьнікла ідэя самой кнігі?

— Кнігу я напісаў у Грацы (Аўстрыя), але ідэя зьявілася яшчэ ў Менску. Аднойчы восеньскім вечарам, курачы на бальконе нашай аднапакаёўкі, я раптам пабачыў перад сабой у цемры лясную дарогу і жаўнера на ёй, і пачуў гук жалейкі. І імгненна прыдумаў гісторыю, у якой адзін вястун хлусіць, каб уратаваць сабе жыцьцё. Несумненна, гэтую дзіўную мрою справакавалі беларускія падзеі. Мы ўсе паўсталі ў 2020-м ня толькі супраць гвалту, але й супраць хлусьні.

— Распавядзіце, калі ласка, коратка пра асноўны ваш пасыл чытачу гэтай кнігай.

— Калі б я мог усё коратка распавесьці, дык, мабыць, не пісаў бы гэтую прыпавесьць. Але паспрабую. Калі нехта, апантаны прагай улады, сам верыць ва ўласную хлусьню, ён абавязкова прывядзе і сябе, і ўсю краіну да катастрофы. Хлусьня засмоктвае ня толькі самога хлуса, але і ўсіх, хто яму паверыў. Аднак што такое хлусьня і што такое праўда ў інфармацыйную эпоху? Ці можам мы дакладна сказаць сёньня, што заўсёды здольныя адрозьніць праўду ад хлусьні? Спрытныя палітыкі карыстаюцца гэтым — і нам сёньня як ніколі важна супрацьстаяць палітычнаму маніпуляваньню.

Гісторыя сьведчыць, што чалавек, на жаль, заўсёды любіў хутка судзіць сабе падобных, меў патрэбу ў ворагах і слухаўся пераважна хлусаў і папулістаў. Як і раней, чалавек чакае, што перамены адбудуцца за адзін дзень. Але так не бывае. Любая перамога — уяўная. Замест таго, каб думаць над сваімі памылкамі і сваёй віной, людзі ставяць помнікі героям і лічаць, што гэтага хопіць. А час сьмяецца з нас — кожны раз, калі чуе слова «перамога».

— Пісьменьніку важна мець сувязь з чытачамі. З беларускімі прыхільнікамі вашай творчасьці, выглядае, што вы ня маеце магчымасьці цяпер сустрэцца. Як уплывае адсутнасьць наўпроставых кантактаў з чытачамі на радзіме на ваш творчы настрой?

— Сапраўды, за апошні год я значна часьцей сустракаўся з маімі замежнымі чытачамі — з тымі, хто чытае мяне ў перакладах, і зь беларусамі дыяспары. Паскардзіцца на недахоп увагі за мяжой я не магу: было шмат падарожжаў, чытаньняў, запрашэньняў, мой раман «Сарока на шыбеніцы» выходзіць па-польску, «Дзеці Аліндаркі» выходзяць у ЗША, «Сабакі Эўропы» выйдуць па-нямецку. У Празе рыхтуецца мая паэтычная кніга, у Лёндане спэктакль паводле «Сабакаў». А ў Беларусі, і я ведаю гэта цяпер дакладна, маіх новых кніг у найбліжэйшы час ня будзе, і гэта не мая віна.

Але мы жывем у эпоху інтэрнэту, таму сувязь зь Беларусьсю я ня страчваю. Мой настрой заўсёды творчы, дзе б я ні знаходзіўся. Так я сябе наладзіў за гады пісьменьніцтва, я заўсёды гатовы пісаць, я люблю сваю працу. Пісьменьнік усё ж жыве найперш у тэкстах, у мове, у краіне пад назвай «культура», над якой няма ніякіх сьцягоў і ніякіх юрысдыкцый. Але, зразумела, я адчуваю, што менавіта беларускага чытача спрабуюць цяпер пазбавіць і мовы, і літаратуры. І буду гэтаму супрацьстаяць. «Плошчу Перамогі» і «Тэатр шчасьлівых дзяцей» я выдаў выключна ў электронным фармаце — і гэта было зроблена, з аднаго боку, каб нікога не падстаўляць пад рэпрэсіі, але з другога — каб кожны мог іх прачытаць, у любым кутку Зямлі.

— А што вам пішуць прыхільнікі? Ці можаце прывесьці некалькі яркіх цытатаў з іхных допісаў?

— Чытацкіх водгукаў хапала, хоць іх і было меней, чым звычайна. Людзям цяпер не да літаратуры. Хваліцца тут водгукамі было б, напэўна, усё ж недарэчы. Самыя яркія можна пачытаць на «Літрэс», дзе й была апублікаваная мая кніга і дзе яе і цяпер можна спампаваць. Шкада толькі, што ў Беларусі фактычна няма як зьявы літаратурнай крытыкі, крытыкаў цяпер замяняюць чытачы і кніжныя блогі, а тое, што ў нас завецца крытыкай, выглядае даволі ўбога. Але якая крытыка ў такія часы…

— Вы ўжо больш за год жывяце і пішаце за мяжой. Як думаеце, калі зможаце вярнуцца на радзіму? І ці зможаце ўвогуле?

— Мне хацелася б у гэта верыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG