Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магутнасьці газаправоду Ямал — Эўропа, які ідзе празь Беларусь, не задзейнічаныя трэці дзень запар


Кампрэсарная станцыя газаправоду «Ямал-Эўропа». Архіўнае фота.
Кампрэсарная станцыя газаправоду «Ямал-Эўропа». Архіўнае фота.

Лукашэнка раней пагражаў Эўразьвязу перакрыць транзыт газу, але гэта адбываецца і безь ягоных загадаў.

Расейскі канцэрн «Газпром» падчас дадатковай сэсіі аўкцыёну не зарэзэрваваў на 23 сьнежня магутнасьці газаправоду Ямал — Эўропа для транзыту празьарусь і Польшчу, сьведчаць дадзеныя плятформы GSA Platform.

Расейская кампанія ў асобныя дні замаўляла магутнасьці не на рэгулярнай, а на дадатковай сэсіі, а таксама выкарыстоўвала кароткатэрміновае рэзэрваваньне на некалькі гадзін, паведамляе агенцтва эканамічнай інфармацыі «Прайм».

Аднак прапанова на 23 сьнежня зноў аказалася незапатрабаванай. Усяго прапаноўваліся магутнасьці ў аб’ёме 89 мільёнаў кубамэтраў на пункце ўваходу ў польскі ўчастак магістралі, якая для «Газпрома» зьяўляецца адным з асноўных маршрутаў паставак газу ў Эўропу. Да таго кампанія тры дні запар не рэзэрвавала магутнасьці газаправоду на сутачным аўкцыёне.

«Газпром» зьніжае рэзэрваваньне газаправоду ад канца мінулага тыдня. Калі да 17 сьнежня прапампоўвалася прыкладна 30 мільёнаў кубамэтраў газу, то 20 сьнежня ўсяго 3,8 мільёна з даступных 89 мільёнаў.

Зьніжэньне паставак нароўні зь іншымі фактарамі ўплывае на настроі ўдзельнікаў газавага рынку. Кошт фʼючэрсаў упершыню ў гісторыі дасягнуў 2 190 даляраў за тысячу кубамэтраў, што паставіла кароткатэрміновыя кантракты на паўзу.

Газаправод Ямал — Эўропа разам з газатранспартнай сыстэмай Украіны складае адзін з асноўных маршрутаў паставак расейскага трубаправоднага газу на Захад. Ён праходзіць па тэрыторыі Расеі, Беларусі, Польшчы, Нямеччыны і можа прапампоўваць да 33 мільярдаў кубамэтраў газу на год.

Доўгатэрміновая дамова «Газпрома» з Польшчай скончылася летась, пасьля чаго кампанія рэзэрвавала магутнасьці магістралі праз аўкцыён.

У Маскве адказалі на пагрозы Лукашэнкі

Тым часам у Маскве пракамэнтавалі пагрозы афіцыйнага Менску перакрыць транзыт расейскага газу ў Эўропу ў адказ на заходнія санкцыі.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў «нават гіпатэтычна не дапускае падобнай магчымасьці», запэўніваючы, што ягоная краіна працягне выконваць усе абавязаньні перад партнэрамі.

«Пазыцыя такая, што мы не хацелі б гэта неяк абмяркоўваць нават гіпатэтычна, таму зыходзім з таго, што ўсе абавязаньні расейскі бок працягне выконваць гэтак жа, як ён рабіў шмат дзесяцігодзьдзяў», — адзначыў прадстаўнік Крамля.
Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў выпадку новых санкцый супраць Менска газавы транзыт можа быць перакрыты ў якасьці контразахаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG