Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто гаворыць голасам Лукашэнкі? Прэзыдэнты Польшчы, Літвы і Ўкраіны пра заяву аб разьмяшчэньні ў Беларусі ядзернай зброі


Прэзыдэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа
Прэзыдэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа

Прэзыдэнты Літвы, Польшчы і Ўкраіны Гітанас Наўседа, Анджэй Дуда і Ўладзімір Зяленскі адрэагавалі на заяву Аляксандра Лукашэнкі аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі.

На думку Гітанаса Наўседы, гэтая ініцыятыва ёсьць працягам ранейшых заяваў Аляксандра Лукашэнкі ў адрас Эўрапейскага Зьвязу аб спыненьні барацьбы зь незаконным перамяшчэньнем мігрантаў, наркотыкаў і ядзерных адкідаў.

«Пэўная частка гэтага пляну цяпер рэалізуецца. Летам і ўвосень мы бачылі гібрыдныя атакі, адною зь якіх мы называем крызіс зь мігрантамі», — сказаў Гітанас Наўседа на брыфінгу ў Івана-Франкоўску пасьля сустрэчы ў фармаце Люблінскага трыкутніка прэзыдэнтаў Украіны, Польшчы і Літвы.

Гітанас Наўседа мяркуе, што такую заяву Аляксандар Лукашэнка вымушаны быў зрабіць.

«У яго роспач. Але найбольш страшнае — гэта блізкасьць Беларусі да Расеі ў вайсковым пляне. Сёньня Расея можа рабіць усё, што захоча. Калі да 2020 году і да жнівенськіх выбараў у Беларусі мы яшчэ маглі казаць пра нейкую рэшту незалежнасьці, то сёньня можам забыць пра любую ілюзію што да незалежнасьці Беларусі. Гэтая блізкасьць з Расеяй робіцца вельмі важным фактарам, які стварае выклік NATO», — мяркуе прэзыдэнт Літвы.

Гітанас Наўседа перакананы, што сытуацыя ёсьць адным з найбольш небясьпечных момантаў, на які NATO мусіць адрэагаваць. «Спадзяюся, мы ад дыскусіі пяройдзем да эфэктыўных крокаў і абароны нашай калектыўнай бясьпекі».

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда перакананы, што разьмяшчэньне ядзернай зброі ў Беларусі будзе яшчэ адной «наўпроставай дэманстрацыяй агрэсіі Расеі, якая ўжо ў Калінінградзе нарошчвае вайсковы патэнцыял».

«Гэта будзе такі асаблівы крок, які шмат чаго зьменіць. Калі Расея захоча перамясьціць свае ракеты з боегалоўкамі на тэрыторыю Беларусі, яна спакойна гэта зробіць. Адзінае, што можа гэта спыніць — гэта рашучая пазыцыя NATO і Злучаных Штатаў, а не Лукашэнкі», — перакананы Анджэй Дуда.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ня выключыў, што заява Аляксандра Лукашэнкі пра разьмяшчэньне ядзернай зброі служыць «чарговай інфармацыйнай атакай».

«Скажу шчыра. Мы ўсе жывыя людзі, але любое запалохваньне „міграцыяй“ ядзернай зброі Расейскай Фэдэрацыі ў розныя куточкі сьвету, мне здаецца... Мы шмат разоў чулі — і пра разьмяшчэньне ў будучыні ядзернай зброі на часова акупаванай тэрыторыі Крыму, цяпер мы чуем інфармацыю наконт Беларусі... Лічу, што такімі рэчамі нельга гуляць, а для Ўкраіны — гэта дастаткова звыклая сытуацыя чарговай інфармацыйнай атакі з боку Расеі. Цяпер можна казаць, што з боку Расеі і некаторых прадстаўнікоў Беларусі. Прынамсі, мы будзем дакладна ведаць, дзе разьмешчаная частка ядзернай зброі Расейскай Фэдэрацыі», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.

Аляксандар Лукашэнка 20 лістапада сказаў, што калі краіны NATO перанясуць сваю ядзерную зброю ў Польшчу, ён прапануе Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь.

18 сьнежня Ўладзімер Макей заявіў, што Беларусь разглядае магчымасьць разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі ядзернага ўзбраеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG