Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выказаўся за чысткі ў намэнклятуры і прапанаваў нязгодным эміграваць


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Падчас нарады аб супрацьдзеяньні санкцыям Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў разабрацца зь іншадумствам у кіроўным апараце краіны.

«Разьбярыцеся, бо занадта шмат стала ў нас кіраўнікоў, якія займаюць антыдзяржаўную пазыцыю, больш за ўсё ў Менску. І што мяне зьдзіўляе, гэта кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя. Шмат „разумных“ зьявілася, якія гатовы за прэм’ер-міністра працаваць, за кіраўніка адміністрацыі, кіраўнікоў парлямэнту — за ўсіх», — заявіў ён, пры гэтым адзначыўшы, што «ніхто нікому не забараняе мець свой пункт гледжаньня».

«Кожны павінен мець свой пункт гледжаньня, я гэта ўспрымаю як дадзенасьць. Але, дарагія мае, усе мы абмежаваныя пэўнымі рамкамі — рамкамі кіраўніка,— сказаў Лукашэнка.

Калі ты хочаш быць абсалютна незалежным і заклікаць да санкцый, ваяваць супраць улады — вунь яны ў Літве, Польшчы сядзяць, там яшчэ ёсьць вакансіі. Мы там вас не дастанем і шэсьць ці восем гадоў па новым законе не атрымаеце.

Але калі кіруеце калектывам, вы дзяржаўныя людзі (усё роўна, прыватнае ці дзяржпрадпрыемства). Тым больш калі пагоны носіце ці ў апараце працуеце. У адваротным выпадку будзем расцэньваць гэта як здраду».

Ён таксама пракамэнтаваў параўнаньні сёньняшняй Беларусі з рэпрэсіямі 1930-х у Савецкім Саюзе.

«Усе гэтыя факты ў гісторыі выкарыстоўваюцца, як каму выгадна. Але будзем лічыць, што ў 1937–1939 гадах было ня вельмі з нашай гісторыяй: нехта кагосьці хапаў, саджалі і іншае. Пачалася вайна, а генэралы сядзяць у турме — прыйшлося даставаць, і яны былі першымі героямі, абараняючы Савецкі Саюз.

Дык вось, каб у нас так не было. Хтосьці за кагосьці падпісаўся, давай яго хапай. Усіх мы ўсё роўна ня ўбачым, іх тысячы, хто падпісаўся за „альтэрнатыўшчыкаў“. Мы што, зараз будзем адцягвацца і іх лавіць дзесьці?», — заявіў Лукашэнка, спаслаўшыся на новыя сацыялягічныя дасьледаваньні, якія сьведчаць пра «ашаламляльныя вынікі даверу да ўлады».

«Усіх гэтых падпісантаў мы павінны бачыць, асабліва калі яны дзесьці „наверсе“, у вэртыкалі ўлады. Але сёньня іх лавіць і дапытваць, няўжо няма чым займацца? Тым больш многія ўжо трэці раз пераабуліся.

Але тых, хто парушаў закон, штурхаў людзей на парушэньні, вось з гэтымі мы павінны разабрацца. Але рабіць гэта трэба акуратна, асьцярожна, не павінна быць кампанейшчыны, бо зноў ператворымся ў нейкіх барбараў, паляцяць галовы. Таму нельга дапусьціць скажэньняў. Спуску не павінна быць, хто вінаваты, хто здраднік, хто проста ня наш чалавек», — заявіў ён.

Работнікі розных дзяржаўных установаў па ўсёй Беларусі паведамляюць пра хвалю звальненьняў з працы або сьпісы «нядобранадзейных» грамадзянаў з КДБ на іхных прадпрыемствах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG