Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша ніва»: на Беларускай чыгунцы новая хваля палітычных звальненьняў


Беларуская чыгунка.

Вакантнымі зрабіліся топавыя пасады Берасьцейскага аддзяленьня чыгункі і нават рэдактара ведамаснай газэты «Чыгуначнік Беларусі».

Як піша «Наша ніва», у разьдзеле «Кіраўніцтва» насупраць першага намесьніка начальніка і трох намесьнікаў аддзяленьня Берасьцейскай чыгункі стаяць прабелы замест прозьвішчаў.

Іх «зьнікненьне» зьвязваюць з тым, што адмовіліся звальняць супрацоўнікаў з палітычных матываў пасьля таго, як пад грыфам «для службовага карыстаньня» даслалі пералік удзельнікаў акцый пратэстаў. Наяўнасьць такіх сьпісаў пацьвярджаюць супрацоўнікі, якія прымалі пошту.

Прадстаўнік рабочага руху на чыгунцы Сяргей Вайцяховіч пацьвярджае факты звальненьняў начальства ў Берасьцейскім аддзяленьні і ўдакладняе, што аналягічная карціна па ўсёй краіне.

«Звальняюць машыністаў, дыспэтчараў, якія сядзяць у Менску ў цэнтры кіраваньня перавозкамі, — пералічвае ён. — Хоць апошнія павінны быць недатыкальнымі: каб стаць добрым дыспэтчарам, трэба спачатку гадоў пяць адпрацаваць дзяжурным па станцыі. Паводле нашай інфармацыі, сьпіс для прапрацоўкі зьмяшчае каля 1,5 тысячы прозьвішчаў».

Цяперашняя зачыстка, на яго думку, можа быць зьвязаная з тым, што 23-24 лістапада ў Маскве прайшла нарада з прадстаўнікамі дзяржаў –чальцоў АДКБ аб стварэньні адзінай сыстэмы тэхнічнага прыкрыцьця чыгунак — найперш гаворка пра вайсковыя эшалёны з Расеі. У тым ліку гаварылася пра «іншадумства» сярод тых, хто забясьпечвае перавозны працэс.

Захар (імя зьмененае на просьбу героя) адпрацаваў грузавым машыністам у Віцебскім аддзяленьні чыгункі амаль 10 гадоў. Кажа, што кіраўніцтву прыйшла нейкая папера з загадам звольніць пэўны працэнт людзей, з астатнімі правесьці гутарку і ўзяць «на аловак».

«Са мной раней праводзілі размовы, бо ў мяне была адміністрацыйка паводле артыкулу 23.34, тады абышлося штрафам. Пасьля гэтага разоў дзесяць выклікалі ў міліцыю. Адзін раз у пракуратуры чыталі лекцыю пра зьмены ў Адміністрацыйным і Крымінальным кодэксах, потым неяк запрашалі на дэтэктары хлусьні праверыцца», — расказаў ён.

За некалькі тыдняў да звальненьня супрацоўніка выклікалі да намесьніка кіраўніка аддзяленьня, працягвае суразмоўца. Там ужо былі ідэоляг, начальнік кадраў. Сказалі, што «прыйшла папера з МУС» за тое, што на аватарцы «ВКонтакте» ўбачылі надпіс «Свабодная Беларусь». А неўзабаве прапанавалі разысьціся пры згодзе бакоў.

Звальненьні закранулі нават ведамасную газэту «Чыгуначнік Беларусі». Прынамсі вакантнай стала пазыцыя галоўнага рэдактара. Як стала вядома «Нашай ніве», Сяргею Коктышу, які ўзначальваў выданьне, таксама прапанавалі напісаць аналягічную заяву аб звальненьні.

Яшчэ адзін экс-супрацоўнік чыгункі Антон працаваў у адной з асноўных службаў кіраваньня дарогай (імя і пасада зьмененыя, бо сваю гісторыю герой лічыць пазнавальнай). Расказвае, што першая хваля разбораў з начальствам пачалася яшчэ ў студзені-лютым.

«Кагосьці адразу пасьля размовы з начальнікам кадравай працы звальнялі, іншым не працягвалі кантракты, камусьці давалі падпісаць „пакаяльны“ ліст-папярэджаньне з абяцаньнем нідзе не „сьвяціцца“ і не выказвацца. І ўсё адно звольнілі ў другую хвалю — ужо ўвосень разам са мной. А я ніколі ня ўтойваў: так, мне не падабаецца, што адбываецца ў краіне, я хадзіў на мірныя акцыі», — гаворыць ён.

На яго перакананьне, гэта сыстэмная праца, а не палітыка асобнай службы. Сьпісы спускаюцца зьверху, а кіраўніцтва чыгункі хвалюе толькі адно: пад страхам непажаданых наступстваў пазбавіцца ад высокаклясных спэцыялістаў і набраць на іх месца выпадковых людзей. Жывуць адным днём, падсумаваў мужчына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG