Польшча абмяркоўвае з ЭЗ новыя пакеты санкцый супраць Менску на выпадак эскаляцыі на мяжы

Як заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі, «абмяркоўваюцца санкцыі, якія будуць балючымі».

Польшча, паводле ТАСС, абмяркоўвае з партнэрамі ў Эўрапейскім Зьвязе новыя пакеты санкцый у дачыненьні да Беларусі на выпадак эскаляцыі сытуацыі на ўсходнім флянгу ЭЗ і NATO. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі на брыфінгу па выніках саміту «Ўсходняга партнэрства» з удзелам лідэраў Эўразьвязу і Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Украіны, Малдовы.

«Абмяркоўваюцца санкцыі, якія будуць балючымі, — сказаў ён. — На выпадак, калі агрэсія будзе ўсё большай, ня будзе даходзіць да дээскаляцыі, а толькі да эскаляцыі гэтых падзей на ўсходнім флянгу NATO і ЭЗ, мы інтэнсіўна размаўляем з нашымі партнэрамі, каб падрыхтоўваць новыя пакеты санкцый», — сказаў Маравецкі.

Крызіс на межах Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай, куды з пачатку лета накіраваліся мігранты, рэзка абвастрыўся 8 лістапада. Некалькі тысяч чалавек падышлі зь беларускага боку да польскай мяжы, некаторыя зь іх паспрабавалі сілай трапіць у Польшчу, прарваўшы загароду з калючага дроту. У апошнія тыдні мігранты некалькі разоў за суткі спрабуюць пракрасьціся на польскую тэрыторыю невялікімі групамі.

Дзяржавы ЭЗ абвінавачваюць Менск у наўмыснай эскаляцыі крызісу і ўводзяць санкцыі. Паводле Варшавы, беларускія ўлады наўмысна звозяць мігрантаў да мяжы і дапамагаюць ім фарсіраваць яе.

​
XS
SM
MD
LG