Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор паабяцаў «непазьбежнасьць пакараньня» за «экстрэмізм». Справаў за катаваньні і сьмерці пратэстоўцаў няма


Генпракурор Беларусі Андрэй Швед.

Праваахоўны блёк цалкам кантралюе сытуацыю ў Беларусі, заявіў генэральны пракурор Андрэй Швед перад рэспубліканскай каардынацыйнай нарадай аб барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй.

«Будзе разгледжана эфэктыўнасьць працы праваахоўных органаў у частцы выкананьня даручэньняў кіраўніка дзяржавы аб забесьпячэньні прынцыпу непазьбежнасьці пакараньня за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці, а таксама павышэньні эфэктыўнасьці супрацьдзеяньня рэцыдыўнай злачыннасьці. Мы адзначаем, што праваахоўны блёк цалкам кантралюе становішча ў краіне. Любыя праявы экстрэмізму і тэрарызму будуць спыняцца, вінаватыя панясуць пакараньне», — цытуе пракурора БелТА.

Паводле Андрэя Шведа, апошнім часам больш праяўляецца «актыўнасьць праваахоўнікаў» у выяўленьні злачынстваў, учыненых раней. Усё часьцей прыцягваюцца людзі, якія думалі, што «ніколі не паўстануць перад судом». Гэта тэндэнцыя павінна быць узмоцненая, бо асноўная задача — забясьпечыць прыцягненьне да адказнасьці кожнага, хто замахнуўся на грамадзкі лад і бясьпеку дзяржавы, заявіў ён.

Каго сілавікі караюць пасьля выбараў, а каго не

Ніводнай крымінальнай справы па фактах сьмерці ўдзельнікаў пратэстаў 2020 году, пабояў і катаваньняў Сьледчы камітэт і пракуратура дагэтуль не завялі.

9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся выбары прэзыдэнта. Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў статыстыку перасьледу і рэпрэсій супраць беларусаў з пачатку выбарчай кампаніі.

Паводле апошніх дадзеных СК, у Беларусі заведзена звыш 4690 крымінальных спраў па фактах «праяваў, спалучаных зь незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэставымі акцыямі, замахам на дзяржаўны сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку, наўмысным зьнішчэньнем і пашкоджаньнем маёмасьці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненьні да службовых асобаў і іх сем’яў». Іх фігурантамі сталі ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, актывісты, удзельнікі мірных акцый пратэсту і людзі, нязгодныя з палітыкай уладаў.

У пракуратуру і Сьледчы камітэт паступілі 4644 заявы аб ужываньні сілавікамі катаваньняў, але ніводнай крымінальнай справы па фактах катаваньняў дасюль не завялі. Больш як па 1050 заявах прынятыя рашэньні адмовіць у завядзеньні крымінальных спраў.

Няма крымінальных спраў і па фактах гібелі людзей падчас разгону пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG