Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пісаў у чаце, каб пазбавіцца душэўнага болю». Судзяць супрацоўнікаў «Беларуснафты» за допісы ў закрытым чаце


АЗС, «Беларуснафта»
АЗС, «Беларуснафта»

У судах Навабеліцкага і Цэнтральнага раёну Гомля праходзяць суды над супрацоўнікамі «Беларуснафты» за допісы ў закрытым чаце.

Міхаіла Лапенаса абвінавацілі ў «масавых беспарадках» (артыкул 342), «абразе прадстаўніка ўлады» (артыкул 368) і «абразе прэзыдэнта» (артыкул 369).

Дзьмітрыя Грышчанку судзяць за «масавыя беспарадкі» і «гвалт у дачыненьні да міліцыі».

Што здарылася

У кастрычніку 2020 году Дзьмітры Грышчанка, супрацоўнік «Беларуснафты», запісаў відэазварот. Ён асуджаў гвалт і заклікаў да новых выбараў.

Таксама чатыры супрацоўнікі «Беларуснафты» запісалі відэа, дзе абвясьцілі пра далучэньне да страйку. Двое зь іх пазьней выехалі за мяжу ад міліцэйскага перасьледу.

У траўні 2021 году міліцыя атрымала доступ да закрытага тэлеграм-чату «Вольнае Панства». У ім было 25 супрацоўнікаў «Беларуснафты». Некаторых пасьля звольнілі. Чатыры чалавекі трапілі ў СІЗА, у тым ліку Міхаіл Лапенас і Дзьмітры Грышчанка.

У жніўні 2021 году на гомельскай тэлевізіі выйшаў «Спэцыяльны рэпартаж» пра чат «Вольнае Панства». Удзельнікаў чату называлі радыкаламі і экстрэмістамі, якія «хацелі разваліць роднае прадпрыемства».

«Чаму вы пакідалі допісы на беларускай мове?»

Міхаіла Лапенаса судзіць Аляксандар Зінчук (суд Навабеліцкага раёну). Дзяржаўны абвінаваўца — Натальля Капітанава.

На пытаньне судзьдзі, дзе працуе абвінавачаны, ён адказаў: «Да затрыманьня працаваў на „Беларуснафце“, ці звольнены, ня ведаю».

Яго абвінавацілі ў тым, што «з матываў палітычнай варожасьці» ён заклікаў удзельнікаў чату да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, абразіў у чаце Юрыя Караева (у жніўні 2020 году міністра ўнутраных спраў. — РС) і Аляксандра Лукашэнку.

Лапенас віну прызнаў часткова — пагадзіўся, што абразіў Караева і Лукашэнку, але ня згодны, што «рыхтаваў і арганізоўваў масавыя беспарадкі».

«Я пісаў у закрытым чаце. Пісаў, каб пазбавіцца душэўнага болю. Бачыў, як на вуліцах Менску шлі практычна ваенныя дзеяньні, глядзеў іншыя відэа, якія не пакінуць чалавека абыякавым. Так атрымалася, што абразіў Караева, але намеру абражаць яго не было. Ніякай мэты я ня меў. Проста так здымаў стрэс, і ўсё. Лукашэнку я абразіў не асабіста, а як такую абстрактную сілу. Я пісаў у чаце, але на гэтым усё, ніякіх дзеяньняў я не рабіў», — тлумачыў на судзе Міхаіл.

Прадстаўніца пракуратуры працытавала некаторыя выказваньні Міхаіла ў чаце. Напрыклад, ён прапаноўваў «захапіць АМАП і завалодаць іх вопраткай». «Гэты допіс я пакінуў пад уражаньнем мастацкага фільму. Такое нафантазіраваў. Мне сорамна за свае словы, я раскайваюся. Гэта быў проста выбух эмоцый, глупства», — дадаў абвінавачаны.

Прадстаўніца пракуратуры цікавілася: «Чаму вы пакідалі допісы на беларускай мове?».

«Бо я сьвядома перайшоў на беларускую мову ў штодзённым жыцьці», — адказаў Міхаіл.

«Вы і на працы на беларускай мове размаўлялі?», — удакладніла пракурорка і атрымала станоўчы адказ.

Судзьдзя, зачытваючы допісы Міхаіла ў чаце, пацікавіўся: «Што значыць „карнік“? Гэта выпадкова не „каратель“?»

«Хто быў ініцыятарам размоваў у чаце?»

На суд выклікалі сьведкам былога супрацоўніка «Беларуснафты», які стварыў закрыты чат. Ён паведаміў, што чат быў створаны выключна для працоўных абмеркаваньняў, але пасьля выбараў ягоныя ўдзельнікі пачалі пісаць там «пра палітыку».

«Што канкрэтна пісалі ўдзельнікі чату? Хто быў ініцыятарам размоваў? Якую ацэнку навінам і падзеям даваў Міхаіл Лапенас? Ці заклікаў ён да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях?» — пыталася пракурорка ў сьведкі.

Сьведка пацьвердзіў, што Міхаіл заклікаў да ўдзелу ў акцыях, нават яго асабіста запрашаў, і што прапаноўваў ствараць страйкавы камітэт.

На судзе зачыталі першапачатковыя сьведчаньні стваральніка чату. Ён казаў на сьледзтве, што Міхаіл Лапенас і Дзьмітры Грышчанка актыўна пакідалі допісы ў чаце, заклікалі да масавых беспарадкаў, перакрываньня дарог, гвалту ў дачыненьні да міліцыі.

Судовае паседжаньне працягнецца 16 сьнежня.

Вынікі першага паседжаньня ў справе Дзьмітрыя Грышчанкі пакуль невядомыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG