Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі пройдзе саміт «Усходняга партнэрства», у якім Беларусь упершыню ня ўдзельнічае. Але там будзе Ціханоўская

абноўлена

Беларусь і «Ўсходняе партнэрства»
Беларусь і «Ўсходняе партнэрства»

Саміт упершыню пройдзе безь Беларусі, якая прыпыніла свой удзел у праграме Эўразьвязу. Затое ў Брусэлі падчас саміту знаходзіцца апазыцыйная дэлегацыя Сьвятланы Ціханоўскай.

Кіраўнікі інстытутаў, дзяржаў і ўрадаў краін Эўразьвязу і краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» зьбіраюцца ў сераду ў Брусэлі на шосты саміт гэтай праграмы. Беларусь на асноўным пасяджэньні саміту будзе прадстаўленая пустым крэслам з афіцыйным сьцягам.

Улетку ўлады Беларусі праз санкцыі, уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі, прыпынілі сяброўства краіны ва «Ўсходнім партнэрстве», таму з краін па-за Эўразьвязам у саміце возьмуць удзел толькі Азэрбайджан, Армэнія, Грузія, Малдова і Ўкраіна.

Што ў Брусэлі будзе рабіць Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская ў самім саміце ўдзельнічаць не плянуе, але падчас форуму яна правядзе шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі краін Эўразьвязу: канцлерам Аўстрыі, прэм'ер-міністрамі Славеніі, Славаччыны, Люксембургу, Бэльгіі.

У тым ліку Сьвятлана Ціханоўская будзе працягваць кансультацыі з кіраўніцтвам Эўразьвязу аб удзеле Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве», паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Ціханоўскай.

Напярэдадні саміту Ціханоўская пракамэнтавала рашэньне пакінуць сымбалічнае пустое крэсла на месцы, дзе магла быць дэлегацыя ад Беларусі:

«Мы дамовіліся зь лідэрамі ЭЗ, што Беларусь будзе працягваць удзельнічаць у шмат якіх праграмах „Усходняга партнэрства“ незалежна ад заяў рэжыму. Пустое крэсла — сымбалічны жэст, які дэманструе, што Беларусь там чакаюць, і як толькі адбудуцца новыя дэмакратычныя выбары, месца зойме дэмакратычна абраны прэзыдэнт Беларусі. Вольныя месцы на міжнародных мерапрыемствах часам пакідаюць для тых, хто ня можа ўдзельнічаць, напрыклад, для палітычных вязьняў. Уся Беларусь зараз — палітычны вязень, закладнік у руках рэжыму».

Перад самітам 12 сьнежня ў штаб-кватэрах Рады Эўразьвязу і Эўракамісіі ў Брусэлі прайшоў шэраг сустрэчаў Ціханоўскай: дэмакратычныя сілы Беларусі сустрэліся з кіраўніцтвам аб’яднанай Эўропы.

Кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль тады паведаміў, што Эўразьвяз выдаткаваў больш як 33 мільёны эўра на непасрэдную дапамогу беларускаму народу з жніўня 2020 году, а таксама прыняў пакет у 15 мільёнаў эўра, «які будзе дапаўняць і пашыраць бягучую дапамогу». Шэраг палітыкаў паабяцаў і далей падтрымліваць Беларусь на палітычным узроўні, згадваць палітвязьняў.

На наступны дзень, 16 сьнежня, пройдзе саміт Эўразьвязу. Эўрапейскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк раней паведаміў, што ў праекце пастановы Эўрапейская Рада асуджае інструмэнталізацыю мігрантаў і ўцекачоў рэжымам Лукашэнкі і створаны ім гуманітарны крызіс.

Таксама на саміце могуць прапанаваць перагляд Шэнгенскага памежнага кодэксу.

Што такое «Ўсходняе партнэрства»?

Праграма Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу запачаткаваная ў 2009 годзе. Яна ўключае ў сябе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.

Праз праблемы з правамі чалавека і замарожваньнем дачыненьняў з Эўразьвязам у папярэднія гады Беларусь ня ўдзельнічала ў рэалізацыі двухбаковых праектаў у рамках «Усходняга партнэрства». Першы саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў у 2009 годзе ў Празе.

Ідэю праекту прадставілі міністры замежных спраў Польшчы і Швэцыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт на Радзе ЭЗ 26 траўня 2008 году. Дыскусія аб стварэньні «Ўсходняга партнэрства» адбылася 19–20 чэрвеня 2008 году на пасяджэньні Эўрапейскай Рады. На пасяджэньні Нямеччына і Францыя выказаліся супраць таго, каб «Усходняе партнэрства» разглядалася як прыступка на шляху да сяброўства ў ЭЗ, у той час як Польшча і іншыя ўсходнеэўрапейскія дзяржавы выступалі за гэта.

Беларусь — адзіная краіна-ўдзельніца праграмы, не прадстаўленая ў Парлямэнцкай асамблеі Партнэрства. Ёй адмовілі, бо Эўразьвяз не прызнаў дэмакратычнымі парлямэнцкія выбары ў Беларусі ў 2008 годзе. Месца Беларусі ў «Эўранэсьце» заставалася пустым з прычыны непрызнаньня дэмакратычнымі выбараў 2012 і 2016 гадоў.

Асноўная крыніца фінансаваньня Эўрапейскай палітыкі суседзтва, у тым ліку «Ўсходняга партнэрства», — Эўрапейскі інструмэнт суседзтва (ENI). Бюджэт Эўрапейскага інструмэнту суседзтва на 2014–2020 гады складае 18,2 мільярда эўра. У рамках рэалізацыі Эўрапейскага інструмэнту суседзтва ў 2007–2013 гадах Беларусь атрымала 71,6 млн эўра на праграмы і праекты ў сфэры энэргаэфэктыўнасьці, экалёгіі, стандартызацыі, мэдыцыны і рэгіянальнага разьвіцьця.

Мытны камітэт Беларусі ў рамках ініцыятывы «Інтэграванае кіраваньне межамі» рэалізоўваў праект «Спрыяньне стварэньню электроннай сыстэмы абмену папярэдняй інфармацыяй паміж мытнымі органамі Беларусі і Ўкраіны».

Беларусь на самітах раней прадстаўляў міністар замежных спраў Уладзімер Макей і іншыя чыноўнікі, Макей у чэрвені 2019 году прапаноўваў правесьці саміт «Усходняга партнэрства» ў Беларусі. Лукашэнка ніколі не прыяжджаў на саміты, а аднойчы атрымаўшы запрашэньне, не паехаў туды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG