Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Эўрапейскай Рады: «Рэжым у Менску павінен ведаць, што яго злачынствы зафіксаваныя і надыдзе адказнасьць»


Сустрэча Шарля Мішэля і Сьвятланы Ціханоўскай у ліпені 2021. Архіўнае фота

Увечары 12 сьнежня ў штаб-кватэрах Рады ЭЗ і Эўракамісіі ў Брусэлі прайшоў шэраг сустрэчаў найвышэйшага ўзроўню: дэмакратычныя сілы Беларусі сустрэліся з кіраўніцтвам аб’яднанай Эўропы.

На сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль запэўніў, што сытуацыя ў Беларусі застаецца на парадку дня Эўразьвязу ад жніўня 2020 году, і засяродзіўся «на жахлівай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі». Ён нагадаў, што Эўразьвяз працягвае на самым высокім узроўні заклікаць да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў, патрабаваць, каб палітвязьні мелі доступ да мэдычнай дапамогі.

  • «Але асабліва важная — падтрымка, якую мы аказваем міжнародным мэханізмам, што зьбіраюць юрыдычныя доказы парушэньняў правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі. Так, мы будзем прыцягваць іх да адказнасьці за іхныя злачынствы. Яны павінны ведаць, што іхныя злачынствы зафіксаваныя, што зьбіраюцца доказы і што іх прыцягнуць да адказнасьці», — сказаў ён.

Шарль Мішэль нагадаў пра прыняты пяты пакет санкцыяў і паабяцаў, што ЭЗ разгледзіць далейшыя санкцыі, «калі сытуацыя з дэмакратыяй і з правамі чалавека ў Беларусі не палепшыцца».

Што да фінансавай падтрымкі, то кіраўнік Эўрапейскай Рады зазначыў, што ЭЗ вылучыў больш як 33 мільёны эўра на наўпроставую дапамогу беларускаму народу з жніўня 2020 году. «Гэтая дапамога ніколі не была настолькі высокай: мы засяроджваем падтрымку на ахвярах рэпрэсій і дзяржаўнага гвалту, а таксама на грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ», — сказаў Шарль Мішэль.

Ён паведаміў, што ў пятніцу ЭЗ прыняў пакет у 15 мільёнаў эўра, «які будзе дапаўняць і пашыраць нашу бягучую дапамогу».

«Мы хочам паслаць вам, жыхарам Беларусі, пасланьне надзеі і падтрымкі», — сказаў ён.

Сьвятлана Ціханоўская ў сваю чаргу заклікала Эўропу пашырыць стратэгічную дапамогу — як Плян ЭЗ для дэмакратычнай Беларусі, вывучыць пытаньне бязьвізу і лібэралізацыі імпарту сумленных бізнэсаў зь Беларусі. Таксама яна акрэсьліла магчымы фармат удзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве: «Сытуацыя мяняецца хутка, і наш посьпех будзе вызначацца нашай сьмеласьцю, цьвёрдымі рашэньнямі і гатоўнасьцю дзейнічаць разам».

  • Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль сустрэўся сёньня зь Сьвятланай Ціханоўскай, зь якой яны абмеркавалі ўдзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве і стратэгію ЭЗ стасоўна Беларусі. А пазьней узяў удзел у шматбаковай сустрэчы высокага ўзроўню паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і міністрамі краін ЭЗ пад старшынствам высокага прадстаўніка ў замежнай палітыцы ЭЗ Жузэпа Бурэля. Бурэль зладзіў сустрэчу напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства, каб узгадніць фармат удзелу беларускай грамадзянскай супольнасьці ва Ўсходнім партнэрстве ды іншых праграмах ЭЗ.
  • Разам зь Ціханоўскай на сустрэчы дэмакратычныя сілы прадстаўлялі кіраўнік НАК Павал Латушка, прадстаўнік Каардынацыйнай Рады (КР) ад грамадзянскай супольнасьці і адзін зь лідэраў Беларускай нацыянальнай плятформы Андрэй Ягораў, прадстаўнік КР ад інавацыйнага бізнэсу Тацяна Марыніч, прадстаўнік каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў, прадстаўнікі «Вясны», мэдыя, бізнэс-супольнасьці і дыяспараў.
  • Раней сёньня адбыліся перамовы Сьвятланы Ціханоўскай і кіраўніцы Эўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен, якая абвясьціла, што Эўразьвяз вылучае дадатковыя 30 млн эўра «на дапамогу моладзі, незалежным СМІ, малому і сярэдняму бізнэсу, дзеячам культуры, якія вымушана пакінулі Беларусь». 28 траўня фон дэр Ляен паведаміла Ціханоўскай аб зацьвярджэньні Пляну дапамогі ЭЗ для дэмакратычнай Беларусі ў памеры 3 мільярдаў эўра. Сёньня, падчас першай асабістай сустрэчы, яны абмеркавалі разьвіцьцё адносінаў Беларусі і ЭЗ цяпер і пасьля сыходу Лукашэнкі.
  • На мінулым тыдні Сьвятлана Ціханоўская рэзка выступіла на віртуальным «Cаміце за дэмакратыю», які арганізаваў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, і выказала сваё неўразуменьне ад недастатковай, на яе думку, рашучасьці заходніх дэмакратыяў у процістаяньні рэжыму Лукашэнкі. «Я зьбянтэжаная. Я не разумею, у чым розьніца паміж „вельмі, глыбока, моцна занепакоены“ і „сур’ёзна, надзвычай, сур’ёзна занепакоены“, — сказала яна. — Я дагэтуль не магу зразумець, як групе галаварэзаў удалося тэрарызаваць усю Эўропу — згонам самалёта або незаконным увозам мігрантаў. Чаму гэтыя галаварэзы дагэтуль не сутыкнуліся зь якімі-небудзь значнымі наступствамі сваіх абуральных дзеяньняў?».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG