Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіла на «Cаміце за дэмакратыю»: «Групе галаварэзаў удалося тэрарызаваць усю Эўропу»


Сьвятлана Ціханоўская

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн адкрыў арганізаваны Белым домам саміт у пытаньнях разьвіцьця дэмакратыі ў сьвеце.

Абмеркаваньне праходзіць у онлайн-рэжыме, 10 сьнежня да яго працы далучылася Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну за арганізацыю сходу.

«Дазвольце мне быць сабой, — сказала на пачатку Сьвятлана Ціханоўская. — Я злуюся. Тысячы маіх суграмадзян сядзяць у турмах за тое, што адважыліся выступіць супраць дыктатара. Усё пачалося як пратэст супраць фальсыфікацыі выбараў, але ператварылася ў нешта значна большае. Гэта стала барацьбой за годнасьць і справядлівасьць.

Беларусы стаміліся ад рэжыму, які кіраваў краінай 27 гадоў. Яны адчувалі, што заслугоўваюць павагі і ўвагі».

Далей Сьвятлана Ціханоўская апісала цану, якую плацяць беларусы за выступ супраць фальсыфікацыі выбараў, і сказала пра асабістыя матывы сваёй дзейнасьці:

«Мы працягваем плаціць высокую цану. Зь мінулага году затрымана 40 тысяч чалавек. Многія прайшлі празь бясконцыя допыты ў КДБ. Многія зазнавалі катаваньні і прыніжэньні. Вы маглі ўбачыць іх вымушаныя прызнаньні, апублікаваныя рэжымам на YouTube. Многія загінулі. Больш за 300 тысяч былі вымушаныя ўцячы.

Больш за 900 чалавек прызнаныя палітвязьнямі, у тым ліку мой муж Сяргей, якога на наступным тыдні, хутчэй за ўсё, прыгавораць да 15–20 гадоў пазбаўленьня волі. Гэта празь яго я сёньня тут».

Мне вельмі шкада, што мае дзеці ня бачылі свайго бацьку 18 месяцаў, а некаторыя маці ніколі больш ня ўбачаць сваіх дзяцей. Як і Алена Бандарэнка — маці забітага рэжымам мастака Рамана Бандарэнкі. Некаторыя дзеці ніколі больш ня ўбачаць сваіх бацькоў. Напрыклад, Насьця, дачка Аляксандра Тарайкоўскага, застрэленага сілавікамі рэжыму, калі ён мірна пратэставаў супраць фальсыфікацыі выбараў».

Далей Ціханоўская выказала сваё недаўменьне наконт недастатковай, на яе думку, рашучасьці заходніх дэмакратый у процістаяньні рэжыму Лукашэнкі:

«Акрамя таго, я зьбянтэжаная. Я не разумею, у чым розьніца паміж „вельмі, глыбока, моцна занепакоены“ і „сур’ёзна, надзвычай, сур’ёзна занепакоены“?

Я да гэтага часу не магу зразумець, як групе галаварэзаў удалося тэрарызаваць усю Эўропу. Са згонам самалёта або незаконным увозам мігрантаў.

Чаму гэтыя галаварэзы дагэтуль не сутыкнуліся зь якімі-небудзь значнымі наступствамі сваіх абуральных дзеяньняў?

Нядаўна я пачула ад аднаго міністра замежных спраў, зь якім я сустракаўся: „Мы зрабілі ўсё, што маглі, і нічога не дапамагло“. У яго голасе было расчараваньне і стомленасьць.

На жаль, беларусы ня могуць сказаць: мы зрабілі ўсё, што маглі, і нічога ня выйшла. Мы ня можам пайсьці дадому. Наш дом забіраюць у нас. І пакуль мы не атрымаем яго назад, мы ня спынімся».

Сказала Сьвятлана Ціханоўская і пра ўнівэрсальны характар барацьбы за свабоду і ўзаемазьвязанасьць краінаў і грамадзтваў сьвету:

«Спадарыні і спадары! Падтрымка дэмакратыі, падтрымка беларусаў — гэта працэс, а ня разавая акцыя. Міжнародная супольнасьць нашмат мацнейшая, чым здаецца. Апошнія 18 месяцаў я спрабавала зразумець, чаму сусьветныя дэмакратыі так неахвотна дзейнічаюць. Узятыя разам, яны сёньня зьяўляюцца самай магутнай сілай у сьвеце. Іх эканомікі велізарныя, яны валодаюць велізарным багацьцем, досьведам і ўладай, як мяккай, так і цьвёрдай. Яны маюць шмат бліскучых, харызматычных лідэраў. Многія зь іх сёньня тут. Лідэры, якія сапраўды могуць перамагчы дыктатуру, калі толькі яны настрояцца на гэта. Калі б яны толькі зразумелі, што барацьба за нашу свабоду — гэта барацьба і за іх свабоду.

Я не дасьведчаны палітык. Але я таксама не наіўная. І я шчыра веру ў сілу міжнародных інстытутаў і нашай дэмакратычнай супольнасьці. Магчыма, я веру ў іх больш, чым вы. Але гэтая вера паходзіць з глыбіні майго сэрца. Сэрца маці, жонкі і беларускі, якая горача жадае, каб яе краіна і яе народ былі вольныя».

У другой частцы свайго выступу Сьвятлана Ціханоўская выказала думку, што дыктатараў нельга перавыхаваць, што зь імі нельга спрабаваць дамовіцца і спрабаваць іх улагодзіць: «Калі вы дасьцё яму цалю, ён возьме мілю».

Ціханоўская заклікала «рабіць наступны год годам узгодненых дзеяньняў. Годам, калі дэмакратыі вяртаюць сабе ініцыятыву. Каб зрынуць дыктатуру, нам можа не спатрэбіцца ўраган. Мы, беларусы, не аб гэтым просім. Проста дайце нам правільны парыў ветру з правільнага кірунку ў патрэбны момант. Бо, як мы зараз ведаем, дыктатуры здаюцца ўсёмагутнымі, пакуль раптам яны не перастаюць існаваць. Гэта дрэвы, якія могуць вырастаць высокімі і шырокімі. Але іх карані ЗАЎСЁДЫ неглыбокія...»

Таксама беларуская дэмакратычная лідэрка, зьвяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, сказала:

«Нашая барацьба працягваецца. Беларусы ваююць самааддана і з гонарам... Цяпер мы можам фармаваць будучыню дэмакратычнай Беларусі. І мы разьлічваем на вашу дапамогу, але таксама і на вашу пасьлядоўнасьць».

У сваім выступе Джо Байдэн выказаў трывогу наконт, як ён сказаў, «аслабленьня дэмакратычных інстытутаў па ўсім сьвеце» і заклікаў лідэраў дзяржаў «узяцца за рукі».

Напярэдадні Белы дом распаўсюдзіў паведамленьне аб рашэньні Джо Байдэна заснаваць Прэзыдэнцкую ініцыятыву па дэмакратычным абнаўленьні. Гэта цэлы комплекс захадаў, у тым ліку зьнешняй падтрымкі, у рамках дзейнасьці амэрыканскага ўраду на ўмацаваньне дэмакратыі і ў інтарэсах абароны правоў чалавека.

На працягу наступнага году Вашынгтон плянуе накіраваць на гэтыя мэты звыш 420 мільёнаў даляраў.

Намаганьні будуць засяроджаныя на пяці асноўных напрамках: падтрымка свабодных мэдыя, барацьба з карупцыяй, падтрымка прыхільнікаў рэформаў, разьвіцьцё тэхналёгій у гэтай сфэры, абарона свабодных і справядлівых выбараў, а таксама палітычных працэсаў.

Двухдзённы саміт праводзіцца ў рамках выкананьня перадвыбарнага абяцаньня Джо Байдэна ўмацоўваць дэмакратыю па ўсім сьвеце на фоне ўздыму аўтарытарных урадаў. Віртуальную падзею прэзыдэнт ЗША назваў прыярытэтам першага году свайго знаходжаньня на пасадзе.

На саміт былі запрошаныя лідэры больш як 100 дзяржаў. Расеі і Кітаю сярод іх няма. Амбасадары гэтых краін у ЗША апублікавалі артыкул, у якім асудзілі «відавочны прадукт халоднай вайны».

Паводле «Індэксу дэмакратыі», які складае праваабарончая арганізацыя Freedom House, 77 зь ліку запрошаных краінаў адносяцца да свабодных ці дэмакратычных, 31 — да часткова свабодных, а 3, у тым ліку і Беларусь, — да несвабодных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG