Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн заявіў пра трывожныя тэндэнцыі для дэмакратыі па ўсім сьвеце


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн сёньня распачаў першы арганізаваны Белым домам саміт па пытаньнях разьвіцьця дэмакратыі ў сьвеце.

Абмеркаваньне праходзіць у онлайн-рэжыме.

У сваім выступе Байдэн выказаў трывогу наконт, як ён сказаў, паслабленьня дэмакратычных інстытутаў па ўсім сьвеце і заклікаў лідэраў дзяржаў «узяцца за рукі», каб паказаць, што дэмакратыя магчымая.

Кіраўнік амэрыканскай адміністрацыі зьвярнуў увагу ўдзельнікаў саміту на «пераломны момант» і неабходнасьць падвоіць намаганьні для абароны дэмакратычных каштоўнасьцяў. Ён, сярод іншага, сказаў, што цяперашнія тэндэнцыі «ў асноўным вядуць у няправільным кірунку», і дадаў, што «дэмакратыя мае патрэбу ў абаронцах», перадае «Голас Амэрыкі».

Двухдзённы саміт, праца якога працягнецца ў пятніцу, праводзіцца ў рамках выкананьня перадвыбарнага абяцаньня Джо Байдэна ўмацоўваць дэмакратыю па ўсім сьвеце на фоне ўздыму аўтарытарных урадаў. Віртуальнае мерапрыемства — гэта падзея, якую Байдэн называў прыярытэтам першага году свайго прэзыдэнцтва. Ён неаднаразова прыводзіў аргумэнты на карысьць таго, што ЗША і іх саюзьнікі павінны прадэманстраваць перавагі дэмакратыі як інструмэнта функцыянаваньня грамадзтва ў параўнаньні з аўтакратыяй, адзначае Associated Press.

Агенцтва называе такі падыход цэнтральным прынцыпам зьнешняй палітыкі Джо Байдэна, які лічыць, што такія погляды больш пэрспэктыўныя, чым лёзунг ягонага папярэдніка на пасадзе кіраўніка дзяржавы, рэспубліканца Дональда Трампа — «Амэрыка найвышэй».

  • На саміт запрасілі прадстаўнікоў 110 дзяржаваў.
  • З краінаў былога СССР на саміце будуць лідэры дзяржаваў Балтыі, а таксама Ўкраіны, Малдовы, Грузіі і Армэніі. Ад Беларусі запрасілі Сьвятлану Ціханоўскую. Няма Расеі, Кітаю і Турэччыны. Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў скрытыкаваў ідэю саміту, назваўшы яго «спробай правесьці новыя разьдзяляльныя лініі».
  • Сьвятлана Ціханоўская выступіць 10 сьнежня на тэму ўмацаваньня дэмакратыі і абароны ад аўтарытарызму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG