Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніколі мастацтва не было такое важнае, як у моманты найбольш цёмных рэпрэсій». Свабодны тэатар пераяжджае ў Польшчу


З нагоды рэлякацыі Свабоднага тэатру, які з наступнага году будзе базавацца і выступаць у Польшчы, 14 сьнежня ў варшаўскім кінатэатры Kino Kultura адбыліся прэс-канфэрэнцыя і паказ дакумэнтальнага фільму Аляксея Палуяна Courage.

У мерапрыемстве, арганізаваным Цэнтрам Беларускай Салідарнасьці, узялі ўдзел заснавальнікі тэатру Мікалай Халезін і Натальля Каляда, а таксама віцэ-прэзыдэнтка Варшавы Альдона Махноўска-Гура і вядомая польская кінарэжысэрка і сцэнарыстка Агнешка Голянд.

«Калі б тэатар зьнік, гэта была б сапраўдная перамога Лукашэнкі»

На пачатку прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася адразу пасьля кінапрагляду, Голянд выказала захапленьне працай Свабоднага тэатру і зазначыла, што сёньняшняя роля мастацтва ва ўплыве на зьмены ў рэчаіснасьці вельмі вялікая.

«Ніколі ні тэатар, ні кіно, ні песьня, ні літаратура не былі такія важныя, як у моманты найбольш змрочных рэпрэсій, — сказала Агнешка Голянд. — Гэта выдатна, што Свабодны тэатар, які праз столькі ўсяго прайшоў і столькі ўсяго зрабіў, працягвае аб’ядноўваць і падтрымліваць пачуцьцё супольнасьці беларусаў, якія знаходзяцца па-за межамі Радзімы. Бо калі б ён зьнік, то гэта была б сапраўдная перамога Лукашэнкі».

Зьлева направа: Агнешка Голянд, Мікалай Халезін і акторка Свабоднага ттэатру Марына Якубовіч.
Зьлева направа: Агнешка Голянд, Мікалай Халезін і акторка Свабоднага ттэатру Марына Якубовіч.

Сузаснавальніца тэатру Натальля Каляда адзначыла, што Свабодны тэатар ужо 17 гадоў зьяўляецца адным зь лідэраў культурнага супраціву ў Беларусі.

«17 гадоў ён стаяў і працягвае стаяць сам-насам з дыктатурай. Тэатар неаднаразова арыштоўвалі разам з гледачамі. Усе акторы прайшлі страту працы і адукацыі. Але мінулы год адзначыўся такімі рэпрэсіямі, якія нам стала абсалютна немагчыма спажываць і ператраўліваць», — сказала Каляда.

Яна згадала леташнія затрыманьні кіраўнічых дырэктараў і акторак тэатру, якія, як і многія беларусы, потым адбывалі арышт у нечалавечых умовах. Па яе словах, тры зь іх утрымліваліся ў малой камэры разам з 36 іншымі жанчынамі.

«Іх распраналі дагала, Сьвятлану [Сугаку] душылі. Прымушалі падпісваць пратаколы, дзе ня быў бачны тэкст і ў якіх было пазначана, што пры наступным арышце ім будзе пагражаць да 8 гадоў турмы».

Агнешка Голянд і Натальля Каляда
Агнешка Голянд і Натальля Каляда

Паводле Натальлі Каляды, некаторыя акторы «Свабоднага тэатру» пакінулі Беларусь — яшчэ і таму, што былі валянтэрамі і дапамагалі семʼям рэпрэсаваных.

Пра свой адʼезд са сьлязьмі на вачах расказала акторка, галоўная гераіня фільму Courage Марына Якубовіч, падкрэсьліўшы, што для яе гэта ўсё яшчэ цяжкая тэма.

Марына расказала, што пакінула Беларусь пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair:

«Я разумела, што ўжо зачыняецца паветраная прастора, і калі мне давядзецца потым зьяжджаць, то гэта ўжо будзе пераход празь мяжу нелегальна».

Марына Якубовіч з сынам
Марына Якубовіч з сынам

У выніку Марына разам зь сямʼёй вылецела на апошнім самалёце зь Менску ў Кіеў.

«І гэта ня быў кампраміс (пра такое рашэньне акторка разважала ў фільме Courage. — РС), бо яшчэ зранку мы схадзілі на плянавы агляд лекара з маім сынам. І праз гадзіну ўжо сабралі ўсё, што маглі, і зьехалі».

«Тэатар павінен працягваць змагацца сваім мастацтвам»

Натальля Каляда падкрэсьліла, што ўсе акторы былі гатовыя ахвяраваць свабодай за сваю грамадзянскую пазыцыю, але адзначыла, што эміграцыя трупы была неабходная, бо дзейнасьць тэатру не павінна была спыніцца.

«Тэатар павінен працягваць змагацца сваім мастацтвам. Толькі робячы нашы новыя спэктаклі і выводзячы іх онлайн, мы будзем у стане знаходзіцца ў кантакце з нашай аўдыторыяй унутры Беларусі», — сказала Натальля.

Яна таксама расказала, якая падтрымка сёньня патрэбная супрацоўнікам тэатру і чаму яны вырашылі працягваць сваю дзейнасьць менавіта ў Польшчы:

«Напрыклад, можна дапамагчы з пражываньнем актораў. Усяго тут нас 25 чалавек разам зь семʼямі, у тым ліку малымі дзецьмі. І, як любому тэатру, нам неабходна месца для рэпэтыцыі і для таго, каб граць спэктаклі, — сказала Каляда. — А ў Польшчы мы апынуліся, таму што тут знаходзіцца Цэнтар беларускай салідарнасьці, які зьяўляецца нашым партнэрам, і мы спадзяёмся на дапамогу».

Мікалай Халезін, Марына Якубовіч і віцэ-прэзыдэнтка Варшавы Альдона Махноўска-Гура.
Мікалай Халезін, Марына Якубовіч і віцэ-прэзыдэнтка Варшавы Альдона Махноўска-Гура.

Віцэ-прэзыдэнт Варшавы Альдона Махноўска-Гура запэўніла, што польскі ўрад ужо на працягу многіх месяцаў аказвае розную падтрымку, у тым ліку сацыяльную, беларусам, якія вымушана пакінулі краіну з прычыны рэпрэсій, і будзе працягваць гэта рабіць да моманту, пакуль сытуацыя ў Беларусі не стабілізуецца.

Магчымыя варыянты дапамогі Свабоднаму тэатру, паводле яе слоў, хутка пачнуць абмяркоўвацца зь ягонымі супрацоўнікамі пры падтрымцы Цэнтру беларускай салідарнасьці.

Пра абавязковую падтрымку рэпрэсаваным беларусам узгадала і рэжысэрка Агнешка Голянд.

«Беларусы сутыкнуліся з рэпрэсіямі, якіх мы ня можам сабе ўявіць і пра якія тут у Польшчы мы можам думаць у катэгорыі рэпрэсій сталінскіх. Таму самае галоўнае — зразумець, што мы, палякі, сябры, павінны рабіць усё, што можам», — сказала яна.

На мерапрыемстве таксама ішла гаворка пра пляны Свабоднага тэатру ў часы эміграцыі.

«Слоган Свабоднага тэатру — „More than theatre“ („Больш чым тэатар“)», — падкрэсьліў Мікалай Халезін. — Мы займаемся практычна ўсім дыяпазонам дзейнасьці, якая можа быць у мастацтве. Ёсьць тэатральная лябараторыя Fortinbras, якая займаецца тэатральнай адукацыяй, і мы будзем гэта працягваць«.

Асаблівы акцэнт, паводле слоў Халезіна, плянуецца зрабіць на творчай адукацыі дзяцей беларускіх уцекачоў. Менавіта яны, на яго думку, і могуць стаць будучымі акторамі Свабоднага тэатру.

«У свой час мы абʼезьдзілі з гастролямі амаль усю Польшчу і здабылі шмат кантактаў, якія зараз пачнём аднаўляць», — сказаў Халезін.

Ён дадаў, што бліжэйшым часам тэатар плянуе прэзэнтаваць у Польшчы спэктакль «Сабакі Эўропы» па рамане Альгерда Бахарэвіча.

«Гэта антыўтопія пра тое, што адбудзецца, калі мы ўсё прайграем. Мы зазірнулі наперад у нэгатыўны варыянт разьвіцьця падзеяў. І я скажу вам, што нічога там добрага няма. Таму нам трэба перамагаць, каб гэты прагноз не рэалізаваўся».

«Які б жудасны час ні быў зараз для грамадзтва, для мастацтва гэта вялікая магчымасьць»

Апошні спэктакль Свабоднага тэатру ў Беларусі, па словах Марыны Якубовіч, адбыўся сёлета 26 красавіка, аднак насамрэч сыграць яго акторы так і не пасьпелі — прыйшла міліцыя, і ўсё давялося адмяніць.

«Пасьля гэтага былі толькі маленечкія закрытыя паказы для сябе, для сваіх актораў, таму што мы баяліся клікаць гледачоў. І таму гэта вялікая радасьць, што мы будзем працягваць граць спэктаклі», — сказала Марына Якубовіч.

Яна дадала, што перажыты вопыт і зьмены, якія адбыліся ў саміх акторах пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў, могуць дапамагчы ім у творчых плянах.

«Які б жудасны час ні быў зараз для грамадзтва, для мастацтва гэта вялікая магчымасьць, таму што шмат новых ідэй, над якімі можна працаваць, і я думаю, што мы ня згубім гэтую [беларускую] „рэальнасьць“, таму што нашыя сем’і бацькі і сябры засталіся ў Беларусі», — сказала акторка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG